Парэчкі чорныя

Парэчкі чорныя
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ribes nigrum L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  24488
NCBI  78511
EOL  583204
GRIN  t:31845
IPNI  792873
TPL  kew-2426569

Парэ́чкі чорныя[1][2] (Ribes nigrum) — лістападны куст, від раслін роду парэчкі (Ribes) манатыпнага  (руск.) сямейства агрэставыя (Grossulariaceae)[3]. Пладовая культура.

Дзікарослыя трапляюцца ва ўмеранай вільготнай кліматычнай зоне Еўразіі. Вырошчваюцца шматлікія культурныя сарты. Ягады чорных парэчак багатыя на вітаміны, каштоўная сыравіна для дамашняй перапрацоўкі і кансервавання.

Назва

На Беларусі вядомы народныя назвы расліны: парэчкі чорныя, смарода, смародыня, смуродзіна[4]. У «Краёвым слоўніку Чэрвеньшчыны» згадваецца парэчка чорная[5]. На Смаленшчыне расліна вядома як смарода чорная[6].

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі К. А. М. Ліндмана «Bilder ur Nordens Flora», 1917—1926

Шматгадовыя лістападныя зімаўстойлівыя галінаваныя кусты вышынёю 0,7—2,5 м[3]. Куст складаецца са шматлікіх (да 20 штук) рознаўзроставых галін. Маладыя парасткі апушаныя, бледныя; дарослыя — карычневыя.

Пупышкі бледна-зялёныя, з кармінавым адценнем, даўжынёй 4—10 мм, развіваюцца пад восень і зімуюць на галінах[3]. Лісце чаранковае, даўжынёй і шырынёй 3—5[7] (да 12) см, з вышчарбленымі бакамі, трох-пяцілопасцевае, лопасці звычайна шырока-трохвугольныя, сярэдняя пласціна нярэдка выцягнутая, зверху цьмяная, цёмна-зялёная, голая, знізу па жылках апушаная[3].

Каранёвая сістэма мае добра сфарміраваную шкілетную частку. Асобныя вертыкальныя карані дасягаюць 1,5—2 м у глыбіню, а гарызантальныя распаўсюджваюцца на 1—1,5 м ад цэнтра куста. Асноўная маса каранёў знаходзіцца ў слоі глебы 10—60 см.

Суквецці — гронкі даўжынёй 3—5 (да 8) см, 5—10-кветкавыя[7], якія выходзяць з пазух лісця[3], з голымі або апушанымі кветаножкамі даўжынёй 3—8 мм і прыкветкамі даўжынёй 1—2 мм, форма якіх ад авальнай да лінейна-ланцэтнай. Кветкі даўжынёй 7—9 мм, дыяметрам 4—6 мм, званочкавыя, зеленаватыя[3], ліловыя ці ружавата-шэрыя, звонку большай часткай густа апушаныя. Пялёсткі авальныя. Чашалісцікі адагнутыя вонкі, завостраныя, даволі шырокія.

Плод — ядомая ягада, дыяметрам у сярэднім да 1 см, чорна-бурая або зеленаватая, з глянцавай лупінкай і з 3—37 семачкамі. У 1 кг каля 3330 ягад, або 714.000 семачак. Вага 1 тысячы семачак складае 0,9—1,8 г. Смак ягад кісла-салодкі[3].

Цвіце расліна ў маі—чэрвені[7]. Плоданасіць у ліпені—жніўні[3][7].

Карыятып: 2n=16[8].

Злева направа: Галіна з пупышкамі. Ліст. Кветкі і бутоны. Ягады

Распаўсюджанне і экалогія

Куст парэчак у Мінску

Адна з самых марозаўстойлівых ягадных культур. У прыродзе арэал віду ахоплівае практычна ўсю тэрыторыю Еўропы, еўрапейскую частку Расіі, Сібір (ад Урала да возера Байкал), Казахстан, Кітай і поўнач Манголіі. У Беларусі сустракаецца паўсюдна[7]. Інтрадуцыраваны ў Паўночную Амерыку.

Вільгацелюбівая расліна, блага рэагуе на засухі і спёку. Расце па берагавых зарасніках, у вільготных лясах і іх узлесках, у алешніках, на ўзбалоццях, поплавах і вільготных лугах, адзінкава і невялікімі зараснікамі. Расліна аддае перавагу добра асветленым месцам, хоць мірыцца і з паўценем, але пры гэтым радзей цвіце.

Чорныя парэчкі аддаюць перавагу лёгкім друзлым, добра ўвільготненым урадлівым суглінкам, на глебах з падвышанай кіслотнасцю растуць блага.

Культываванне

Геаграфія

Вытворчасць парэчак і агрэста ў 2005 годзе

Дзікарослыя чорныя парэчкі трапляюцца ў Еўропе і Азіі, з іх былі выведзены культурныя сарты. Іх вырошчвалі на Русі з XI ст., разводзілі ў манастырскіх садах, а таксама ў населеных пунктах. Вырошчванне ў Еўропе, як думаюць, пачалося прыкладна ў апошнія дзесяцігоддзі XVII ст.[9]. Адвар  (руск.) з лісця, кары ці каранёў ужывалі як традыцыйны сродак[10].

Падчас Другой сусветнай вайны большасць відаў садавіны, багатай на вітамін С, напрыклад апельсіны, сталі цяжкадаступнымі еўрапейцам. Таму брытанскі ўрад пачаў заахвочваць вырошчанне чорных парэчках, з багатымі на вітаміны ягадамі і прыдатных да мясцовага клімату, і неўзабаве ўраджай значна павялічыўся. З 1942 года сіроп з чорных парэчак распаўсюджвалі бясплатна для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў, што, магчыма, прычынілася вялікай папулярнасці чорных парэчак як араматызатара ў Вялікабрытаніі[11]. У сучаснай Вялікабрытаніі камерцыйнае вырошчванне цалкам механізавана, налічваюць каля 1400 га парэчкавых садоў; ягады вырошчваюць, у асноўным, па кантрактах з вытворцамі сокаў[12]. Найбольш маштабна чорныя парэчкі вырошчваюць ва Усходняй Еўропе для вытворчасці сокаў і канцэнтратаў[13].

Парэчкі былі папулярныя ў Злучаных Штатах Амерыкі, потым сталі рэдкімі праз забарону ў пачатку 1900-х гадоў, калі расліну прызналі пераносчыкам  (руск.) Cronartium ribicola — грыба, які лічылі пагрозай амерыканскай лесанарыхтоўчай прамысловасці  (руск.)[14]. Федэральная забарона на вырошчванне парэчак была адменена ў асобных штатах у 1966 годзе і была знята ў Нью-Ёрку ў 2003 годзе, праз намаганні садоўніка Грэга Куіна  (англ.). Урэшце, вырошчванне парэчак аднавілі ў Нью-Ёрку, Вермонце, Канектыкуце і Арэгоне[15][16]. Тым не менш, у некалькіх штатах забарона дзейнічае да цяперашняга часу, у тым ліку ў Мэне[17], Нью-Гэмпшыры[18], Вірджыніі[19] і Масачусетсе[20]. Дзякуючы унікальнаму водару і багаццю на поліфенолы  (руск.), харчовыя валокны і незаменныя пажыўныя рэчывы  (руск.), вядомасць і папулярнасць чорных парэчак зноў расце[21].

Японія імпартуе вялікую колькасць новазеландскіх чорных парэчак для ўжывання як біялагічна актыўных дабавак  (руск.), для прыгатавання закусак, прадуктаў функцыянальнага харчавання  (руск.) і хутказамарожанай сыравіны для кулінарнай вытворчасці джэмаў, жэле і іншых прэсерваў[22].

Агратэхніка

Куст парэчак са спелымі пладамі

Размнажаць чорныя парэчкі можна рознымі спосабамі: адраўнелымі або зялёнымі чаранкамі, вертыкальнымі і гарызантальнымі атожылкамі. Для вытворчых мэт пасадачны матэрыял атрымліваюць галоўным чынам з адраўнелых чаранкоў. Гадавальнік для вырошчвання парэчак уключае матачна-чаранковы ўчастак і школку саджанцаў. Пасадачны матэрыял чорных парэчак можа выпускацца ў аднагадовым і двухгадовым узросце. Стандартныя саджанцы павінны мець добра разгалінаваную каранёвую сістэму з даўжынёй асноўных каранёў не менш за 15—20 см, а іх надземная частка складаецца з трох-чатырох парасткаў даўжынёй 30—40 см.[23].

Парэчкі высаджваюць восенню. Глебу пад пасадку рыхтуюць загадзя: уносяць гной ці кампост і мінеральныя ўгнаенні, кіслую глебу вапнуюць. Расліны ў шэрагу размяшчаюць прыкладна праз 50 см, адлегласць паміж радамі 2,5—3 м.

Парэчкі добра растуць і плоданасяць у халодным і ўмераным клімаце на ўрадлівых, чыстых ад шматгадовага пустазелля сугліністых і супясчаных глебах. Больш ураджайныя на глебах з рэакцыяй асяроддзя блізкай да нейтральнай.

Э. М. Лабанаў і А. П. Арсенцьеў адзначалі, што расійскія марозаўстойлівыя сарты парэчак чорных могуць пераносіць маразы да −40 …- 50 ºС у загартаваным стане, еўрапейскія сарты пашкоджваюцца пры −30 …- 35 ºС. Аднак абодвы сарты праяўляюць хуткую рэакцыю на адлігі +2 … + 5 ºС пасля стану арганічнага спакою, пачынаючы са снежня—студзеня і асабліва ў другой палове зімы. Поўная гібель фларальнай зоны пупышкі назіраецца пасля наступных за адлігамі маразоў да −20…-25 ºС[24][25].

Догляд раслін заключаецца ў падтрыманні глебы ў рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Парэчкі падкормліваюць мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі.

Важнае агратэхнічнае мерапрыемства — фарміраванне і абрэзка кустоў. У першыя 3—4 гады яно павінна быць накіравана на стварэнне здаровых і моцных раслін, здольных у наступныя гады даваць рэгулярныя і багатыя ўраджаі. Слабыя парасткі выразаюць, пакідаючы найбольш моцнарослыя галіны. Сфарміраваны куст павінен мець не менш 10—16 галін 1—3-гадовага ўзросту. Старыя галіны выдаляюць.

Шкоднікі і хваробы

Мучністая раса на маладым лісці чорных парэчак
Шклянніца парэчкавая (Synanthedon tipuliformis)

Парэчкі схільныя да шэрагу захворванняў і з’яўляюцца харчовымі раслінамі розных насякомых-шкоднікаў. Былі распрацаваны альбо распрацоўваюцца новыя сарты, каб пераадолець некаторыя з гэтых праблем[26]. Чорныя парэчкі ад шкоднікаў пакутуюць значна менш, чым чырвоныя.

Рэверсія, ці махрыстасць — сур’ёзнае захворванне, якое перадаецца чорным парэчкам парэчкавым пупышкавым кляшчом (Cecidophyopsis ribis). Яно выклікае зніжэнне ўраджайнасці і даволі шырока распаўсюджана ў Еўропе, але рэдка сустракаецца на іншых кантынентах. Сімптомы ўключаюць змену формы лісця ў летні перыяд і набухлыя пупышкі («вялікія бутоны») зімой, кожная з якіх з’яўляецца домам тысячы мікраскапічных кляшчоў[27]. Барацьба са шкоднікам мае абмежаваную эфектыўнасць, моцна пашкоджаныя кусты павінны быць знішчаны. Усе новыя набытыя расліны павінны правярацца на адсутнасць вірусаў[28].

Таксама моцна пашкоджваецца Sphaerotheca mors-uvae, якой не баяцца чырвоныя парэчкі. У большасці выпадкаў вылечыць куст нельга, можна толькі на год стрымаць развіццё хваробы[29].

Від Cronartium ribicola мае патрэбу ў двух альтэрнатыўных гаспадарах  (руск.) для завяршэння свайго жыццёвага цыклу, адным з якіх павінна быць расліна роду парэчкі (Ribes). На чорных парэчках гэтыя грыбы выклікаюць на лісці бледнасць і пазней на ім развіваюцца дробныя аранжавыя пустулы і часам жоўтыя ніткападобныя сляды на некаторых лістах. Ураджай пладоў мала залежыць ад гэтай хваробы, але лісце ападае раней і рост у наступным годзе запавольваецца. Іншы гаспадар — гэта любы від хвоі з падроду Strobus, у якога паразіт выклікае сур’ёзныя захворванні і гібель дрэва для паўночнаамерыканскіх відаў, якія не эвалюцыянавалі разам з іржой[30].

У канцы 1960-х гадоў амерыканская мучністая раса (сфератэка) са звычайнай для гэтага грыба расліны-гаспадара — агрэста — распаўсюдзілася на чорныя парэчкі, што адбылося адначасова па ўсёй Еўропе. У той час сарты чорных парэчак належалі да аднаго віду, і ўсе яны апынуліся няўстойлівымі да захворвання. Хімічнымі сродкамі змагацца з гэтай хваробай цяжка: патаген зноў заражае расліны, як толькі ядахімікаты змываюцца дажджом або разбураюцца пад уздзеяннем сонечных прамянёў. Да пачатку XXI стагоддзя шляхам выкарыстання ў гібрыдызацыі іншых відаў чорных парэчак — носьбітаў генаў імунітэту да амерыканскай мучністай расы былі выведзеныя сарты імунныя і талерантныя да гэтага захворвання[31]. Амерыканская мучністая раса і мучністая раса можа паражаць лісце і верхавіны парасткаў, а грыбы роду Botryotinia выклікаюць гніль пладоў у вільготным сезоне. Парэчкавая і агрэставая стракатасць лісця парэчкі  (польск.), якую выклікае Drepanopeziza ribis — гэта яшчэ адна хвароба чорных парэчак, але яна звычайна не з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, паколькі большасць сучасных сартоў маюць да яе рэзістэнтасць[32].

Парэчкавая пупышкавая моль (Lampronia capitella) адкладвае яйкі ў мякаць зялёных ягад, лічынкі жывяцца ўнутры і выядаюць насенне, вясной наступнага года ў фазу набракання пупышак вусені выходзяць з месцаў зімоўкі, угрызаюцца ў пупышкі і выядаюць іх змесціва. Лісцем чорных парэчак харчуюцца лічынкі розных матылькоў, у тым ліку Antitype chi. У чорнапарэчкавага лісця мошкі могуць прывесці да пацямнення, абціскання і скажэння лісця на верхавінах парасткаў, але гэта хутчэй касметычны дэфект. Nematus ribesii адкладае свае яйкі на ніжнім баку лісця і пражэрлівыя лічынкі пракладваюць свой шлях уздоўж парасткаў, згрызаючы ліст за лістом. Пры масавых атаках куст можа застацца зусім аголеным. Лічынкі шклянніцы парэчкавай (Synanthedon tipuliformis) свідруюць сабе шлях уздоўж цэнтраў парасткаў, якія вянуць і адміраюць. Сярод іншых насякомых-шкоднікаў можна згадаць прадстаўнікоў надсямейства Coccoidea, тлю і скурыстакрылых[30].

Раслінная сыравіна

Сырыя ягады
Харчовая каштоўнасць на 100 г прадукта
Энергетычная каштоўнасць 63 ккал 264 кДж
Вада81,96 г
Бялкі1,4 г
Тлушчы0,41 г
Вугляводы15,4 г

Тыямін (B1)0,05 мг
Рыбафлавін (B2)0,05 мг
Пантатэнавая кіслата (B5)0,398 мг
Пірыдаксін (B6)0,066 мг
Аскарбінавая кіслата (віт. C)181 мг

Кальцый55 мг
Жалеза1,54 мг
Магній24 мг
Фосфар59 мг
Калій322 мг
Цынк0,27 мг

Крыніца: USDA Nutrient database

З лячэбнамі мэтамі ўжываюць ягады, лісце і пупышкі. Як лекавую сыравіну ўжываюць плод парэчак чорных (лац.: Fructus Ribis nigri).

Нарыхтоўка

Збор пладоў праводзяць па меры паспявання, 3—4 разы, у сухое надвор’е, асцярожна, без пашкоджвання[3]. У спякотныя дні збіраць ягады варта раніцай, пасля высыхання расы, і таксама ў канцы дня, калі спёка памяншаецца[3]. У пахмурныя дні ягады можна збіраць увесь дзень пры ўмове іх сухасці[3]. Пры зборы нельга пашкоджваць лісце і галіны[3]. Сушаць у сушылках, спачатку падвяльваючы пры тэмпературы 35—40 ° С, затым дасушваючы пры 55—60 ° С, або ў паветраных сушылках і на гарышчах[3][33].

Лісце збіраюць пасля збору пладоў з сярэдзіны галінак і сушаць у памяшканні, якое добра праветрываецца.

Хімічны склад

У ягадах чорных парэчак змяшчаюцца вітаміны (C (да 400 мг/%[3], па меры паспявання колькасць аскарбінавай кіслаты зніжаецца), B, Р, правітамін A), арганічныя кіслоты (лімонная і яблычная), розныя цукры (у асноўным глюкоза і фруктоза), гліказіды і флаваноіды, пекцінавыя, дубільныя, антацыянавыя (цыянідзін, дэльфінідзін) і азоцістыя рэчывы. Мінеральны склад ягад (у мг/%): натрый — 32, калій — 372, кальцый — 36, магній — 35, фосфар — 33, жалеза — 1,3.

Утрыманне аскарбінавай кіслаты ў іншых частках расліны таксама вельмі высокае: у лісці (пасля збору ягад) — да 470 мг/%, у пупышках — да 175 мг/%, у бутонах да 450 мг/%, у кветках да 270 мг/%.

Лісце чорных парэчак багатае на аскарбінавую кіслату, каратын, фітанцыды, эфірныя алеі.

Фармакалагічныя ўласцівасці

Парэчкі маюць патагонныя, мачагонныя і замацавальныя ўласцівасці. Лісце, пупышкі і плады чорных парэчак аказваюць дэзінфікцыйнае дзеянне, звязанае з эфірнымі алеямі.

Класіфікацыя

Прадстаўнікі

Разнавіднасці

У межах віду вылучаюць дзве разнавіднасці[34]:

  • Ribes nigrum var. europaeum — тыповая форма;
  • Ribes nigrum var. sibirica Е.Wolf — расце ў паўднёвых раёнах Сібіры, горных раёнах і Казахстане.
Формы

Падчас селекцыі быў выведзены шэраг формаў[35]:

  • Ribes nigrum f. aconitifolium Kirchn. — лісце глыбока рассечанае;
  • Ribes nigrum f. apiifolium Kirchn. — лісце глыбока рассечанае, лопасці дваяка-пёрыстыя;
  • Ribes nigrum f. aureo-variegatum hort. — са стракатым лісцем;
  • Ribes nigrum f. chlorocarpum Spaeth — плады зялёныя;
  • Ribes nigrum f. reticulatum Nichols. — лісце густа пакрыта жоўтымі стракацінкамі;
  • Ribes nigrum f. xanthocarpum Spaeth — плады жоўтыя ці белаватыя.
Некаторыя сарты
  • 'Сеянец Галубкі' — адзін з самых ранніх сартоў;
  • 'Мінай Шмыроў';
  • 'Беларускія салодкія' — вылучаецца высокай колькасцю аскарбінавай кіслаты;
  • 'Памяці Вавілава' — сорт устойлівы да мучністай расы;
  • 'Кацюша' — вылучаецца высокай ураджайнасцю і добрай транспартабельнасцю ягад;
  • 'Дар Смольяниновой'  (руск.) — ранні буйнаплодны сорт;
  • 'Перун'  (руск.) — позні буйнаплодны сорт;
  • 'Bong up Black' — буйнаплодны сорт англійскага паходжання;
  • 'Ogdens Black Currant' — падобны да папярэдняга;
  • 'Cassis de Maples' — неапалітанскі сорт;
  • 'Русская Крупноплодная Огородная' — цягавітая расліна, але з ягадамі сярэдняй велічыні;
  • 'Victoria' — з дробнымі ягадамі;
  • 'Жёлтоплодная' — ягады, якія найбольш падыходзяць для налівак;
  • 'Борцоволистная' — з буйнымі ягадамі і глыбокарассечаным лісцем;
  • 'Пёстролистная' — з дробнымі ягадамі і буйнымі, спярэшчанымі белымі палоскамі, лісцем — дэкаратыўная расліна.
  • 'Караидель' — з буйнымі ягадамі сярэдняй масы 1,2 г., лісце цёмна-зялёнае, матавае, маршчыністае.

Таксанамія

Від Парэчкі чорныя ўваходзіць у род Парэчкі (Ribes) сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae) парадку Каменяломнікакветныя (Saxifragales).


  яшчэ 14 сямействаў
(па Сістэме APG III)
 
     
  парадак Каменяломнікакветныя     від Парэчкі чорныя
         
  аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя     сямейства Агрэставыя   род
Парэчкі
   
           
  яшчэ 58 парадкаў кветкавых раслін
(па Сістэме APG III)
  яшчэ каля 150 відаў
   

Значэнне і ўжыванне

Чорныя парэчкі — дэкаратыўны куст, вядомыя формы — стракаталістая і з разразным лісцем.

Дае меданосным пчолам нектар і пылок. Мёдадайнасць дасягае 30 кг з гектара насаджэнняў[36].

Ужыванне ў кулінарыі

Стравы з ягад

У літоўскай кухні  (руск.) пірог з чорнымі парэчкамі — папулярны дэсерт

Плады чорных парэчак кіславата-салодкага смаку[3], але маюць асаблівы моцны, даўкі водар. Надзвычай каштоўныя па багацці ў ягадах вітаміна C. Іх ужываюць свежымі і перапрацаванымі.

З парэчак робяць джэмы і жэле, якія лёгка гатаваць з-за высокага ўтрымання ў ягадах пекціну і кіслот[37]. Для кулінарнага ўжывання плады звычайна гатуюць з цукрам для атрымання пюрэ, якое затым могуць працадзіць праз марлю, каб аддзяліць сок. З яго робяць варэнне, напаўняльнікі чызкейкаў  (руск.), ёгуртаў, марожанага, дэсертаў, сарбетаў  (руск.) і многіх іншых салодкіх страў.

З ягад гатуюць варэнне, павідла, мармелад, пасцілу, ёгурты, начынку для цукерак[7]. Ягады большасці сартоў прыдатныя для хуткага замарожвання. Чорныя парэчкі з’яўляюцца распаўсюджаным інгрэдыентам чырвонай кашы  (англ.), папулярнага кіселепадобнага дэсерта ў паўночнанямецкай і дацкай  (руск.) кухнях[38].

Выключна моцны водар можа быць прыглушаны спалучэннем парэчак з іншай садавіной, такой як маліна і суніцы ў летніх пудынгах  (англ.) або яблыкі ў пірагах і піражках[39].

Парэчкі таксама ўжываюцца пры гатаванні закусак сэйвары  (англ.), бо іх даўкі водар дадае пікантную нотку ў многія соусы, мясныя і іншыя стравы. Гэтыя ягады ўключаны ў некаторыя незвычайныя спалучэнні прадуктаў, іх дадаюць да памідораў і мяты, каб зрабіць салату, ужываюць як дадатак да смажанай бараніны і для суправаджэння морапрадуктаў і малюскаў, з іх робяць соўсы-дыпы  (руск.) для барбекю, змешваючы з маянэзам. У дэсертах парэчкі спалучаюць з бананамі і іншай трапічнай садавіной, камбінуюць з цёмным шакаладам або дадаюць да спецыяльнага фарша  (англ.) пры гатаванні традыцыйнай англійскай каляднай стравы мінспай  (англ.)[40].

Напоі

Лікёр Crème de cassis  (англ.)

З чорных парэчак гатуюць кісялі, сіропы, сокі, настойкі, віны, лікёры,

Сок чорных парэчак ужываюць у сіропах і настойках для надання колеру і водару. Ён фарміруе аснову для розных папулярных лікёраў, сокавых напояў і смузі. Звычайна, змешваецца з яблычным сокам або сокам іншых чырвоных пладоў, напрыклад, з гранатавым і вінаградным. Вымачаныя парэчкі таксама з’яўляюцца асноўным складнікам лікёру для аперытыву Crème de cassis  (англ.)[41], да якога ў сваю чаргу дадаецца белае віно, каб зрабіць Кір  (руск.), ці шампанскае, каб зрабіць Кір Раяль  (англ.).

У Вялікабрытаніі сквош  (англ.) з чорных парэчак часта змешваюць з сідрам, каб зрабіць напой пад назвай англ.: «Cider and black»[42]. Калі яго змешваюць з любым звычайным брытанскім светлым півам, то называюць англ.: «Lager and black». Даданне чорных парэчак да сумесі сідру і лагеру  (бел. (тар.)) завецца англ.: «Diesel»[43] ці англ.: «Snakebite  (англ.) and black»[44]. Кактэйль англ.: «Black 'n' black» можна зрабіць дадаючы невялікую колькасці соку чорных парэчак да пінты стаўту  (бел. (тар.)). Парэчкавы сок часам спалучаюць з малочнай сыроваткай у энергетычных напоях[45].

У Вялікабрытаніі 95 % чорных парэчак вырошчваюць для маркі «Ribena» (брэнд фруктовых сокаў, назва якога паходзіць ад лацінскай назвы чорных парэчак — Ribes nigrum) і падобных ім сокаў і сіропаў[46].

Іншае

Лісце парэчак ужываюць як вострую прыправу пры засолцы гародніны і грыбоў[3]. Маладое лісце ўжываюць у дыетычных цукрапаніжальных салатах і для араматызацыі квасу, сухое лісце — для запаркі гарбаты, дадаюць у соўсы.

Салодкая гарэлка можа быць настояна на лісці, што робіць яе насычана зелянява-жоўтай з даўкімі водарам і смакам. Ягады можна дадаваць падобным жа чынам[47].

У харчовай прамысловасці таксама выкарыстоўваюць пупышкі, з іх гатуюць фруктовую эсенцыю і сіропы[3].

Выкарыстанне ў медыцыне

Высушанае лісце парэчак

У народнай медыцыне свежыя і сухія ягады раяць пры страўнікава-кішачных захворваннях (язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гастрытах з паніжанай кіслотнасцю і інш.), пры парушэнні рытму сардэчнай дзейнасці[48][49].

Высушанае лісце з’яўляецца актыўным у дачыненні дызентэрыйнай палачкі і можа выкарыстоўвацца як дапаможны сродак, які падвышае актыўнасць антыбіётыкаў. Лісце парэчкі ідзе таксама ў склад вітамінных збораў разам з лісцем маліны, брусніц і пладоў шыпшыны.

Чорныя парэчкі выкарыстоўваюць для лячэння і прафілактыкі цынгі і ў комплексе лячэбных мерапрыемстваў пры розных захворваннях, звязаных з крывацечнасцю[3].

Свежыя і перапрацаваныя ягады раяць пасля цяжкіх захворванняў, дзецям, людзям пажылога ўзросту. У выглядзе «сырога» варэння, джэму, соку або адвараў чорныя парэчкі прызначаюць пры С- і Р-гіпавітамінозах, крывацёках, захворваннях крывяносных сасудаў, склерозе, ацёках, пры халестэрынавым атэрасклерозе, моцнай стамляльнасці, напружанай разумовай і фізічнай рабоце, прастудных і шэрагу інфекцыйных захворванняў. Свежыя і перапрацаваныя плады аказваюць вяжучае і мачагоннае дзеянне.

Сок з мёдам п’юць пры бранхітах, ларынгітах, якія суправаджаюцца кашлем і ахрыпласцю, карысны ён і пры гастрытах з паніжанай кіслотнасцю. Ён мае мачагонныя, процірэўматычныя, танізоўныя і процізапаленчыя ўласцівасці. Парэчкі ўжываюць пры лячэнні рэўматызму, захворваннях нырак і мачавога пузыра, падагры, гіпертаніі.

Іншае

Алей насення чорных парэчак з’яўляецца інгрэдыентам у касметычных прэпараты, часта ў спалучэнні з вітамінам Е. З лісця можна атрымаць жоўты фарбавальнік, а плады з’яўляюцца крыніцай для сіняга або фіялетавага фарбавальніка[50].

У культуры

У мастацтве

Чорныя парэчкі малявалі Іаган Адам Шлезінгер  (ням.), Ёхана Хелена Херальт  (руск.), Элізабэт Клэспер і іншыя.

У геральдыцы і філатэліі

На гербе расійскага горада Каргата выяўлена галіна чорных парэчак з ягадамі. Выява чорных парэчак была выкарыстана на паштовых марках Манголіі ў 1968[51] і 1987[52] гадах, Польшчы ў 1974 (серыя, прысвечаная Міжнароднаму кангрэсу садаводства)[53], Балгарыі ў 1991 годзе[54], Швецыі ў 1995 годзе[55], Беларусі ў 2004 годзе, Узбекістана ў 2007 годзе і Босніі і Герцагавіны ў 2015 годзе.

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 111. — 160 с. — 2 350 экз.
  2. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Смородина черная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 97-100. — 200 с. — 130 000 экз.
  4. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  5. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  6. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
  7. а б в г д е Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп. — Мн.: Ураджай, 1981. — 159 с., 16 л. ил.
  8. Жуковский П. М.  (руск.). Культурные растения и их сородичи. — 3 изд.. — Л.: Колос, 1971. — 752 с.
  9. Crops: European Black Currant. Economic plants and their diseases, pests and weeds. AgroAtlas. Праверана 2 чэрвеня 2013.
  10. Grieve, Mrs M.. Currant, black. Botanical.com: A modern herbal (1931). Праверана 3 чэрвеня 2013.
  11. Titmuss, Richard Morris (2001). Welfare and Well Being: Richard Titmuss's Contribution to Social Policy. The Policy Press. p. 85. ISBN 1861342993.
  12. Blackcurrant breeding and genetics(недаступная спасылка). Scottish Crop Research Institute. Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 10 верасня 2013.
  13. Pluta, Stan. The blackcurrant breeding program in Poland, aims and recent improvements(недаступная спасылка). Research Institute of Horticulture, Skierniewice, Poland. Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2013. Праверана 10 верасня 2013.
  14. US Agricultural Research Service Note. Ars.usda.gov. Праверана 6 снежня 2009.
  15. Foderaro, Lisa W.. New York Times. New York Times (16 кастрычніка 2003). Праверана 6 снежня 2009.
  16. USDA Plant profile for Ribes nigrum L., European black currant. Plants.usda.gov. Праверана 6 снежня 2009.
  17. Chapter 1: White Pine Blister, Pine Blister Rust, Quarantine on Currant and Gooseberry Bushes.. Department of Conservation, Bureau of Forestry, State of Maine. Праверана 18 снежня 2009.
  18. NH RSA 227-K, White Pine Blister Rust Control Areas. Gencourt.state.nh.us (1 студзеня 1996). Праверана 6 снежня 2009.
  19. Specialty Crop Profile: Ribes (Currants and Gooseberries)(недаступная спасылка). Virginia Cooperative Extension. Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2013. Праверана 8 верасня 2013.
  20. Currants and Gooseberries: Prohibited Towns in Massachusetts. UMass Extension: Center for Agriculture (1 красавіка 2012). Праверана 4 верасня 2012.(недаступная спасылка)
  21. Addy, Rod (2009-09-09). "Blackcurrants nutrients hailed as opportunity". Nutra. Праверана 2013-06-04.
  22. New Nutrition Business, Japan makes a superfruit out of the humble blackcurrant, 2006(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2010. Праверана 6 снежня 2009.
  23. Асновы 1998.
  24. Лобанов Э. М. Применение метода дифференциального термического анализа при изучении промерзания почек у сибирских сортов плодовых и ягодных культур // Основные направления научного обеспечения отрасли садоводства Сибири : сб. науч. тр.. — Новосибирск: 1991. — С. 54-66.
  25. Арсентьев А. П. Устойчивость смородины чёрной к морозам и весенним заморозкам // автореф. дис. канд. с.-х. наук. — М.: 2000.
  26. Pest and Disease(недаступная спасылка). The blackcurrant. The Blackcurrant Foundation. Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2013. Праверана 8 верасня 2013.
  27. Black Currant Gall Mite(недаступная спасылка). Currant and Gooseberry Pests. USDA/ARS National Clonal Germplasm Repository (1 сакавіка 2000). Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2012. Праверана 9 сакавіка 2013.
  28. Which magazine: Blackcurrant reversion(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2019. Праверана 18 лістапада 2016.
  29. Флора СССР, т. 9 1939, с. 179.
  30. а б Organic Black Currant Production Manual. PEI Horticultural Association. Праверана 2 чэрвеня 2013.(недаступная спасылка)
  31. Астахов А. И. Смородушка, сморода... настоящее и будущее культуры // Наука и Жизнь : журнал. — 2006. — № 7.
  32. Gilbert, E. G. (1970). Soft Fruit Growing. Penguin. pp. 101–118. ISBN 1445512254.
  33. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — М.: Высш. шк., 1990. — С. 238. — ISBN 5-06-000085-0. Архівавана 20 красавіка 2014.
  34. Флора СССР, т. 9 1939.
  35. Деревья и кустарники СССР 1954.
  36. Абрикосов Х. Н. и др. Смородина // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 342. Архівавана 7 студзеня 2012.
  37. Ministry of Agriculture, Fisheries and Food (1968). Home Preservation of Fruit and Vegetables. HMSO. pp. 16–23.
  38. Danish food. Denmark-getaway.com. Праверана 6 чэрвеня 2013.
  39. Slater, Nigel (2010). Tender, vol.2: a cook's guide to the fruit garden. UK: Fourth Estate. p. 592. ISBN 0007325215.
  40. Blackcurrants: Basics of cooking(недаступная спасылка). New Zealand Blackcurrant Co-Operative. Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2013. Праверана 4 чэрвеня 2013.
  41. Hamilton, Andy (2012-07-11). "Andy Hamilton's delicious homemade creme de cassis". The Guardian. Праверана 2013-06-01.
  42. Schultz, Alex. Cider & Black Cocktail Recipe(недаступная спасылка). Alex's cocktail recipes. Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2013. Праверана 1 чэрвеня 2013.
  43. Schultz, Alex. Diesel Cocktail Recipe(недаступная спасылка). Alex's cocktail recipes. Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2012. Праверана 1 чэрвеня 2013.
  44. Schultz, Alex. Snakebite Cocktail Recipe(недаступная спасылка). Alex's cocktail recipes. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2013. Праверана 1 чэрвеня 2013.
  45. Jaworska, G.; Sady, M.; Grega, T.; Bernaś, E.; Pogoń, K. (2011). "Qualitative comparison of blackcurrant and blackcurrant-whey beverages". Food Science and Technology International. 17 (4): 331–341. doi:10.1177/1082013210382480. ISSN 1082-0132. PMID 21844063.
  46. Cox, Kenneth; Curtis-Machin, Raoul (2008). Garden plants for Scotland. Frances Lincoln. p. 146. ISBN 071122675X.(недаступная спасылка)
  47. Boylan, Andrew. Currant, black. Incredible Edibles (2007). Праверана 4 чэрвеня 2013.
  48. Black Currant Extract Ribes Nigrum Anthocyanidins(недаступная спасылка). MDidea (28 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2017. Праверана 7 верасня 2013.
  49. Vogl, S.; Picker, P.; Mihaly-Bison, J.; Fakhrudin, N.; Atanasov, A. G.; Heiss, E. H.; Wawrosch, C.; Reznicek, G.; Dirsch, V. M.; Saukel, J.; Kopp, B. (2013). "Ethnopharmacological in vitro studies on Austria's folk medicine - An unexplored lore in vitro anti-inflammatory activities of 71 Austrian traditional herbal drugs". Journal of Ethnopharmacology. 149 (3): 750–71. doi:10.1016/j.jep.2013.06.007. PMC 3791396. PMID 23770053.
  50. Lim TK (2012). Edible Medicinal And Non-Medicinal Plants: Volume 4, Fruits, Edible Medicinal and Non-medicinal Plants. Springer Science & Business Media. p. 39. ISBN 9400740530.
  51. Паштовая марка Манголіі 1968
  52. Паштовая марка Манголіі 1987
  53. Паштовая марка Польшчы
  54. Паштовая марка Балгарыі
  55. Паштовая марка Швецыі

Літаратура

  • Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор акад. В. Л. Комаров; Редактор тома С. В. Юзепчук. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1939. — Т. IX. — С. 252—254. — 540 + XIX с. — 5 200 экз.
  • Деревья и кустарники СССР. Дикорастущие, культивируемые и перспективные для интродукции. / Ред. тома С. Я. Соколов. — М.—Л.: Изд-во АН СССР, 1954. — Т. III. Покрытосеменные. Семейства Троходендроновые — Розоцветные. — С. 198—199. — 872 с. — 3 000 экз.
  • Скляревский Л. Я., Губанов И. А. Лекарственные растения в быту. — М.: Россельхозиздат, 1970. — С. 161—162. — 223 с. — 500 000 экз.
  • Гаммерман А. Ф., Гром И. И. Дикорастущие лекарственные растения СССР. — М.: Медицина, 1976. — С. 106. — 288 с. — 415 000 экз.
  • Турова А. Д., Сапожникова Э. Н. Лекарственные растения СССР и их применение. — 4-е изд. стереотип.. — М.: Медицина, 1984. — С. 245—246. — 304 с. — 100 000 экз.
  • Валузнёў А. Р. Парэчкі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз. — С. 127—128
  • Телятьев В. В. Полезные растения Центральной Сибири. — Иркутск: Восточно-Сибирское книжное выдавецтва, 1985. — С. 135—136. — 384 с. — 100 000 экз.
  • Николайчук Л. В., Жигар М. П. Целебные растения: Лекарственные свойства. Кулинарные рецепты. Применение в косметике. — 2-е изд., стереотип.. — Х.: Прапор, 1992. — С. 173—176. — 239 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-7766-0516-4.
  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал.: Ткачоў М. А. (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 629—632. — 731,[1]c. — ISBN 5-85700-079-3
  •  Каравосаў В. Ц., Арлоўскі А. С., Фядотаў У. Л., Лазоўскі А. А. Асновы сельскай гаспадаркі: Вучэб. дапам. у 2 ч. Ч. 2. Паляводства, гароднінаводства, садаводства, жывёлагодоўля. — Пад рэд. У. Л. Фядотава. — Мн.: Ураджай, 1998. — С. 206—210. — 327 с. — ISBN 985-04-0241-5.
  • Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. 718. Ribes nigrum L. — Смородина чёрная // Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во науч. изд. КМК, Ин-т технолог. иссл, 2003. — Т. 2. Покрытосеменные (двудольные: раздельнолепестные). — С. 354. — ISBN 9-87317-128-9.
  • Мазнев Н. И. Энциклопедия лекарственных растений. — 3-е изд., испр. и доп.. — М.: Мартин, 2004. — С. 390—391. — 496 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-8475-0213-3.
  • Смородина чёрная // Лекарственные растения / авторы-сост. И. Н. Пустырский, В. Н. Прохоров. — Мн.: Книжный дом, 2005. — 704 с. — (Большая кніга советов).(недаступная спасылка)

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!