То́рый[1] (лац.: Thorium) Th — радыеактыўны хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы; атамны нумар 90. Адносіцца да актыноідаў.
Серабрыста-белы метал. Атамная маса 232,0381. Шчыльнасць 11 720 кг/м³. Тэмпература плаўлення 1750 °C. Ступень акіслення +4, радзей +2, +3. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 213—236[1].
Адкрыты ў 1828 годзе Ё. Берцэліусам у адным з сіенітаў у Нарвегіі[1][2]. Назва ад імя бога грому Тора[1][2]. Радыеактыўнасць торыю устанавілі ў 1898 годзе М. Складоўская-Кюры і незалежна ад яе нямецкі хімік Г. Шміт[1].
У прыродзе пашараны 232Th — найбольш доўгажывучы ізатоп з перыядам паўраспаду 14,05 млрд гадоў[1]. Галоўная крыніца торыю — манацыт — мінерал, які ўтрымлівае фасфаты торыю і рэдказямельных элементаў, а таксама аксіды жалеза, крэмнію, інш. Рудой на торый таксама з’яўляецца мінерал тарыт (сілікат торыю)[3].
Сплавы торыю — высокатрывалыя, хімічна ўстойлівыя пры павышаных тэмпературах. З іх вырабляюць дэталі рэактыўных рухавікоў, ракет, гарачатрывалыя тыглі. Торый — перспектыўнае ядзернае паліва (крыніца урану-233). таксама торый выкарыстоўваецца ў якасці каталізатара ў арганічным сінтэзе[2].