Новы замак (Гродна)

Палац
Новы замак
Новы замак
Новы замак
53°40′35,59″ пн. ш. 23°49′26,88″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Архітэктурны стыль ракако, неакласіцызм
Архітэктар Матэвуш Даніэль Пёпельман
Заснавальнік Аўгуст Саксонскі
Будаўніцтва 17371751 гады
Будынкі
палац • брама • кардэгарда • пякарня
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000015шыфр 412Г000015
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Новы замак у Гродне — адзін з буйнейшых помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры сярэдзіны XVIII ст. Размешчаны ў цэнтры Гродна, на правым беразе Нёмана. Пабудаваны як рэзідэнцыя караля і месца правядзення соймаў. З’яўляецца па сваёй архітэктуры прататыпам цэлай тыпалагічнай групы палацаў і сядзіб у Беларусі 2-й паловы XVII ст.

Гісторыя

Новы замак на мал. Н. Орды, XIX ст.
Новы замак у Гродне

Будаўніцтва пачалося ў 1737 годзе па праекце дрэздэнскага архітэктара Матэвуша Даніэля Пёпельмана. Скончана будаўніцтва ў 1751 годзе Іаганам Фрэдэрыкам Кнобелем. Узводзілі палац мясцовыя муляры. Пазней у рэканструкцыях палаца бралі ўдзел І. Х. Яўх, Рыбенька, А. Рашкевіч. У 1780-я гады рэканструкцыю праводзіў Дж. Сака.

У 1793 годзе ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца прайшоў так званы «Маўклівы сойм» — апошні, надзвычайны сойм Рэчы Паспалітай. Яго вынікам стаў другі падзел Рэчы Паспалітай.

Разбураны нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны, перабудаваны ў 1952 годзе па праекце архітэктара У. Вараксіна ў стылі савецкага неакласіцызму. У ім размяшчаўся абласны камітэт КПСС.

Зараз у замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. У 1994 годзе чырвоную зорку са шпіля замка паспрабавалі зняць, каб у будучыні замяніць на флюгер з выявай Святога Губерта і аленя, сімвала Гродна. Гэтаму перашкодзілі абласныя чыноўнікі[1]. У 2009 годзе двор замка ўпрыгожвалі некалькі 50-гадовых акацый, а каля ўваходу блакітныя елкі. Але ў 2010 годзе па ініцыятыве дырэктара гісторыка-археалагічнага музея Юрыя Кетурка праведзена высечка 9 акацый і блакітных елак. Кетурка матываваў сваё рашэнне тым, што «У горадзе павінна быць архітэктура, а не дрэвы» і такім чынам гродзенцаў пазбавілі яшчэ аднаго месца адпачынку.

Да 2019 года ў правае крыло Новага замка займала Гродзенская абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага. У пачатку 2020 года яна адкрылася на вуліцы Карбышава, у былым будынку Нацыянальнага банка.[2] У памяшканнях Новага замка праводзяцца часовыя выставы.[3]

Архітэктура

Стары і Новы замкі ўзімку

Будаўнічае вырашэнне палацавага ансамбля было звязана з прынцыпамі палацава-замкавага феадальнага будаўніцтва тагачаснай эпохі. У структуры гарадской забудовы палац займаў адасобленае становішча. Аднак выключна ўдалы рэльеф мясцовасці надаў яму значэнне адной з апорных кампазіцыйных кропак сілуэтнай лініі правабярэжнай часткі горада. Умовы берагавога рэльефу вызначылі кампактнасць палацавага ансамбля, згрупаванага на невялікім плато. У ансамбль уключаны і службовыя мураваныя пабудовы, якія ствараюць за левым крылом палаца гаспадарчае карэ. Палацавы ансамбль быў створаны паводле барочнай планіровачнай схемы, з самастойнымі службовым і парадным дварамі.

Картуш з гербам Рэчы Паспалітай — частка дэкору арыгінальнага будынка

Буйнамаштабны двухпавярховы аб’ём палаца мае П-падобную ў плане кампазіцыю. Тыповы для палацавых ансамбляў сярэдзіны XVII ст. парадны двор стваралі бакавыя флігелі і ажурная агароджа з цэнтральнай брамай. Да цэнтральнага корпуса прымыкала палацавая капліца, вылучаная ў самастойны аб’ём. Да нашага часу капліца не захавалася. Палац меў мансардавы дах з фігурнымі слыхавымі вокнамі. Цёмна-карычневая чарапіца ў спалучэнні з зялёнай афарбоўкай будынка стварала маляўнічую, каларытную кампазіцыю. Рытм праёмаў фасада ўскладняўся міжпаверхавым пасам квадратных філёнгаў. Павышаная пластыка і дэкаратыўная насычанасць характэрныя толькі для цэнтральнага і бакавых уваходаў. Тут вылучаюцца раскрапоўка спаранымі пілястрамі, тонка прарысаваная арнаментальная ляпніна з гірляндамі, фамільнымі гербамі. Цэнтральны рызаліт галоўнага фасада раскрапаваны спаранымі пілястрамі з капітэлямі, што дэкарыраваны ляпнымі арнаментальнымі гірляндамі ў стылі ракако. Шырокае выкарыстанне асіметрыі, адсутнасць ордэрных элементаў характарызуюць будынак як цікавы помнік архітэктуры.

Планіроўка

Для ўнутранай планіроўкі палаца характэрнае падоўжна-восевае прасторавае вырашэнне цэнтральнай параднай групы памяшканняў, асноўныя з якіх паслядоўна размешчаны на падоўжнай восі плана: вялікі вестыбюль, зала і палацавая капліца. Такім чынам, ужо з вестыбюля раскрываецца планіровачны абрыс залы, а потым працяглая перспектыва капліцы. У бакі ад авальнай залы разыходзяцца анфілады іншых памяшканняў.

Планіроўка вылучаецца і першай у гісторыі архітэктуры Беларусі авальнай залай, якая з боку дваровага фасада выступае акруглым аб’ёмам — характэрнай формай архітэктуры ракако.

Інтэр’ер

Стрымана-строгае вырашэнне экстэр'еру палаца супрацьпастаўлена пышнаму і насычанаму дэкаратыўнай аздобай інтэр’еру. Асабліва вылучаліся Сенатарская і Круглая залы, упрыгожаныя разьбою ў стылі ракако. У 80-я гады XVII ст. інтэр’еры былі распісаны дэкаратарам Манькоўскім. Акруглыя і зрэзаныя вуглы памяшканняў прыстасоўваліся пад каміны і дэкаратыўную скульптуру.

Капліца

Капліца Новага замка

Прамавугольную ў плане капліцу аб’ядноўваў з палацам невялікі пераход. Да тарца капліцы прымыкала двух’ярусная вежа-званіца з гранёным шпілем. Выкарыстанне ў дэкоры капліцы дэкаратыўных ваз, ракавін, апор у форме пальмы, драпіроўкі, гратэскнага арнаменту, скульптурных кампазіцый таксама характэрна для архітэктуры ракако.

Брама

Сфінксы з амурамі на пілонах уяздной брамы

Да нашага часу добра захавалася толькі палацавая брама ў выглядзе праезду, фланкіраванага манументальнымі пілонамі са скульптурнымі групамі сфінксаў і амураў.

Гл. таксама

Літаратура

  • Ф. Д. Гуревич. «Древности Белорусского Понеманья». Ленинград, Изд-во Академии наук СССР, 1962.
  • Walter Hentschel: Die sächsische Baukunst des 18. Jahrhunderts in Polen, Berlin (Ost) 1967, Bd. 1, S. 189 f., S. 285—297, Abb. 58; Bd. 2, Abb. 217-220b, 369—399.
  • Walter May: Das sächsische Bauwesen unter August II. und August III. von Polen, in: Polen und Sachsen — zwischen Nähe und Distanz, Dresden 1997 (Dresdner Hefte; 50), S. 17-26.

Спасылкі

  1. Святы Губерт замест камуністычнага сімвала: як паспрабавалі замяніць чырвоную зорку на Новым замку і чым гэта скончылася . Hrodna.life - навіны Гродна (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
  2. Кулевіч, Руслан. Падарунак да 190-годдзя: абласная бібліятэка адкрылася ў новым будынку . Hrodna.life - навіны Гродна (14 студзеня 2020). Праверана 29 лютага 2024.
  3. Сальвадора Далі пакажуць у Новым замку . Hrodna.life - навіны Гродна (27 лютага 2019). Праверана 29 лютага 2024.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!