Інстытут фізіялогіі (руск.: Институт физиологии НАН Беларуси) — даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, створаная ў 1940 годзе ў якасці Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны.
На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзялення медыцынскіх навук НАНБ. Інстытут фізіялогіі ажыццяўляў набор у аспірантуру па 4 спецыяльнасцях: 1) фізіялогія, 2) біяхімія, 3) паталагічная фізіялогія, 4) аднаўленчая медыцына, спартыўная медыцына, лекавая фізкультура, курорталогія і фізіятэрапія. У дактарантуру набіралі па 2 спецыяльнасцях: 1) фізіялогія, 2) паталагічная фізіялогія. Інстытут ажыццяўляў: 1) распрацоўку і выпрабаванне фізіятэрапэўтычнага абсталявання, 2) доследы ў галіне функцыянальных асаблівасцей біялагічна актыўных дадаткаў і харчовых вырабаў, 3) даследаванне значэння будовы і хімічнага стану клетак у парушэннях сардэчна-ссасудзістай сістэмы; 4) ацэнку курортаўтваральных прычын і абгрунтаванне магутнасці і напрамку здраўніцы, 5) біяхімічнае даследаванне крыві і імунітэту ў лабараторыі[1].
Структура
На 2018 год Інстытут фізіялогіі ўключаў цэнтр электроннай і светлавой мікраскапіі і 6 лабараторый: 1) мадуляцыі функцый арганізма, 2) клеткавых тэхналогій, 3) нейрафізіялогіі, 4) навукова-тэхнічнага суправаджэння, 5) фізіялогіі харчавання і спорту, 6) шматпрофільную дыягнастычную[1].
У 2023 годзе у Інстытуце 4 лабараторыі — 1) біялагічнага мадэлявання; 2) медыка-біялагічных тэхналогій і медыцынскай рэабілітацыі; 3) фізіялогіі харчавання і спорту; 4) нейрафізіялогіі; і 2 Цэнтры — 1) электроннай і светлавой мікраскапіі[2]; 2) мозгу[3]
Гісторыя
У 1940 годзе Акадэмія навук БССР утварыла Інстытут тэарэтычнай і клінічнай медыцыны, які ў 1947 годзе перайменавалі ў Інстытут тэарэтычнай медыцыны. У 1953 годзе яго пераўтварылі ў Інстытут фізіялогіі і стварылі аспірантуру. Асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: цэнтральныя і перыферыйныя спосабы тэрмарэгуляцыі, тэмпературная ўстойлівасць арганізма; прызначэнне аферэнтных сістэм твару і іх сувязі з нервовымі асяродкамі; спосабы і будова жыццяздольнасці арганізмаў у залежнасці ад фізіка-хімічных прычын асяроддзя. У выніку ў Інстытуце распрацавалі ўзор нейроннай сеткі (дзейнасці нервовых асяродкаў) на аснове растарможвання нейронаў. Таксама вывучылі хваравітыя станы пры парушэнні спалучэнні тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Даследчыкі Інстытута выявілі ахоўныя ўласцівасці чынніка росту нерваў і эпідэрмісу пры цеплавым і акісляльным стрэсе, уздзеянні іанізуючай радыяцыі. У Інстытуце працавалі акадэмікі Іван Булыгін, Андрэй Дзмітрыеў, Васіль Лявонаў і Даніл Маркаў, а таксама член-карэспандэнтАляксандр Бранавіцкі[4].