Неўры ўпершыню згаданы ў 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота, як народ, што жыве «вышэй за скіфаў»:
У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Бо не толькі іх уласная зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Таму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод іх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, вядома, не могуць упэўніць; аднак пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта. Калі скіфы звярнуліся да неўраў па дапамогу супраць персідскага цара Дарыя, тыя адмовіліся і тлумачылі, што не маюць спрэчак з персамі, і не дапамогуць скіфам, якія самі прычынілі вайну.
Вобласць рассялення неўраў Герадот называў Неўрыдай (варыянт перакладу— Неўрская зямля[1]) Суседзямі неўраў па паўночнай мяжы Скіфіі Герадот называў агафірсаў (з боку Істра, то-бок Дунаю) і андрафагаў (з процілеглага боку)
Лад жыцця
Паводле Герадота, неўры мелі скіфскія звычаі[1]. Маглі ведаць уладу цароў; прынамсі Герадот кажа пра збор цароў плямёнаў-суседзяў Скіфіі, у тым ліку неўраў, падчас паходу Дарыя I.
Лакалізацыя
У Новы час шведскі гісторык Олаф фон Далін (XVIII ст.) вызначаў неўраў як «сумесь рас» і лакалізаваў іх месца знаходжання ажно ў Скандынавіі. У XIX ст. славацкі гісторык П. Ё. Шафарык больш рацыянальна размяшчаў неўраў у басейне ракі Нарава, залічваючы іх да славянаў.
Акадэмік балтыст У. Тапароў пагаджаўся з сувяззю назвы неўраў з назвай Нарава, але інакш інтэрпрэтаваў этнічную атрыбуцыю неўраў:
«З’яўляліся сцвярджэнні, што продкамі неўраў маглі быць балцка-славянскія плямёны, але ў самім гэтым дапушчэнні хавалася істотная недакладнасць храналагічнага парадку: у сярэдзіне I тысячагоддзя да нашай эры менавіта балцкія плямёны ўтваралі той этнас, з якога значна пазней пачалі вылучацца будучыя славянскія плямёны, што першапачаткова лакалізаваліся па паўднёвых (збольшага) ускраінах балцкай прасторы».
Ён звязваў неўраў з тэрыторыяй, на якой пазней у пісаных крыніцах вядомыя яцвягі, побач са згаданымі ў Клаўдзія Пталемея ў ІІ ст. н.э. заходнебалцкімі плямёнамі галіндамі і судзінамі (адпаведна, прускае і яцвяжскае плямёны). Апроч геаграфічнай узгодненасці (на крайнім паўночным захадзе ў вядомай грэкам айкумене), назва неўраў праўдападобна параўноўваецца з яцвяжскай назвай ракі Нараў — «Наўра» (Naura), засведчанай у «Яцвяжскім слоўнічку». Таксама размешчанае на старой прускай тэрыторыі, на захад ад яцвяжскай тэрыторыі, возера Кікіты[pl] называлася «Naury» (< Naurai), а над ім вядомая «Нау́рская гара»[2]. У балтаў, у тым ліку ў яцвягаў, нярэдка назвы плямёнаў паходзілі ад рачных назваў.
Беларускі этнограф і краязнавец П. М. Шпілеўскі меркаваў, што неўры насялялі тэрыторыю Беларусі, бо тут найбольш былі пашыраныя ўяўленні пра ваўкалакаў-пярэваратняў.
Савецкі археолаг В. М. Мельнікоўская (1950—1960-я) лічыла неўраў насельніцтвам мілаградскай археалагічнай культуры, якое ў VIII—III ст. да н.э. займала паўднёвы ўсход Беларусі. Яна меркавала, што плямёны мілаградскай археалагічнай культуры прыйшлі на тэрыторыю Беларусі з заходняй часткі Валыні. Гэтую думку падтрымаў акадэмік Б. А. Рыбакоў на падставе таго, што будзіны, да якіх перасяліліся неўры, жылі на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласці, побач з Гомельшчынай.
Беларускі археолаг С. Я. Рассадзін лакалізаваў неўраў у басейне Гарыні (заходняя частка мілаградскага арэала), на яго думку, адтуль неўры рушылі да Паўднёвага Буга — да скіфаў, а ўзгаданне будзінаў — памылка перапісчыка. З ім згодны даследчык скіфскай культуры А. І. Цераножкін. Змеі Герадота, на думку Рассадзіна, азначаюць змены клімату — паніжэнне сярэдніх тэмператур і ўзрастанне вільготнасці (шмат дажджоў, паводкі, забалочванне нізінаў), якія адбыліся ў сярэдзіне VI ст. да н.э. і прымусілі неўраў перасяліцца на сушэйшыя месцы. Паводле Рассадзіна, і на падставе таго, што да неўраў па дапамогу звярталіся скіфы, неўры былі даволі шматлікімі, і даволі моцнымі; не былі дзікунамі, а мелі палітычную арганізацыю — «норавы скіфскія»[3].
Частка беларускіх этнолагаў мяркуе, што доказам месцазнаходжання неўраў на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца пашыранае існаванне гідронімаў з коранем Nar-. Таксама варта ўпамянуць сведчанні Герадота, што неўры кожны год на некалькі дзён быццам ператвараліся ў ваўкоў, а таксама тое, што яны змянілі сваё месца жыхарства з-за змей, якіх шмат там развялося. Навукоўцы, як у доказ гэтаму, сталі прыводзіць беларускія легенды аб ваўках-пярэваратнях і змеях, а таксама «Слова пра паход Ігараў», дзе згадваецца князь Усяслаў Полацкі, які быццам мог ператварацца ў ваўка[4].
Этнамоўная належнасць
Пытанне этнамоўнай належнасці паўночных суседзяў Скіфіі складанае ў прычыны ўрыўкавых і недакладных звестак. Моцны ўплыў скіфаў, адзначаны Герадотам, ставіць пытанне пра магчымую іранамоўнасць часткі суседніх плямёнаў[5]. Большасць даследчыкаў схільны бачыць у неўрах балта-славянскую аснову[6].
Пры вызначэнні этнамоўнай прыналежнасці неўраў часта ўлічваецца фрагмент пра іх обаратніцтве. Павер’і пра ваўкоў-пярэваратняў характэрны для славян, кельтаў і германцаў, асабліва ў фальклоры ўсходніх славян, беларусаў і паўночных украінцаў. У XIX — пачатку XX стагоддзя Павел Шафарык і Любар Нідэрле спрабавалі вызначыць неўраў як продкаў славян, лакалізуючы іх на землях сучаснай Валыні і Падолля.
Аднак уяўленні пра лікантрапію ў балтаў таксама фіксуюцца па сярэднявечных крыніцах. З часам археалагічныя даныя па балцкай культуры прывялі да здагадак пра ўсходнебалцкую належнасці неўраў. Была прапанавана балцкая этымалогія этнонімаў «неўры» і «будзіны». Перасяленне неўраў у землі будзінаў, апісанае Герадотам, можа сведчыць пра ўзаемную роднасці гэтых плямёнаў. Вера неўраў у обаратніцтва таксама мае адпаведнасці ў балцкім этнаграфічным матэрыяле. Павер’і пра ваўкоў-пярэваратняў у насельніцтва Беларусі і поўначы Украіны могуць тлумачыцца нядаўняй славянізацыяй дняпроўскіх балтаў.
Неўры здаецца з’яўляюцца рэшткамі Дзесяці Плямён Ізраіля якіх Салмансер, цар Асірыі, як палонных адвёў з Ханаана… (Калі зразумець што) мова старажытных Фінаў, Саамаў і Эстонцаў падобная на Іўрыт і нават што гэтыя людзі ў старажытныя часы адлічвалі пачатак свайго новага года з першага Сакавіка, і субота была ў іх Шабат, тады зразумела што Неўры па ўсёй імавернасці мелі гэта паходжанне.[7]
Алег Трубачоў інтэрпрэтаваў фрагмент пра обаратніцтва неўраў як сведчанне іх належнасці да кельтаў, зыходзячы з існавання ў Галіі падобнага імем племя неўрыяў і культу ваўка ў кельцкім асяроддзі[8].
↑В. Н. Топоров. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur- : *nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Исследования по этимологии и семантике. Т. 4. Балтийские и славянские языки. Кн. 2. Москва, 2010. С. 453—462.
↑У тагачаснай Скіфіі ўжо склалася рабаўладальніцкая дзяржава.
↑Петрухин В. Я., Раевский Д. С. Очерки истории народов России в древности и раннем средневековье. — 2-е изд., перераб. и доп.. — М.: Знак, 2004.
↑Петрухин В. Я., Раевский Д. С. Очерки истории народов России в древности и раннем средневековье. — 2-е изд., перераб. и доп.. — М.: Знак, 2004. — 416 с. — (Studia historica). — ISBN 5-94457-107-1.
↑Трубачев О. Н. Этногенез и культура древнейших славян: лингвистические исследования. М., 1991. С. 44-45, 219.
Літаратура
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў / Рэд. калегія: А. П. Вайтовіч, А. М. данілаў, А. І. Падлужны, Г. П. Пашкоў, М. Ф. Піліпенка і інш. — Мн.: БелЭн, 2000;
Геродот. История в девяти книгах. — Л.: Наука‚ 1972;
Гісторыя Беларусі: Вучэбна-метадычны комплекс. / Дз. С. Самахвалаў, В. М. Лянцэвіч, С. А. Кізіма, А. А. Крыварот. / Пад агульн. рэд. Дз. С. Самахвалава; Мінскі інстытут кіравання. — Мн.: Выд-ва МІК, 2004;
Нейхардт А. А. Скифский рассказ Геродота в отечественной историографии. — М.: Наука, 1982;
Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2006. — С. 26, 27.
Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!