Касцёл Прасвятой Тройцы — каталіцкі храм у горадзе Глыбокае, Беларусь. Знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, на штучнай насыпной пляцоўцы.
Гісторыя
Троіцкі касцёл у Глыбокім быў закладзены насупраць касцёла кармелітаў ў 1764 г. Пабудаваны з цэглы на месцы прыходскага храма 1628 г., фундаванага ваяводам мсціслаўскім і дзісненскім старостам І. Л. Корсакам. Асвячоны ў 1783 г. біскупам П. Тачылоўскім. Калі ў 1878 г. суседні касцёл кармелітаў быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы, узнікла патрэба пашырыць парафіяльны касцёл св. Тройцы. У 1902—08 г. перабудаваны архітэктарам Ю. Заро.
Асаблівасці архітэктуры
Помнік архітэктуры позняга барока. Першапачаткова меў выгляд 1-нефавага 2-вежавага храма з выцягнутай паўкруглай апсідай. У выніку перабудовы да яго далучаны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало будынку аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. Галоўны фасад насычаны архітэктурнай пластыкай: вязкамі вытанчаных пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі арачнымі праёмамі, высокім франтонам з валютамі па баках і скульптурай «Укрыжаванне» ў арачным праёме. Фасад быў фланкіраваны 2 невысокімі вежамі, якія пры перабудове былі павялічаны на 2 ярусы і набылі, як і цэнтральны фігурны франтон, выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі. Фігурным франтонам увенчана і алтарная сцяна храма. Сцены раскрапаваны пілястрамі і карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі.
Інтэр’ер
У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя — крыжовымі. Сцены крапаваны пілястрамі і карнізным поясам. Над нішамі бакавых нефаў невялікія арнаментальныя ўстаўкі ў вохрыста-аліўкавай гаме. Тры драўляныя разныя алтары выкананы ў стылі барока. Цэнтральны ў 1-м ярусе вырашаны карынфскайкаланадай з дынамічна раскрапаваным антаблементам, скульптурнымі паліхромнымі постацямі святых апосталаў Пятра і Паўла і іерархаў касцёла па баках. Другі ярус уяўляе сабой прамавугольны шчыт з абразом пачатку 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя»; завершаны барэльефнай кампазіцыяй «Глорыя з анёламі». Фератрон «Маці Божая Замілаванне» і «Юзаф з дзіцем» (пачатак 18 ст.), абраз «Святая Сям'я» (1730-я гг.). Над нартэксамхоры з арганам у стылі неаготыкі.
У касцёле знаходзіўся абраз Іасафата Кунцэвіча (120 х 80 см, палатно, алей), які ўяўляў сабой паясную выяву Святога, змешчаную ў авале. Ніжэй знаходзіліся мітра і скрыжаваныя епіскапскі посах і пальмавая галінка. У верхняй частцы абраза, на воблаках, былі прадстаўлены выявы чатырох пуцці[1].
Літаратура
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — 478 с.
Кулагін А. М. З архітэктурнай спадчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн., 1995. — С. 59—73.
Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — Мн., 2008. — 487 с.
Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — 215 с.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с.: іл. —С. 255—256. ISBN 985-04-0499-X