Смаленскае княства

Гістарычная дзяржава
Смаленскае княства
Герб
Герб
< 
 >
1127 — 1387

Сталіца Смаленск
Афіцыйная мова старажытнаруская мова
Рэлігія праваслаўе
Дынастыя Расціславічы Смаленскія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Смаленскае княства — сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне, якое сфарміравалася ў XII ст. вакол Смаленска. Займала тэрыторыю сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абласцей Расіі, усходнія раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.

Гісторыя

Княства ўтварылася на аснове смаленскай групоўкі крывічоў, якая стала адасоблівацца ў VIII—IX стст. у вярхоўях Дняпра і Дзясны. Размешчаны паміж паўночнай (Ноўгарад) і паўднёвай (Кіеў) Руссю, у IX—X стст. гэты адзіны гісторыка-культурны рэгіён уяўляў сабою адасобленую «Сярэднюю Русь»[1]. У 885 годзе Смаленск падпарадкаваны наўгародскі князь Алегам дарогай на Кіеў.

Палітычнае адасабленне Смаленска пачалося ў XI ст., але да пачатку XII ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. У 1120-я гады з’явілася самастойная дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Смаленская зямля вылучылася ў асобную дзяржаву-княства. Пры Расціславе Мсціславічы (1125—1159), Смаленскае княства дасягала найбольшых памераў. У 1136 годзе ў княстве арганізавана самастойная епархія.

У XII ст. Смаленскае княства пачало ўваходзіць у лік наймацнейшых дзяржаўных утварэнняў Русі. У 2-й палове XII ст. Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую і Наўгародскую землі і за іх кошт павялічыў уласную тэрыторыю. У 1127 годзе Расціслаў Мсціславіч захапіў у Чарнігаўскага княства паўночныя землі радзімічаў — Крычаў, Прапошаск. У выніку другога паходу на землі радзімічаў (1142) ён пашырыў свае ўладанні да ракі Унечы. З 1116 года ў Глеба Менскага былі адабраныя Копысь і Орша. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапілі Віцебск (з 1165 па 1195) і Друцк.

Пры Расціславе Мсціславічы пачалося драбленне Смаленскага княства на ўдзелы. У 1165 г. ён вылучыў «Романови Вячеславлю внуку» Васілеў і Красн. Пры пераемніках Рамана Расціславіча (1159—1180) працэс драблення паскорыўся: у 1180 згадваецца ўдзел у Мсціславе, якім валодаў Мсціслаў Раманавіч, у 1209 — таропецкі ўдзел Мсціслава Мсціславіча Удатнага. У канцы XII — пачатку XIII ст. ўплыў Смаленскага княства на іншыя землі паменшыў. Пасля смерці князя Мсціслава Давыдавіча (1230) пачаўся яго заняпад, абумоўлены ўсобіцамі паміж 2 лініямі смаленскіх князёў — Раманавічамі і Давыдавічамі. У 2-й палове XIII ст. са складу Смаленскага княства вылучыліся Вяземскі і Мажайскі ўдзелы.

Невядома дакладна, ці быў Смаленск захоплены мангола-татарамі падчас іх паходаў у 1238—1240 гады. Мяркуецца, што ён застаўся ў баку ад маршу мангольскіх войскаў і толькі ў 1270-я гады пачаў прызнаваць уладу Арды, якая, аднак, адчувалася тут даволі слаба[2].

Каля 1280 года смаленскія князі Расціславічы садзяць свайго намесніка ў Віцебску, а ў 1290-я гады ім удаецца далучыць Бранскі ўдзел.

У пачатку XIV ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам. Спроба смаленскай цэнтральнай велікакняжацкай улады перашкодзіць дэзінтэграцыйным працэсам і аднавіць страчаныя пазіцыі, зробленая ў 1300 годзе князем Аляксандрам Глебавічам, у адносінах да Дарагабужа скончылася няўдачай[3]. Аднак у 1302 годзе маскоўскія князі захапілі Мажайскі ўдзел[4].

З сярэдзіны XIII ст. на Смаленск пачаліся набегі Літвы. Княства, якое ўсё больш слабела, паступова губляе землі, і Смаленск усё больш трапляе ў залежнасць ад Масквы і Літвы. У пачатку XIV ст. ад Смаленскага княства адышлі да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) землі Падняпроўя, басейн Проні, верхняе Паволжа. Пры князю Іване Аляксандравічы (1313—1358) Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Збліжэнне Смаленска з Літвой выклікала варожую рэакцыю з боку Масквы і Арды — Узбек-хан зімой 1339-40 гадоў высылаў на Смаленск войскі (рускую частку экспедыцыі арганізаваў маскоўскі князь Іван Каліта).

Князь Святаслаў Іванавіч (1358—1386) імкнуўся да захавання незалежнасці Смаленскага княства, але ў выніку паходаў ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на поўдні і поўначы, у т.л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у 1386 годзе, калі смаленскае войска было разбіта ў бітве на рацэ Віхра (пад Мсціславам). Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч (1386—1392) і Глеб Святаславіч (1392—1395) знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вялікі князь Вітаўт у 1395 годзе захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў; Глеб Святаславіч быў адпраўлены ў ВКЛ, а Юрый Святаславіч уцёк у Разань да свайго цесця Алега Іванавіча і з яго дапамогай у 1401 годзе вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў вярнуць горад у 1401, 1402 і 1403 гадах; у 1403 годзе ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць Алега Іванавіча ў 1404 годзе, Вітаўт вярнуў Смаленск: «винных всех… позабивал до троих тысячей, и, абы в Смоленску не было болшей уже бунтов, а княжество обернул в воеводство». Такім чынам, Смаленскае княства было ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

Гл. таксама

Крыніцы

  1. Булкин, В. А. Днепро-двинское пространство — «Серединная Русь» / В. А. Булкин // Петербургский археологический вестник. — 1994. — № 3. — С. 133.
  2. Алексеев Л. В. Смоленская земля в IX―XIII вв. — С. 235
  3. Полное собрание русских летописей. Т. 7. — СПб., 1856. — С. 182
  4. Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 29.

Літаратура

  • Мяцельскі А. А. Смаленскае княства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 41. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Смаленскае княства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 673. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Алексеев, Л. В. Смоленская земля в IX―XIII вв.: очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии / Л. В. Алексеев; [отв. ред. Я. Н. Щапов]; Академия наук СССР, Институт археологии. — М.: Наука, 1980. — 260, [1] с., [2] л. ил., карт
  • Голубовский, П. В. История Смоленской земли до начала XV ст.: Монография П. В. Голубовского. — Киев: Типография Императорского университета Св. Владимира, 1895. — II, 34, 11 с. с 2 л. табл.
  • Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 28 — 37.
  • Мяцельскі, А. Землі Беларусі і Смаленскае княства (IX—XIII стст.) / Андрэй Мяцельскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 17 — 27.
  • Мяцельскі, А. Смаленскае княства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 357. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Сагановіч, Г. М Нарыс гісторыі Беларусі: Ад старажытнасці да канца XVIII ст. / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — 411, [2] с. — ISBN 985-6374-34-2.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!