International Plant Names Index (англ.: IPNI — Міжнародны паказальнік навуковых назваў раслін) — сайт у сетцы Інтэрнэт, які забяспечвае доступ да базы даных навуковых (лацінскіх) назваў раслін. Рэсурс створаны з мэтай стандартызацыі інфармацыі, якая ўваходзіць у батанічную наменклатуру. База змяшчае назвы насенных раслін і папараці, якія выкарыстоўваюцца біялагічнай сістэматыкай. Найбольш шырока прадстаўлены назвы таксонаў рангу віду і роду. Запісы базы даных уключаюць асноўныя бібліяграфічныя звесткі пра першасныя крыніцы, якія выкарыстоўвалі гэтыя назвы. Стандартныя скарачэнні (абрэвіятуры) імёнаў аўтараў назваў даюцца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага кодэкса батанічнай наменклатуры і на аснове даных кнігі «Authors of Plant Names»[2], якія абнаўляюцца і дапаўняюцца.
Сайт і база даных створаны сумесна трыма арганізацыямі: Каралеўскімі батанічнымі садамі К'ю (Index Kewensis), Гербарыем Гарвардскага ўніверсітэта (англ.: Harvard University Herbaria) (Gray Herbarium Index[3]) і Аўстралійскім нацыянальным гербарыем (англ.: Australian National Herbarium) (APNI), якія падалі батанічныя звесткі для гэтага рэсурсу.
Сайт пачаў сваю працу ў 1999 годзе. Доступ да інфармацыі, размешчанай у базе сайта, падаецца бясплатна. Рэсурс паведамляе назвы раслін, якія сустракаліся ў навуковых публікацыях, але не рэгламентуе іх выкарыстанне ў батанічнай наменклатуры.
Падобны праект Index Fungorum[4] змяшчае звесткі пра назвы грыбоў.