Мсці́бава[2] (трансліт.: Mscibava, руск.: Мстибово) — вёска ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Гнезна. Уваходзіць у склад Гнезнаўскага сельсавета.
Насельніцтва 287 чал. (2007). Знаходзіцца за 23 км на захад ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыгуначнай станцыі Мсцібава (лінія Ваўкавыск — Бераставіца).
Першае паселішча на месцы Мсцібава — гарадзішча — сфарміравалася ў XII—XIII стагоддзях. У XV стагоддзі згадваецца гаспадарскі двор і вёска Мсцібогаў, якія вялікі князь Казімір перадаў Яну Кезгайлу, старосту жамойцкаму.
У 1492 годзе Мсцібава згадваецца пад цяперашняй назвай, у складзе Ваўкавыскага павета. 3 першай чвэрці XVI стагоддзя зноў уладанне вялікіх князёў. У 1533 годзе каралева і вялікая княгіня Бона ўтварыла Мсцібаўскае нягродавае староства. Старостамі ў розныя часы былі Іван Гарнастай, Валовічы, Весялоўскія, Ракоўскія, Глябовічы, Сапегі, Масальскія, Бжастоўскія, Агінскія. У 1572 і 1576 гадах у мястэчку адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх пастанавілі абраць каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя.
У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Мсцібава і староства істотна пацярпелі: з 543 будынкаў тут засталося толькі 230. Паводле інвентару 1738 года ў мястэчку меліся Рынак, 3 вуліцы (Белская, Гродзенская і Роскі гасцінец), касцёл і грэка-каталіцкая царква Святога Спаса, 2 карчмы. У 1744 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Саксонскі надаў мястэчку магдэбургскае права. Станам на 1775 год — 162 двары, пры замку існавалі карчма, млын, кляштар марыявітак. У 1792 годзе каля мястэчка адбылася бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з кааліцыяй расійскіх войскаў і аддзелаў Таргавіцкай канфедэрацыі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Мсцібава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. Станам на 1836 год у мястэчку было 66 двароў. На 1886 год — 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 рэгулярныя кірмашы. На 1914 год — 208 двароў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Мсцібава апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства.
У 1939 годзе Мсцібава ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам Мсцібаўскага сельсавета (з 28 ліпеня 1967 года ў Гнезнаўскім сельсавеце[3]). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1997 год тут было 186 двароў, на 1 студзеня 2004 года — 175 двароў.
У Мсцібаве працуюць базавая школа, бібліятэка, клуб.