Першыя згадкі аб паселішчы адносяцца да 1456 г. У захаваным акце перадачы Яварыўскіх зямель каралём Казімірам IVгаліцкамубаярыну Пятру Шаматульскаму ўказваліся межы: «ад ракі Шкло да крыніцы „Ванячка“ (назва звязана з непрыемным пахам серавадароду) і вакол яго да Шклоўскага лесу».
У 1576 г. мясцовасць наведаў польскі лекар Войцех Ачко. Ён зрабіў першае медыцынскае апісанне лячэбных уласцівасцяў тутэйшых крыніц. Менавіта з гэтага часу Шкло пачынаюць наведваць для лячэння.
Падрабязныя апісанні «вод гаючых» маюцца ў пуцявых нататках нямецкага вучонага Ульрыха фон Вердума, якія ён зрабіў у 1670—1672 гг., падарожнічаючы ў «зямлю рускую» праз Польшчу. У сваім дзённіку даследчык пісаў: «у 1670 г. непадалёк ад вёскі Шкло невялікі пяшчаны пагорак пасля землятрусу з вялікім шумам праваліўся, а з ямы рынула столькі вады, што заліло побач ляжачае поля. Потым на месцы пагорка ўтварылася возера, якое мае каля 600 крокаў па акружнасці, там яшчэ і цяпер можна ўбачыць свежыя абрывы праваленай зямлі. Вада празрыстая і вельмі глыбокая, а на пах і смак аддае салетрою. Без сумневу, што сярністыя крыніцы, якія маюцца тут пад зямлёй і выклікалі гэты землятрус».
Курорт
У пасёлку знаходзіцца бальнеялагічны і гразевы курорт. Серавадародную ваду выкарыстоўваюць для купання, гідракарбанатна-кальцыевую — для піцця. Маецца былы санаторый Міністэрства абароны Украіны, які цяпер выкуплены прыватнай асобай.
Нафтуся-Шкло
Сярод крыніц Шкло з даўніх часоў існуе калодзеж глыбінёй 12 метраў, абсталяваны драўляным шахтавым зрубам. Назву ёй далі «Нафтуся»: ад слова нафта. Сапраўды, змешваючыся з нафтавымі гарызонтамі падземных вод, яна набывае выразны газападобны пах. «Нафтуся-Шкло» ўяўляе сабой маламінералізаваную (0,7 г/л) гідракарбанатна-натрыева-кальцыевую ваду з утрыманнем сярністых вугляводаў, арганічных дабавак, мікраэлементаў (ёд, марганец, жалеза).
Серавадародныя крыніцы
Выкарыстанне серавадародных крыніц паляпшае кровазвароту, асабліва перыферыйнага; прымяняецца для гінекалагічных серавадародных арашэнняў пры хранічных запаленнях і іншых захворваннях; яна спрыяе нармалізацыі артэрыяльнага ціску, павышэнню супраціўляльнасці скуры і слізістых абалонак да розных мікраарганізмаў.
Тарфяніста-мінеральныя лячэбныя гразі
Шклоўская лячэбная гразь — тыповы купарвасны асокава-трасцінавы тарфянік з высокім утрыманнем сульфатаў жалеза і алюмінія, а таксама серавадароду і бітумаў. Гэта абумоўлівае моцную кіслую рэакцыю і высокія лячэбныя ўласцівасці гразі. Лячэбны эфект выяўляецца ў памяншэнні болевага пачуцця, рассмоктванні рубцоў і запаленчых інфільтраў пасля аперацый і ран, гаенне гнойных ран і свіршчоў.
Маляўнічая прырода, чыстае лясное паветра, прыгажосць пейзажаў спрыяюць адпачынку і лячэнню.