Ваўкалак

Ваўкалак, ваўкалака — чалавек, ператвораны ў ваўка, пярэварацень.

Ваўкалак ва ўяўленні беларусаў

Паводле ўяўленняў беларусаў ператварэнне можа адбыцца як па ўласнай волі з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі чалавека-чараўніка, так і па яго чарах, скіраваных на аднаго чалавека або групу людзей. Чалавек можа трапіць выпадкова на закляцце, нават уласнае, і стаць ваўкалакам. Ператварэнне па ўласнай волі адбываецца шляхам перакульвання праз уторкнутыя вастрыём уверх у зямлю нажы (іх колькасць у розных паданнях падаецца ад аднаго да дванаццаці — 1, 5, 7, 12). Гэтай жа мэце можа паслужыць асінавы пень, які, ссекшы дрэва, не перахрысцілі. Калі скарыстоўваліся 5 нажоў, то на зямлі іх размяшчалі так, каб яны ўтварылі як бы абрыс ваўка: дзве нагі пярэднія, дзве заднія і адзін хвост. Перакульваючыся паступова праз гэтыя нажы, чалавек з кожным разам набываў рысы звера. Вярнуць чалавечы выгляд можна было толькі адкуліўшыся назад праз тыя ж нажы. Калі парадак прадметаў будзе парушаны ці будуць кімсьці забраныя самі прадметы, то адчараванне становіцца немагчымым. Таму лічылася, што працэдура пераварочвання ў ваўкалакаў павінна адбывацца ў глухім месцы без сведкаў.

Існавала перакананне, што моцны чараўнік можа ператварыць у ваўкалакаў цэлае вяселле, калі ў ім сабрана 12 асоб. Тады чараўнік перакіне праз іх гарошыну, узятую са струка з 12 зернямі, прамовіць таемнае закляцце, і людзі пабягуць ваўкамі. Ператварыць вяселле ў ваўкалакаў чараўнік можа і з дапамогай заклятай ніткі, працягнутай праз дарогу, хамута ды інш. Выпадкам можна трапіць на заклятае месца. Так, чалавек, пачаўшы будаваць хлеў, секануў тры разы па парозе і прамовіў (закляў): «Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!», маючы на ўвазе злодзея, рабаўніка. Аднак, забыўшыся, сам ступіў на тое месца і стаў ваўкалакам, прытым на ўсё жыццё.

Паводзіны ваўкалака вельмі адрозніваюцца ад паводзінаў звычайных ваўкоў: яны жаласна выюць, нібы плачуць ці стогнуць, выюць на ўсход сонца ці ў напрамку сваіх вёсак — гэта іх малітва, яны робяць сабе ўзгалоўі, раніцай мыюцца, водзячы мордамі па роснай траве, вясной капаюцца ў раллі — нібы аруць. Ваўкалакі трымаюцца бліжэй да жытла людзей, не баяцца іх, калі тыя маюць пры сабе толькі палкі, і могуць цярпець іх удары. Не ядуць звычайную ежу ваўкоў — сырое мяса, падлу, нячыстых жывёл, нават галадаючы, а падбіраюць рэшткі людской ежы, косткі, выкінутыя кавалкі скураной вупражы і інш. Ваўкалак можа загінуць ад кулі паляўнічага, тады на ім могуць выявіцца рэшткі вопраткі, крыжык, пярсцёнак ці іншыя знакі яго чалавечай прыроды. Ваўкалакі захоўваюць здольнасць думаць і перажываць па-людску, яны пакутуюць. Калі мінаецца тэрмін чараў, Ваўкалак становіцца чалавекам.

Лічылася, што ваўкалаку можна дапамагчы хутчэй стаць зноў чалавекам. Дзеля гэтага трэба кінуць на яго пояс, накрыць абрусам, на якім асвячалі велікодную ежу, кінуць на яго сваю скінутую і разадраную адным узмахам кашулю, парваць ільняную нітку, пад якой ваўкалак прабег, і інш. Калі ўдзельнікі вяселля сталі ваўкалакамі, то ім трэба зайграць на скрыпцы вясельныя песні, пры гэтым угаворваць: «Ці ня досыць вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць? Ідзіце лепей дамоў!» Як толькі музыка зайграе песню, што ігралі ў момант іх зачаравання, ваўкалакі радасна крычаць і становяцца людзьмі.

Дзеці, народжаныя ў ваўкалацтве, таксама ваўкалакі аж да ператварэння ў людзей іх бацькоў. Але нават ахрышчаныя, яны маюць адмоўныя рысы, акрамя выпадкаў, калі іх ахрысціў святар, які сам пабываў у ваўкалаках.

Стаўленне да ваўкалакаў у народзе было дваістым, аднак пераважае ўсё ж спачуванне, літасць, жаданне дапамагчы вярнуць ранейшы выгляд.

Уяўленні пра ваўкалака шырока распаўсюджаныя ў славянскіх народаў, дзе яны маюць блізкія па гучанні назвы і надзяляюцца падобнымі рысамі. Ваўкалакі стаяць у адным шэрагу з іншымі пярэваратнямі, але паданні пра іх распрацаваныя лепей. Паводле беларускіх народных уяўленняў чалавек можа перакінуцца ў птушку, паўзуна, нават малую казурку ды кожную жывёліну — лісу, мядзведзя, тхара, ласку, у свойскую жывёлу і розныя неадушаўлёныя прадметы, што часта бачым у казках, баладах ды іншых творах.

Традыцыя

Міф пра ваўкалака мае пад сабой розны грунт — найперш старажытную, гэта значыць культавую, сацыяльную традыцыю, успамін пра існаванне архаічных сацыяльных групаў «ваўкоў», а таксама жывыя штодзённыя назіранні за жыццём ваўкоў, з якімі нашым продкам давялося жыць у непасрэднай блізкасці, улічваючы прыродна-экалагічныя асаблівасці нашага рассялення ў лясной зоне. У выніку склаліся пэўныя ўяўленні, правілы паводзінаў, замацаваныя ў сакральных тэкстах і рэальных прыкметах.

Сур’ёзнае стаўленне да ваўка як да годнага суперніка пераадольвалася ў казках, дзе яму адведзеная зніжаная роля. Юраўскія звычаі і абрады сведчаць пра існаванне агульнапрызнаных правілаў добрасуседства ці суіснавання чалавека і ваўка ў адной прасторы («Воўк каля гнязда не бярэ», «Якую скацінку воўк намеціў, тая яму і дастанецца» ды інш.). Існуе шмат успамінаў пра сустрэчы з ваўкамі, калі чалавек і воўк мірна разыходзяцца.

Спачувальнае стаўленне да ваўкалакаў, якія, паводле народных пераказаў, больш пакутавалі, чым прыносілі шкоду, магло быць падказана назіраннем за састарэлымі ваўкамі, што не маглі ўжо здабываць ежу паляваннем і таму цягнуліся да жытла ў пошуках спажытку.

Паданняў пра людзей, што нараджаюцца са здольнасцю ператварэння ў ваўка і такімі застаюцца да смерці, у нас не зафіксавана.

Ваўкалак у беларускай літаратуры

Вобраз ваўкалака выкарыстоўваўся ў беларускай паэзіі ў розных аспектах. Так, Янка Купала звярнуўся да яго, малюючы чалавека-пярэваратня:

"Як змеркне, як ноч дзень зваюе // І зораў паявіцца знак, // Па нівах, па сёлах шнуруе // Туды і сюды ваўкалак. // У поўнач на пні і на сталі // Знімае, ўздзявае свой від; // Не кеміць ні крыўды, ні жалю, // Ні наспаў магільных, ні пліт… " (23)

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!