Аўтобус (скарачэнне ад аўтамабіль-амнібус) — аўтамабіль, які змяшчае больш за 9 чалавек, не ўлічваючы вадзіцеля і прызначаны для перавозкі пасажыраў. У адрозненне ад тралейбуса і трамвая, аўтобус не патрабуе ні падвясных правадоў, ні рэек. Аўтобусы даўжынёй меней 5,5 метраў завуцца мікрааўтобусамі.
У Беларусі аўтобусы вырабляюцца ў Мінску (аўтобусная вытворчасць Мінскага аўтазавода (АМАЗ) ВА "БелаўтаМАЗ"), Лідзе ("Нёман") і Дзяржынску (Эксперыментальна-механічны завод ВА "БелаўтаМАЗ"). У 1990-х зборку венгерскіх "Ікарусаў" ажыццяўляў завод "Амкадор-Пінск".