Паселішча Вішня ў даліне ракі Вішні вядома з 981 года і з’яўляецца самым старажытным горадам Львоўшчыны. У 1230 годзе паселішча ўпершыню згадвае Галіцка-Валынскі летапіс. Людзі ў гэтым месцы сяліліся задоўга да 981 г., археолагамі знойдзеныя рэшткі паселішча пшэворскай культуры. У Вішні захаваліся валы аднайменнага археалагічнага помніка. Ён даследаваўся у 1957—1962 гг. У заходняй частцы сучаснага горада было выяўлена паселішча X ст. і гарадзішча XI ст. — пачатку XII ст., а ва ўсходняй частцы — гарадзішча XII—XIII ст.
Магдэбургскае права было прадастаўлена Вішні каралеўскім указам у 1368 г., пры гэтым права выкупіць пасаду войта атрымаў Пётр Кмець.
У 1563 г. было заснавана праваслаўнае брацтва. У 1537—1765 гг. горад атрымліваў новыя каралеўскія прывілеі. У сярэдзіне XVI ст. мясцовы прыход страціў частку сваіх прывілеяў і маёмасных правоў, якія ў 1605 г. аднавіў кароль Жыгімонт ІІІ. У 1648—1654 гг. у ходзе Хмяльніччыны мясцовыя жыхары разграмілі панскі маёнтак.
У канцы XVIII — пачатку XIX ст. горад перастаў быць палітычным цэнтрам краю, але пачалі развівацца прадпрыемствы. Працавалі браварні, цагельня, лесапільны завод, млыны, фабрыка керамікі, а таксама канатная, ткацкая, гарбарная, пазументная, ганчарная майстэрні, з 1787 да 1820 года — папяровая вытворчасць.
Манастыр рэфарматаў у Вішні заклалі львоўскі кашталян Ян Семінскі і кіеўскі лоўчы Францішак Завадскі ў 1730 г. Участак зямлі пад будынак падарыў кароль Аўгуст II. Пры манастыры быў касцёл Унебаўзяцця Марыі Панны з вобразам Святога Антонія Падуанскага, пабудаваны вядомым італьянскім архітэктарам Паўлам Фантана.