З 1894 па 1896 вучыўся металургіі і машынабудаванню ў Тэхнічным універсітэце ў Шарлотэнбургу. Вывучаў хімію ў Лейпцыгскім універсітэце і ў 1898 атрымаў доктарскую ступень за дысертацыю па праблемах арганічнай хіміі. У 1899 годзе Бош паступіў працаваць на «Бадэнскай анілінавай і содавай фабрыцы» (БАСФ) у Людвігсгафене-на-Рэйне. З 1907 узначальвае ў гэтай кампаніі эксперыментальную лабараторыю і працуе над удасканаленнем метаду фіксавання атмасфернага азоту. Пасля зліцця ў 1925 БАСФ і шасці іншых хімічных кампаній з утварэннем канцэрна «І. Г. Фарбэніндустры» Карл Бош быў прызначаны прэзідэнтам гэтага новага гіганцкага хімічнага аб’яднання. У 1935 Бош стаў старшынёй савета дырэктараў «І. Г. Фарбэніндустры», а ў 1937 — пераемнікам Макса Планка на пасадзе прэзідэнта Таварыства кайзера Вільгельма (цяпер — таварыства Макса Планка) і займаў гэтыя два пасты адначасова. У 1902 Карл Бош ажаніўся з Эльзай Шылбах. Ад гэтага шлюбу ў іх нарадзіліся сын і дачка.
Асноўныя працы
Вывучэнне і ўдасканаленне метаду фіксавання атмасфернага азоту. Укараненне і развіццё метадаў высокага ціску ў хіміі. Распрацоўка метадаў каталізу пры вытворчасці метанолу і гідрагенізацыі вугалю.
Нобелеўская прэмія
Нобелеўская прэмія па хіміі (1931), сумесна з Ф. Бергіусам «за заслугі па ўвядзенні і развіццю метадаў высокага ціску ў хіміі».
Памяць
У гонар Карла Боша ў 2009 г. названы кратар на Месяцы.