Мараві́ль[1] (трансліт.: Maraviĺ, руск.: Маревиль) — аграгарадок у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Сігневіцкага сельсавета. Размешчана за 17 км ад Бярозы, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.
У 1843 годзе вядома як фальварак у складзе маёнтка Сігневічы, належаў Рамуальду Нейгоф-Лею, які пабудаваў драўляны дом з мансардай (у савецкі час перабудаваны). Быў закладзены парк. У канцы XIX ст. пад назвай Марвіль у Равяціцкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. У 1890 годзе памешчыку разам з іншымі пунктамі належалі 3582 дзес. зямлі.
На 1905 года — фальварак Моравіль, альбо Лубкі. З 1915 года акупіраваны германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы. З 1921 года — у складзе Польшчы. На 1924 года фальварак у Равяціцкай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства. З 1932 года ў Сігневіцкай гміне.
З 1939 года ў БССР. З 1940 года маёнтак у Сігневіцкім сельсавеце.
У 1941—1944 гг. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1950 годзе тут была створана Сігневіцкая МТС (у 1957 пераўтворана ў машынна-меліярацыйную станцыю, з 1961 будаўніча-мантажнае ўпраўленне, з 1981 ПМК-54 трэста «Брэстводбуд»), Паводле перапісу 1959 года — пасёлак ММС.
Планіровачна складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з поўначы на поўдзень, да якой прымыкаюць 2 кароткія завулкі з зах. боку, у паўночнай частцы яшчэ адна кароткая вуліца з усходняга боку.