Ольса — рака ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, Клічаўскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).
Даўжыня ракі 92 км. Плошча вадазбору 1690 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰.
Назва балцкага паходжання, адпачатная балцкая форма назвы — *Alsà[1].
Гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы тыпу Alsa, Alsė, Alseta, Alsinta, Als-upis, латышская Alsava[2].
Ад балцкага «альховага» кораня als- (els-), ад якога літоўскае alksnis, elksnis, латышскае elkšnis, alkšņa «вольха». У іх корань з пазнейшым устаўным -k- і суфіксальным -n-: al(k)s-n-[3]. Далей да індаеўрапейскага el-, ol- «чырвоны, руды»[4].
Магчымая таксама сувязь з бел. альса, алёс, альсе, альсавіна «твань», літоўскім alksna «балаціна».
Назва Ольса значыць «Альховая (рака)», або «Балацінная».
Справа: Нясета, Цімень Злева: Дулебка, Сушанка, Ганчанка, Суша, Кастрычка, Цераболь
Пачынаецца за 3,4 км у напрамку на паўночны ўсход ад вёскі Каменны Барок Бярэзінскага раёна, вусце за 5 км на захад ад аграгарадка Любонічы Кіраўскага раёна. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. У ніжнім цячэнні найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,2 м. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.
Даліна пераважна невыразная, каля горада Клічаў, вёскі Ваевічы і паміж аграгарадкамі Бацэвічы і Заполле Клічаўскага раёнана трапецападобная (шырыня 0,8—1 км). Схілы спадзістыя, вышынёй 2—7 м, месцамі слабапарэзаныя; правы адкрыты, разараны, левы амаль на ўсім працягу парослы мяшаным лесам. Пойма двухбаковая, ніжэй Клічава чаргуецца па берагах (шырыня 0,6—1,5 км), нізкая, месцамі забалочаная; ад вусця Сушы да аграгарадка Заполле Клічаўскага раёна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У разводдзе затапляецца вадой на глыбіню 0,5—1 м тэрмінам да 2 тыдняў.
Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шырыня ракі ў межань 12— 18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, паміж вёскай Ваевічы і аграгарадком Заполле Клічаўскага раёна спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія і абрывістыя.