Ерэван (арм.: Երևան) — горад у Арменіі, сталіца краіны. Размешчаны ў левабярэжнай (па рацэ Аракс) частцы Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато, на вышыні над узроўнем мора ад 850 да 1300 м. Праз Ерэван працякае найбуйнейшая рака Арменіі Раздан.
Ерэван — найбуйнейшы горад Арменіі. Насельніцтва складае 1,2 млн чал. (2011). Важнейшы палітычны, культурны, навуковы і прамысловы цэнтр, а таксама галоўны транспартны вузел краіны. 2 аэрапорты: Эрэбуні і Звартноц. Метрапалітэн.
Геаграфія
Ерэван знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Арарацкай раўніны, размешчанай у цэнтральнай частцы Армянскага нагор’я. Плато, на якім размешчаны Ерэван, з трох бакоў акаймавана горамі — на паўночным захадзе знаходзіцца гара Арагац, на поўначы — Канакерскае пласкагор’е, а на ўсходзе — Гегамскія горы. На поўдні Ерэванская катлавіна спускаецца ў даліну ракі Аракс, за якой узвышаецца масіў Вялікага і Малога Араратаў.
Рэльеф Ерэвана адрозніваецца вялікай разнастайнасцю, ваганні вышынь у яго межах дасягаюць 400 метраў. Праз горад, у маляўнічай цясніне, працякае рака Раздан.
Асаблівасці рэльефу, клімат, вывучэнне ружы вятроў на гэтым горным плато ляглі ў аснову першага генеральнага плана Ерэвана, створанага акадэмікам архітэктуры А. Таманянам у 1924 годзе. Паводле гэтага плана Ерэван быў задуманы як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай цэнтра, якая захоўвала кірункі магістраляў, што склаліся гістарычна, і значныя помнікі гісторыі і культуры. Усе наступныя генеральныя планы і праекты забудовы Ерэвана, галоўным чынам, працягвалі ідэі А. Таманяна[4].
Клімат
Ерэван размешчаны ў дзвюх ландшафтных зонах: паўпустынна-пустынная пераважае на вышыні 850—1000 м, сухая стэпавая — вышэй[5]. Штогадовая сярэдняя тэмпература паветра складае 11,8 °C, летам +25 °C, зімой −4-5 °C, абсалютны максімум +42 °C, абсалютны мінімум −31 °C. Штогадовае сонечнае ззянне дасягае ў сярэднім 2700 гадзін[5]. Перыяд без замаразкаў доўжыцца 213—224 дзён. Адносная вільготнасць паветра ад 44-45 % улетку да 70-80 % узімку[6].
Летні сезон доўжыцца больш за 4 месяцы з сухім і гарачым надвор’ем, сярэдняя тэмпература паветра ў жніўні 22-26 °C, віновая тэмпература роўная 41,4 °C. Вятры, якія дзьмуць улетку, становяцца мацнейшымі ў другой палове дня дасягаючы часам 15-20 м/с. Зіма ўмерана халодная: пастаяннае снежнае покрыва ўтвараецца не кожны год. Сярэдняя тэмпература ў студзені −4-6 °C, найменшая тэмпература −31 °C. Вясна кароткая з няўстойлівым надвор’ем. Восені ўласцівае мяккае, сонечнае і зацішнае надвор’е. Сярэднегадавы аб’ём атмасферных ападкаў 250—370 мм. Максімум ападкаў выпадае ў маі[5].
Верхнія пласты глебы разнастайныя: ад шэра-карычневых да пераважных карычневых[5].
Урарцкі цар Аргішці I у 782 да н. э. пабудаваў крэпасць Эрэбуні, з якой і паўстаў сучасны Ерэван (адсюль жа паходзіць і назва горада). Эканамічнае і палітычнае значэнне горада ўзрастае з сярэдзіны 13 ст., калі Ерэван становіцца важным вузлавым пунктам на шляхах з Арарацкай даліны ў Паўночнае Закаўказзе. З 1440 года Ерэван — адміністрацыйны цэнтр Усходняй Арменіі. З 1513 па 1735 год крэпасць і горад шмат разоў падвяргаліся спусташальным нашэсцям персаў і туркаў.
У 1604 годзе Ерэван захоплены войскамі іранскага шаха Абаса I; армянскае насельніцтва сагнана ў Іран, але неўзабаве горад быў адноўлены і стаў цэнтрам Ерэванскага ханства. У 17 ст. у Ерэване назіраецца некаторы эканамічны ўздым. Ерэван становіцца буйным цэнтрам гандлю і рамяства. У выніку руска-іранскай вайны 1826-28 гадах Ерэван быў узяты рускімі войскамі (1 кастрычніка 1827) і ў складзе Усходняй Арменіі па Туркманчайскім дагаворы 1828 года далучаны да Расійскай імперыі. У 1828-40 гадах — Ерэван — цэнтр Армянскай вобласці, затым — павятовы горад, з 1849 года — цэнтр Эрыванскай губерні. Злучаны чыгункай праз Александропаль (цяпер Гюмры) з Тбілісі ў 1902 годзе, а ў 1908 годзе з Джульфай.
У маі 1918 года Ерэван становіцца сталіцай Рэспублікі Арменія. У пачатку снежня 1920 года Ерэван быў захоплены Чырвонай Арміяй; 18 лютага 1921 года ў выніку агульнанацыянальнага паўстання Савецкая ўлада была звергнута, аднак 2 красавіка РСЧА ізноў захапіла Ерэван, на 70 гадоў усталявалася Савецкая ўлада.
З пачатку 1988 года ў Ерэване на плошчы каля Опернага тэатра пачаліся масавыя мітынгі карабахскага руху, якія перараслі ў рух за незалежнасць Арменіі.
↑В. Н. Белый, И. В. Белая-Барсегян. Армения, Энциклопедия путешественника / С. Т. Амбарцумян. — Ереван: Армянская Советская Энциклопедия, 1990. — С. 101 - 144. — 318 с. — 100 000 экз. экз. — ISBN 5-89700-002-6.
↑ абвгClimate conditions(англ.)(недаступная спасылка). Муніцыпалітэт Ерэвана. Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2013. Праверана 24 красавіка 2017.