У 2007 годзе Рым увайшоў у спіс 11 самых наведвальных гарадоў у свеце, быў трэцім самым наведвальным у Еўрапейскім Звязе, і самым папулярным горадам Італіі[4]. Горад з’яўляецца вельмі прывабным месцам у эканамічным плане з пункту гледжання рэпутацыі і актываў[5]. Яго гістарычны цэнтр уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны[6]. Помнікі і музеі, як то музеі Ватыкана і Калізей знаходзяцца сярод 50 сусветных найбольш наведвальных турыстычных месцаў[7]. У Рыме прайшлі ў 1960 годзе летнія Алімпійскія гульні і ў цяперашні час горад удзельнічае ў барацьбе за права правядзення летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года[8].
Першыя паселішчы на месцы сучаснага Рыма з’явіліся задоўга да традыцыйнай даты заснавання горада.
Царскі перыяд
Згодна з самай распаўсюджанай легендай, браты Ромул і Рэм, народжаныя ад прадстаўніцы роду цароў Альба-Лонга Рэі Сільвіі і бога Марса, выраслі на беразе Тыбра. Аднавіўшы на троне Альба-Лонга законнага кіраўніка — свайго дзеда Нумітара, Ромул і Рэм вярнуліся да Тыбра для стварэння калоніі. Паміж братамі ўзнікла сварка, Ромул забіў Рэма і заснаваў умацаванае паселішча на Палаціне. У I стагоддзі да н.э. было вылічана некалькі дат стварэння Рыма, найбольш вядомая з якіх — 753 да н.э.
Ромул з’яўляецца першым царом Рыма. Усяго традыцыя называе 7 цароў. Цар Сервій Тулій традыцыйна называецца будаўніком вядомай Сервіевай сцяны. Падчас царскай эпохі ў Рыме з’явіліся першыя храмы, у тым ліку Храм Весты і Храм Януса. Паводле звестак гісторыка Цітуса Лівія Сервій Тулій падчас першага перапісу налічыў у Рыме 80 тысяч грамадзян.
Рэспубліканскі лад
Доўгі час горад быў абмежаваны Сервіюсавай сцяной, якая з’яўлялася не столькі фізічнай, колькі сакральнай мяжой горада, для абазначэння мяжы Рыма выкарыстоўваўся тэрмін памерыум. Па меры пашырэння Рымскай дзяржавы былі пракладзеныя дарогі, якія спачатку звязалі Рым з калоніямі ў Італіі, а затым і з аддаленымі правінцыямі.
Цэнтральнай плошчай Рыма стала даліна паміж Палацінам і Квірыналам, вядомая як Форум. Адсюль разыходзіліся важнейшыя вуліцы: via sacra, якая вяла да галоўнай святыні Рыма — храма Юпітэра Капіталійскага. Паралельна ёй, ля падножжа Палаціна, праходзіла via nova і іншыя вулачкі. Іншай важнай плошчай унутры горада быў рынак жывёлы ў Тыбры — Бычыны форум, які размяшчаўся ў самай ажыўленай гандлёвай частцы горада. Па суседстве, але па-за сценамі горада, ляжаў рынак агародніны.
Колькасць храмаў рэспубліканскага Рыма даказвае глыбокую рэлігійнасць рымскага народа, у кожнай частцы горада можна, на падставе далёка няпоўнага падання, налічыць некалькі буйных свяцілішчаў. Таксама ў горадзе знаходзіўся храм старажытнай трыяды Цэрэс, Лібер і Лібера (па-лацінску: Ceres, Liber, Libera), пабудаваны, паводле падання, у 496 годзе да н.э.
У эпоху рэспублікі практычны розум рымляніна быў накіраваны больш за ўсё на павелічэнне і карыснае размяшчэнне капітала. Адсюль шарока выкарыстоўвалася пабудова спехам, з найбольш таннага матэрыялу і ў магчыма большую колькасць паверхаў. Такі характар будаўніцтва быў прычынай сталых скаргаў насельніцтва на прыгнёт кватэрнай платы, нездавальняючага стану горада ў санітарным і эстэтычным стаўленні і страшэнай дарагоўлі месцаў пад пабудовы. Палітычная ўлада не давала месца рэформам у гэтым кірунку. У апошнія смутныя гады рэспублікі большасці грамадзянам было, прытым, не да паляпшэння ўмоў гарадскога жыцця, не да пабудовы новых грамадскіх будынкаў і нават не да падтрымання старых.
З ростам і пашырэннем Рымскай дзяржавы назіралася паступовае змяненне самога горада, які быў ужо сталіцай вялікай імперыі. Пашырэнне памераў Луцыем Карнеліем Сулам і ўзвядзенне новых пабудоў Гнеем Пампеем папярэднічалі дзейнасці Цэзара і Аўгуста. Цэлыя мястэчкі, што ўзніклі ля Тыбра, на Марсавым полі, за porta Capena, па Апіевай дарозе, неабходна было зрабіць юрыдычна часткай горада, у склад якога яны фактычна ўваходзілі. Толькі такім шляхам можна было стварыць людскія ўмовы дзя жыцця ў цэнтры горада, адцягнуць жыццё на ўскраіны і падаць больш прастору для грамадскіх будынкаў у цэнтры.
Імперскія часы
Гай Юлій Цэзар узвёў новы будынак сената і заклаў новую калясальную базіліку на заходнім баку форуму, названай яго імем. Яму ж належыць ідэя стварэння новай тэрыторыю для грамадскіх будынкаў на Марсавым полі і злучэння, побач пабудоў грамадскага і рэлігійнага характару, стары горад ля форума з новым горадам на Марсавым полі. Першая з гэтых ідэй знайшла свой выраз у пабудове порціка для галасаванняў на Марсавым полі (па-лацінску: Saepta Julia), другая — у стварэнні штучных плошчаў (па-лацінску: Fora), якія, у сутнасці, з’яўляліся нічым іншым, як дварамі вакол цэнтральнага храма. Першай з іх быў форум Юлія Цэзара з храмам Венеры-Прамаці Юліеў. Поўнае ажыццяўленне планаў Цэзара знайшлі сваё месца толькі пры Аўгусце, які стварыў новы горад чатырнаццаці кварталаў. Рым з гэтага часу згубіў свой характар ўмацаванага горада, прастора ўсярэдзіне Сервіевай сцяны была канчаткова забудавана, а ў межы горада ўвайшлі прадмесця.
На Рымскім форуме, акрамя рэстаўрацыі і перабудовы храмаў, курыі і базілікі Юлія, Аўгусту належыць пабудова храма Цэзара і новага цэнтра палітычнага жыцця Рыма, якая перайшла на форум і засяродзілася вакол новай народнай трыбуны, новых ростраў. Каля форуму Цэзара паўстаў форум Аўгуста, а паблізу ад яго размясціўся Храм Марса-Мсціўца, чым быў зроблены новы крок да злучэння цэнтра з Марсавым полем. Быў таксама пабудаваны захаваўшыся да нашых дзён Пантэон.
У часы кіравання імператара Нерона ў Рыме адбыўся «вялікі пажар». Горад цалкам быў адбудаваны, на гэты раз больш прыгожа. Шэраг мераў паліцэйскага характару змяніў выгляд вуліц. Новыя дамы мелі больш прыстойны выгляд: адной з мераў Веспасіяна было абавязкова забеспячэнне кожнага дома порцікам, дзякуючы чаму вуліцы атрымлівалі выгляд крытых галерэй. Свабоднай прасторай пасля пажару Флавіі скарысталіся для сваіх манументальных пабудоў. У даліне паміж Палацінам і Эсквілінам паўстаў Калізей, вакол яго — шэраг пабудоў службовага характару.
Дзейнасць першых імператаў бліскучым чынам давяршае Траян, ён канчаткова звязаў шэраг імператарскіх плошчаў з Марсавым полем калясальнай плошчай (па-лацінску: Forum Traianum). Галоўным стварэннем Адрыяна быў Храм Венеры і Ромы на Веліі, узвядзеннем якога было скончана ператварэнне цэнтральнай частцы горада ў шэраг бліскучых пабудоў, якія злучалі форум з Марсавым полем з аднаго боку і з плошчай ля Калізея — з іншай. За Тыбрам Адрыян пабудаваў сабе маўзалей, які існуе па сёння ў выглядзе крэпасці Св. Анёла, там жа паўстаў у гэтыя часы і новы цырк. Імператары вялі актыўнае будаўніцтва грандыёзных тэрмаў.
Пазней будаўніцтва новых будынкаў значна замарудзілася з-за складанага становішча Рымскай імперыі. У канцы III стагоддзя былі ўзведзены новыя ўмацаванні, вядомыя як сцяна Аўрэліяна. Яны ахоплівалі ўвесь парослы горад з яго затыбраўскай часткай. Яны супадалі з мытнай лініяй і збольшага з мяжой памерыума, але ў многіх выпадках у межы сценя былі ўведзеныя і грабніцы. У IV стагоддзі пачынаецца будаўніцтва хрысціянскіх храмаў. Складаны для горада час наступіў у V стагоддзі. У 410 годзе Рым узяў і разрабаваў правадыр вестготаўАларых, у 455 годзе горад жорстка разрабавалі вандалы.
Сярэднявечча
У 476 годзе Адаакр скінуў апошняга заходне-рымскага імператара, але хутка ў сваю чаргу саступіў месца остготуТэадорыху, панаванне якога адзначылася пачаткам шырокай рэстаўратарскай дзейнасцю ў горадзе. Падчас вайны Візантыі супраць остготаў у 536—552 гадах Рым шэсць разоў падвяргаўся аблозе і пераходзіў з рук у рукі. Пры гэтым остгоцкія цары, і ў асаблівасці Тотыла, бралі шматлікіх закладнікаў з ліку жыхароў Рыма, што прывяло да знішчэння самых шляхетных прозвішчаў і паменшыла насельніцтва Рыма да 30—40 тысяч чалавек. На працягу наступных двух стагоддзяў, калі значная частка Італіі была адрынута ад Візантыі лангабардамі, Папы сталі граць значную ролю ў свецкіх справах горада пры намінальным падпарадкаванні слабой Візантыі, гэта значыць равенскаму экзарху.
Нягледзячы на тое, што імператары працягвалі падтрымліваць асобныя будынкі, але з цягам часу большасць грамадскіх будынкаў павольна пачало разбурацца. Разбурэнню будынкаў спадарожнічала выкраданне з іх упрыгожванняў з бронзы, мармуру і іншага каштоўнага матэрыялу. З узвышэннем ролі Папаў усё большую ролю ў горадзе стала гуляць базіліка Святога Пятра і цэнтр горада павольна перамясціўся на Ватыканскі ўзгорак, вакол якога ўжо пры Папе Льву IV ўзводзяцца новыя абарончыя збудаванні.
Старыя будынкі бесперашкодна руйнаваліся, захоўваліся толькі тыя, у якіх знайшлі сабе прытулак хрысціянскія цэрквы або феадальныя крэпасці. Так маўзалей Адрыяна, размешчаны побач з Ватыканскім пагоркам, яшчэ пры пабудове сценаў Аўрэліянам стаў невялікай крэпасцю, а з часам ператварыўся ў непрыступны папскі замак святога Анёла.
Геаграфія
Рым размяшчаецца ў рэгіёне Лацыё ў цэнтральнай Італіі на рацэ Тыбр. Першапачатковае пасяленне было створана на пагорках, якія стаялі ля броду праз раку, які з’яўляецца адзіным натуральным пераходам праз раку ў гэтым раёне. Горад быў пабудаваны на сямі пагорках: Авенцін, Цэлій, Капітолій, Эсквілін, Палацін, Квірынал і Вімінал. Праз сучасны Рым працякае таксама іншая рака Аньенэ, якая ўпадае ў Тыбр на поўнач ад гістарычнага цэнтра горада.
Нягледзячы на тое, што цэнтр горада размяшчаецца ў 24 кіламетрах ад унутранага Тырэнскага мора, тэрыторыя горада з часам пашыралася і горад дарос да берага, дзе зараз у паўднёва-заходняй частцы горада месціца раён Осція. Вышыня цэнтральнай частцы гораду вагаецца ад 13 да 139 метраў над узроўнем мора[9]. Сучасны горад займае агульную плошчу ў 1 285 км², маючы ў сваіх мяжах вялікую колькасць зялёных зон.
Клімат
Рым мае міжземнаморскі клімат паводле кліматычнай класіфікацыі Кёпена[10], што характэрна для міжземнаморскага ўзбярэжжа Італіі. Вясна і восень мяккая. Станам на жнівень, максімальная сутачная тэмпература часта перавышае 30 °C. Традыцыйна, шматлікія кампаніі прывыклі да закрыцця ў жніўня, бо рымляне ў гэты час наведваюць курорты. У апошнія гады, аднак, у адказ на рост турызму і змяненне звычак працы, горад застаецца адкрытымі на працягу ўсяго лета. Сярэдняя максімальная тэмпература ў студзені складае каля 12,9 °C, а ў спякотныя перыяды яна можа быць вышэйшай, але мінімумы меншыя за нуль не з’яўляюцца рэдкасцю да гэтага сезону. Снегапады могуць паўстаць у зімовыя месяцы, але гэтая з’ява назіраецца рэдка[11].
Летні сезон доўжыцца каля 6 месяцаў, з мая па кастрычнік. Два месяцы, красавік і лістапад, з’яўляюцца пераходнымі, у гэты перыяд тэмпература зрэдку бывае вышэй за 20 °C. Снежань, студзень, люты і сакавік з’яўляюцца халоднымі месяцамі, з сярэднімі тэмпературай у 13,1 °C. Сярэдняя адносная вільготнасць складае 74,8 %.