Беларускі вызвольны рух у Аўстраліі, Беларускі вызвольны фронт у Аўстраліі заснаваны на арганізацыйным сходзе ў Мельбурне ў 1952 г. Частка Беларускага Вызвольнага Руху і Беларускага Вызвольнага Фронту. У складзе налічвалася больш як 30 ваенных. Найбольш дзейсны аддзел існаваў у Мельбурне. Галоўнай мэтай меў аб'яднанне беларускіх ваенных для актыўнай грамадскай дзейнасці.
У 1955 г. (згодна з палітычнымі падзеямі ў беларускай паваеннай эміграцыі) замест Руху створаны Беларускі вызвольны фронт з тымі ж задачамі дзейнасці. Фронт скіроўваў сваю дзейнасць на аб'яднанне беларускіх ваенных, рэпрезентацыю Беларусі на міжнародных антыкамуністычных канферэнцыях. БВФ у Аўстраліі з'яўляецца членам Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.
Дзейнасць аддзела БВФ Мельбурна ішла супольна з Беларускім аб'яднаннем у Вікторыі, у шэрагах якога было шмат былых ваенных. Таксама пад апекай аддзела дзейнічала беларуская спартыўная дружына «Зубр» (спачатку футбольная, потым валейбольная).