Кадмій (лац.: Cadmium) Cd — хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы; атамны нумар 48. Метал серабрыста-белага колеру з сіневатым адлівам.
Прыродны кадмій складаецца з 8 стабільных ізатопаў з атамнымі нумарамі 106, 108, 110—114[2].
У свабодным выглядзе ў прыродзе не сустракаецца. Мінералы — грынакіт CdS, мантэпаніт CdO, атавіт CdCO3— надзвычай рэдкія. Практычна заўсёды ўтрымліваецца разам з цынкам у поліметалічных рудах. Атрымліваецца як пабочны прадукт пры перапрацоўцы цынкавых, свінцова-цынкавых і медна-цынкавых руд.
Асноўныя вытворцы — Кітай, Паўднёвая Карэя, Японія.
У асноўным кадмій ідзе на пакрыццё дэталей (кадміраванне) аўтамабіляў, танкаў, самалётаў, караблёў, паверхня якіх пастаянна падвяргаецца ўздзеянню агрэсіўнага асяроддзя.
Кадмій дадаецца пры вырабе кантактнага (тралейбуснага) дроту для павышэння ўстойлівасці супраць сцірання токапрыёмнікамі.
Вялікая колькасць кадмію ідзе на выраб адмоўных пласцін электрычных акумулятараў (найбольш вядомы — акумулятар нікелева-кадміевы).
З ізатопу кадмію 113Cd, які валодае каласальнай здольнасцю паглынаць цеплавыя нейтроны, робяць аварыйныя стрыжні для атамных рэактараў.
Сульфід CdS і селенід CdSe валодаюць паўправадніковымі ўласцівасцямі.