Вельвет (ад англ.: velvet — «аксаміт») — баваўняная тканіна з густым ворсам і падоўжнымі рубчыкамі на адным баку, разнавіднасць корда, але з больш вузкімі рубчыкамі. Тонкі і мяккі вельвет па сваёй фактуры можа нагадваць аксаміт. Выкарыстоўваецца для пашыву адзення, абутку, сумак і г. д.
Гістарычна слова паходзіць ад лац.: vellus, што ў перакладзе значыць «руно», лац.: villus — «пушок», «пучок валасоў», ад тых жа слоў паходзіць «велюр»[1].
Сучасны вельвет можа быць як натуральным баваўняным, так і сінтэтычным або змешаным[2].
Існуе некалькі версій паходжання назваў гэтага матэрыялу. Па адной з іх, такая тканіна ўпершыню з’явілася ў Манчэстэры, адкуль і пайшла назва «манчэстэр», даволі распаўсюджанае для абазначэння класічнага вельвету. У традыцыйнай французскай варыяцыі назва гэтай тканіны гучыць як «corde du roi», або «тканіна караля» за тое, што першапачаткова гэты матэрыял быў вельмі дарагі, а насіць яго маглі сабе дазволіць толькі члены каралеўскай сям’і і іх набліжаныя[3].
Тканіна гэтага тыпу вядомая з Сярэдневякоўя і ў тыя часы адносілася да катэгорыі аксамітных тканін. Тэхналогія вытворчасці вельвету з’яўлялася закрытай і перадавалася ад бацькі да сына ў сямейных мануфактурах[4].
Вельвет мае два асноўных тыпы дзялення на віды — па памеры рубчыка ворса на тканіны і па тыпу перапляцення ніткі.
Як і іншыя ворсавыя тканіны, па тыпу перапляценні ніткі вельвет бывае V-падобны і W-падобны. У першым выпадку нітка ворса ўтрымліваецца адной ніткай асновы, а ў другім — трыма. W-пляценне таму больш даўгавечнае[5].
На вытворчасці вельвет дзеліцца на тры тыпы: корд, рубчык і фасонны вельвет. Усе гэтыя тры тыпы адрозніваюцца паміж сабой па шырыні рубчыкаў і даўжыні ворса. Корд мае шырокі рубчык (5 мм) і высокі ворс, у рубчыку рубчыкі вузей (2—3 мм), ворс карацей. На фасонным вельвеце рубчыкі і ворс рознай вышыні ўтвараюць ўзоры на тканіне[6].
Вельвет з’яўляецца трывалым і зносастойкім матэрыялам[7], пры гэтым патрабавальным асцярожнага догляду.
Натуральны вельвет, як і ўсе натуральныя тканіны, можа даваць значнае ўсаджванне пры няправільным пранні. Сінтэтычны і змешаны вельвет можа электрызавацца і прыцягваць да сябе пыл, выдаляць які лепш за ўсё вільготнай шчоткай.
Пры няправільным захоўванні або пранні ворс вельвету можа замяцца і страціць выгляд.