Лідскі замак

Замак
Лідскі замак
Лідскі замак (2006)
Лідскі замак (2006)
53°53′13,91″ пн. ш. 25°18′10,2″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Ліда Ліда, вуліца Замкавая, 1
Дата заснавання 1330-я
Дата пабудовы 1330-я
Матэрыял бутавы камень і цэгла
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лідскі замак — замак у горадзе Ліда, пабудаваны ў 1330-я гады паводле даручэння князя Гедзіміна. Уваходзіў у лінію процікрыжацкай абароны Навагрудак — Крэва — Меднікі — Трокі.

Архітэктура і планіроўка

За аснову замка ўзяты тып абарончага збудавання, вядомага пад назвай кастэль. Замак быў збудаваны з бутавага каменю і цэглы, меў у плане форму няправільнага чатырохвугольніка (нагадвае трапецыю, 93,5х83,5х80х84 м) з дзвюмя вуглавымі вежамі, і быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку (вышыня 5—6 м), абкружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка (прыток Лідзеі), з поўначы — ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у XVI—XVII стст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з усходу было ўключана штучнае возера. Асноўнае абарончае значэнне мелі пастаўленыя на невысокім падмурку (70—80 см) сцены вышынёй 12 м, таўшчынёй 1,5—2 м. Уверсе яны пераходзілі ў баявую галерэю, сценка якой была складзена з цэглы (таўшчыня 7 см), мела адзін рад байніц, размешчаных на адлегласці 2,4 м адна на адной. Памост галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі. На паўднёвых і ўсходніх сценах замка на каменных фігурных кансолях стаялі 2 цагляныя прыбіральні — «каморкі патрэбныя».

Ад паўднёва-заходняй вежы (пабудавана ў 1-й палове XIV ст.) захаваліся толькі фрагменты падмуркаў, якія зроблены без перавязкі з замкавымі сценамі, але на адным узроўні з падмуркамі апошніх. Вежа была ў плане квадратная (11,3х11,3 м), падмуркі (шырыня каля 3 м, глыбіня да 70 см) складзены з вялікіх і сярэдніх камянёў, ніжнія рады якіх перасыпаны чырванаватай глінай, верхнія — на вапнавай рошчыне.

Паўночна-ўсходняя вежа (узведзена ў канец XIV—XV стст.) мела выгляд крыху перакошанага рознабаковага чатырохвугольніка (12х12,5х12,3х12,15 м) і была прыбудавана да замкавых муроў без перавязкі. Таўшчыня яе сцен з боку двара дасягала 3 м, дакладка да сцен замка — 83 см. Мела аздоблены фігурнай цэглай арачны ўваход з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны шырынёй 1 м з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове. У паўночнай, усходняй і паўднёывй сценах захаваліся пячныя нішы. Першы паверх быў перакрыты крыжовым скляпеннем. Прасочаны рэшткі драўлянай падлогі. Абедзве вежы былі накрыты шатровымі дахамі і не выступалі за перыметр сцен.

У замак вялі 3 уваходы, 2 з іх — ва ўсходняй сцяне. Меншая брама шырынёй 2,5 м і вышынёй 3 м завяршалася стральчатай аркай і служыла для штодзённага карыстання; большая шырыня каля 4,5 м і вышыня да 6 м выконвала ролю параднай брамы. Над яе паўцыркульнай аркай размяшчаўся ляпны картуш з выявай дзяржаўнага герба ВКЛ «Пагоня». Большы ўваход меў разгрузачную спічастую нішу, прарэзаную ўваходным праёмам меншых памераў. Магчыма, тут быў пад’ёмны мост. Паўднёвая сцяна замка прарэзана на вышыні каля 2 м ад зямлі скразным праёмам з паўцыркульнай аркай — запасным ходам для раптоўных вылазак гарнізона або скрытага выхаду ў крытычныя моманты абароны.

Замкавыя і вежавыя муры складзены ў асноўным з палявых камянёў. Вонкавыя паверхі зроблены з вялікіх валуноў, пакладзеных гарызантальнымі радамі. Прамежкі паміж валунамі запоўнены каменнымі асколкамі на вапнавай рошчыне (цагляныя кліны сустракаюцца вельмі рэдка). У якасці арматуры выкарыстоўвалі драўляныя бэлькі. Цэглу ўжывалі толькі для асноўных элементаў канструкцыі і архітэктурных дэталей. 3 яе выкладзены вуглы замкавых і вежавых муроў, дэкаратыўныя паясы на фасадах сцен, аркі, скляпенні, сценкі байніц. Цагляныя паясы на знешняй паверхні замкавых сцен выкананы ў тэхніцы балтыйскай, або вендскай, муроўкі (чаргаванне 2 лажкоў і тычка).

На замкавым двары размяшчаліся праваслаўная царква (у 1533 г. перанесена ў горад), жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у т.л. дом каменданта замка, казармы, склады, калодзежы, з 1568 — суд, архіў, вязніца. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.

Гісторыя

Узведзены каля 1323 года на сутоку рэк Лідзеі і Каменкі вялікім князем літоўскім Гедымінам. У 1387 г. польскі кароль і вялікі князь літоўскі Ягайла прымаў у замку прысягу ад свайго брата Скіргайлы, полацкага князя. Зімой 1392 года да замка падыходзіла ордэнскае войска.

У 1422 г. у замку адзначаўся шлюб караля Ягайлы з 17-гадовай Сафіяй Гальшанскай.

У ліпені 1506 г. у сценах замка прычасціўся і падпісаў завяшчанне смяротна хворы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр.

У часы караля Жыгімонта Вазы Ліда атрымала магдэбургскае права (1590 г.), але замак заставаўся дзяржаўнай маёмасцю і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Тут знаходзіліся склады зброі, гарнізон. Улетку 1659 г. замак захоплены расійскім войскам пад камандаваннем ваяводы Івана Хаванскага.

У пачатку XVIII ст. шведскія войскі ўзарвалі абедзве вежы. Агулам да таго часу ўмацаванне страціла стратэгічнае значэнне. Сцены яго паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды. Летам 1794 г. у замку вялі бой з царскімі войскамі паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі, замак быў яшчэ мацней разбураны.

Пасля пажару ў Лідзе ў 1891 годзе, калі згарэў цэнтр горада разам з будынкам ратушы XVIII ст., гарадскія ўлады пачалі разборку замкавых муроў, каб прадаць або выкарыстаць матэрыял для адбудовы горада. Са схілаў замкавага пагорка бралі пясок. Тады амаль цалкам былі знішчаны рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабрана частка заходняй сцяны. Аднак звесткі пра гэта дайшлі да Імператарскай археалагічнай камісіі ў Пецярбург, у Ліду быў накіраваны супрацоўнік Камісіі Пётр Пятровіч Пакрышкін, пасля яго дакладу Камісія забараніла разбураць сцены замка. Вывучэннем і кансервацыяй замка займаўся рускі архітэктар-рэстаўратар У. В. Суслаў[1].

У пачатку XX ст. праведзены некаторая ўмацоўвальныя працы. Была створана Будаўнічая камісія па рамонце Лідскага замка. У 1909—1911 гады прыведзены ў належны стан заходняя, паўночная і ўсходняя сцены, паўднёвая сцяна найменш патрабавала рамонту і яго там не праводзілі.

У 1920-я гады, калі па Рыжскай дамове Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы, у Лідскім замку былі праведзены рэстаўрацыйныя работы польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам маладога архітэктара Тадэвуша Буршэ. Былі злучаны каменнай агароджай заходняя і паўднёвая сцены, часткова заклалі разбураны паўднёва-ўсходні вугал і замуравалі бакавыя ўваходы. На месцы разбуранага паўночна-заходняга вугла пабудавалі драўляную браму. Летам у замку часта спыняўся вандроўны цырк або звярынец, зімой пасярэдзіне двара ставілі ёлку і залівалі каток. Летам 1929 г. замак вывучаў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч і прысвяціў яму альбом замалёвак.

22 студзеня 1940 г. Лідскі замак атрымаў статус помніка архітэктуры. У ліпені 1941 года на тэрыторыі замка быў лагер ваеннапалонных 56-й Маскоўскай дывізіі.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі на тэрыторыі замка быў невялікі стадыён, часта спыняўся перасоўны звярынец. У 1953 годзе Лідскі замак уключаны ў спіс помнікаў, узятых пад дзяржаўную ахову, але гэта не спыніла далейшага разбурэння. У 1967 годзе рашэннем мясцовых уладаў Лідскі замак перададзены пад шэфскі нагляд будаўнічаму трэсту № 19. У 1975 г. Лідскі замак як помнік архітэктуры XIV ст., якому неабходна рэстаўрацыя, атрымаў нумар № 129/75. У 1976 г. спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні пры Міністэрстве культуры БССР атрымалі заказ на кансервацыю, а неўзабаве на поўную рэстаўрацыю Лідскага замка.

Рэстаўрацыйныя працы пачаліся ў 1978 г. Меркавалася, што поўная рэстаўрацыя будзе завершана ў 1985 г. Да 1980 былі завершаны паўночная, усходняя і часткова паўднёвая сцены і была блізкая да завяршэння паўночна-ўсходняя вежа. Рэстаўрацыйныя работы не былі завершаны і спыніліся з-за недахопу фінансавання ў сярэдзіне 1990-х гг.

У 2001 г. на дзяржаўным узроўні прынята рашэнне пра распрацоўку праекта першачарговых супрацьаварыйных работ у замку. Праект падрыхтавалі ў 2003 годзе, але сродкаў на яго ажыццяўленне не знайшлі. У 2004 годзе Міністэрства культуры рэкамендавала Гродзенскаму аблвыканкаму разабраць аварыйныя ўчасткі заходняй сцяны і недабудаванай паўднёва-заходняй вежы і разгледзець пытанне далейшага выкарыстання паўночна-ўсходняй вежы. 23 красавіка 2005 г. у замку адбыліся працы падчас агульнарэспубліканскага суботніка.

Новы этап рэстаўрацыі Лідскага замка пачаўся ў 2006 годзе, КУП «Мінскпраект» пачаў праектныя работы. Былі выкананы архітэктурныя абмеры замка. Мэта рэстаўрацыі — вярнуць замку аблічча, які ён мог мець у XIV ст. У студзені 2010 г. стала вядома, што ў верасні ў Лідзе пройдуць «Дажынкі-2010», што паскорыла ажыццяўленне работ. За вясну і лета 2010 г. сцены і паўднёва-заходняя вежа былі дабудаваныя, драўляная галерэя з новымі кансольнымі бэлькамі і брусам, пакрытая дахоўкай, злучыла вежы, замкавы двор быў засыпаны пяском і друзам. Канчатковы тэрмін заканчэння рэстаўрацыі — 2019 год. Замак стаў цэнтрам рыцарскіх фэстаў. Планавалася размяшчэнне музейнай экспазіцыі.

Лідскі замак (2006)
Лідскі замак
Ліда

Аблогі і бітвы

  • 1384 — штурм, узяцце і частковае разбурэнне замак ордэнскім войскам
  • 1392 — аблога, штурм і ўзяцце нямецкімі і англійскімі крыжакамі разам з войскам іх тагачаснага саюзніка князя Вітаўта
  • 1394 — напад атрадаў англійскіх і французскіх крыжакоў
  • 1406 — напад войска смаленскага князя Юрыя Святаславіча
  • 1433 — напад войскаў вялікага князя Свідрыгайлы
  • 1506 — напад загону крымскіх татар
  • лета 1659 — штурм і ўзяцце расійскімі войскамі
  • падчас Паўночнай вайны (1700—1721) — двойчы разбураны шведамі, узарваны вежы
  • 1794 — бой паміж паўстанцамі Касцюшкі, якія бараніліся ў замку, і расійскімі войскамі.

Археалагічныя даследаванні

Археалагічныя даследаванні Лідскага замка праводзілі М. А. Ткачоў (1970), А. А. Трусаў (1977—1978, 1980, 1985), А. К. Краўцэвіч (1986—1987). Ускрыта каля 3260 м² плошчы замкавага двара. Культурны пласт 0,4—0,8 м у цэнтры двара і каля 2 м паблізу паўночнай сцяны. Знойдзены металічныя вырабы (салдацкія абцасныя і конскія падковы, нажы, крэсівы, нажніцы, ключы, замкі, наканечнікі стрэл і арбалетныя балты), шкляны, керамічны посуд (рынкі, гаршкі, збаны, глякі, куфлі, чаркі, кубкі, галеркі і інш.), пакрыты зялёнай палівай або тэракотавы; каменныя ядры ад каменямётаў, вырабы з косці. Трапляюцца заходнееўрапейскія керамічныя вырабы. Сабрана вялікая калекцыя гаршковай (XIV—XVI стст.) і каробчатай кафлі (большасць пакрыта зялёнай палівай) з вонкавымі пласцінамі, аздобленымі раслінным, геаметрычным і сюжэтным арнаментам. Знойдзены сярэбраныя і медныя манеты, у т.л. манеты XIV ст. князёў Кейстута і Вітаўта, грошы XIV ст., соліды XIV ст. і інш.

Галерэя

У філатэліі

Крыніцы

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 290. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).

Літаратура

  • Багласов, С. Г., Трусов, О. А. Историко-архитектурные исследования и реставрация Лидского замка // Вопросы архитектуры Литовской ССР = LIETUVOS TSR ARCHITEKTUROS KLAUSIMAI / Литов. НИИ строительства и архитектуры. Т. 7. Вып. 2. — Вильнюс: Мокслас, 1981. — 126, [2] c.: ил. (руск.)
  • Ткачоў, М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. / М. А. Ткачоў; АН БССР, Ін-т гісторыі; [рэд. П. А. Раппапорт]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — 141, [1] с.
  • Трусаў, А. А. Архітэктурна-археалагічнае даследаванне Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1979. — № 4. — С.
  • Трусаў, А. А. Лідскі замак / А. А. Трусаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 15—16. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Трусаў, А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне = Древних стен возрождение: мінулае і сучаснасць Лідскага замка / А. А. Трусаў; [пер. на рус. Л. В. Пятровіч]. — Мн.: Полымя, 1990. — 78, [1] с.: іл. — (Помнікі беларускага дойлідства). — ISBN 5-345-00307-6.
  • Лі́дскі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 425—426. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Лаўрэш Леанід. Легенды Лідскага замка // Наша слова.pdf № 18 (122), 2 траўня 2024.; № 19 (123), 8 траўня 2024. // на pawet.net

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!