«Мамчыны сынкі»[7] (італ.: I Vitelloni) — трэці фільм Федэрыка Феліні і трэцяя сумесная праца са сцэнарыстам Эніа Флаяна, знятая ў 1953 годзе. Фільм збольшага з’яўляецца аўтабіяграфічным і засноўваецца на перажываннях Феліні ў маладыя гады падчас знаходжання на радзіме ў Рыміні. Дзеянне фільма адбываецца ў маленькім горадзе на беразе Адрыятычнага мора.
Сюжэт
У фільме паказана гісторыя пяці маладых людзей, якія нарадзіліся ў невялікім прыморскім мястэчку. Іх дзяцінства і юнацтва праходзяць там жа. Пасталеўшы, яны называюць сябе «мамчыны сынкі», бо, нягледзячы на велізарнае жаданне з’ехаць, яны не могуць пакінуць родны горад, бо тут жывуць усе іх родныя.