Помнік Адаму Міцкевічу — бронзавы помнік польскаму паэту беларускага паходжання Адаму Міцкевічу ў Мінску. Помнік быў адкрыты ў 2003 г. (скульптары А. Заспіцкі, А. Фінскі, арх. Г. Фёдараў) у скверы Адама Міцкевіча на Гарадскім Вале непадалёку ад перакрыжавання вуліц Няміга і Раманаўская Слабада.
З ініцыятывай усталяваць помнік у Мінску выступіла польская дыяспара. Як варыянт быў прапанаваны бюст паэта, выкананы яшчэ ў XIX стагоддзі. Аднак з-за таго, што работа была выканана ў выглядзе прысценнай скульптуры, гэта значыць з абрэзанай спіной, і насіла камерны характар, усталяваць яе на вуліцы было немагчыма[1]. У адкрыцці помніка прымалі ўдзел дыпламаты і палітыкі Беларусі і Польшчы, у тым ліку тагачасны старшыня Савета Рэспублікі Генадзь Навіцкі і маршалак Сената Польшчы Лонгін Пастусяк, а таксама паслы абедзвюх краін.