Русалка

В. Прушкоўскі. Русалкі, 1877

Руса́лкі — персанажы міфалогіі, чалавекападобныя істоты ці духі, што жывуць у вадзе, каля вады або ў лесе.

У заходнееўрапейскай міфалогіі гэта звычайна жанчыны з рыбінымі хвастамі (паводле вонкавага выгляду спадкаемцы старажытнагрэчаскіх трытонаў і сірэн). Вобразы русалак у славянскіх народаў, значна адрозніваюцца. У заходніх славян — гэта гарэзлівыя і вясёлыя стварэнні, у Паўночнай Расіі — злосныя і помслівыя істоты, жанчыны з доўгімі валасамі, жонкі вадзянікоў. У паўднёвых славян русалкі называюцца самадзівамі і віламі, у заходніх — багінкамі, ва ўсходніх — вадзяніцамі, гушкалкамі, ласкатухамі, маўкамі, купалкамі, казыткамі, вадзянамі і маранамі. Для багінкі часам характэрны птушыныя лапы замест ног, а ў самадзівы і вілы — капыты; усе яны маладыя, прыгожыя, у белым адзенні, умеюць лятаць; багінкі неяк звязаныя з ветрам, здольныя пасылаць буру, град; калі разгуляецца навальніца, значыць, багінкі святкуюць нейкае свята.

Усходнеславянскія русалкі — вобраз сінтэтычны. Яны неяк звязаны і з расліннасцю, і з вадой. Можна назваць іх адначасова і духамі прыроды, і душамі памерлых. Напачатку гэта былі, як і ў антычных грэкаў, локусы месца або раслін, духі розных дрэў, рэчак і крынічак — падобна да дрыядаў, наядаў. Цягам часу людзі пачалі лічыць, што русалкі — дзяўчаты-тапельніцы або памерлыя нехрышчонымі дзеці. Звычайна яны хаваюцца ў цёмнай вадзе, але падчас Русальнага тыдня, калі вада максімальна глыбока праграваецца сонцам, перасяляюцца з рачных і азёрных глыбінь у лясы, лезуць на дрэвы. Больш за ўсё русалкі любяць вярбу і бярозу, ноччу яны гушкаюцца на вецці і водзяць вясёлыя карагоды. Там, дзе яны дурэлі, трава зелянейшая і расце лепш.

Русалкі, як і германскія ундзіны, — вобраз эратычны. Часам у ясныя летнія ночы яны сядзяць на берагах вадаёмаў і расчэсваюць свае доўгія зялёныя валасы. Відаць, ад іх валасоў ідзе нейкая незвычайная энергія, якая ўплывае на маладых хлопцаў. Звычайна русалкі зацягваюць свае ахвяры — юнакоў — у ваду і топяць іх. Народныя паданні дапускаюць, аднак, і каханне паміж чалавекам і русалкай.

Казімір Альхімовіч. Свіцязянка, 1898—1900

Да вобразаў русалак не раз звярталіся мастакі і пісьменнікі: Аляксандр Пушкін у драматычнай паэме «Русалка», Леся Украінка ў паэме «Лясная песня», Адам Міцкевіч (XIX ст.) у баладах «Свіцязянка», «Рыбка». Часта сустракаецца вобраз ундзіны ў нямецкіх рамантыкаў; знакамітай стала казка Ганса Хрысціяна Андэрсена «Русалачка» (яе скульптура — сімвал Капенгагена).

У п'есе Канстанцыі Буйло «Кветка Папараць» русалкі — галоўныя персанажы:

"

3 горкі ўніз да Хама спускаюцца русалкі. Валасы іх распушчаныя; белыя свабодныя вопраткі спадаюць да зямлі; на шырокіх рукавах доўгія разрэзы, на галовах — зелень. Наперадзе ідзе адна і трымае ў руцэ Кветку Папараць.

"

У вершы Янкі Купалы «Русалка» чытаем:

"

У ціне, як бледны месяц засвеціцца,
Будзе русалка плаваць, кружыцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.

"

У Максіма Багдановіча:

"

Месяц белы цягне з возера срэбныя сеці.
У іх русалкі заблуталі косы, —
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам: «Засніце».

"

Русалкі баяцца крыжа, круга, часнака, ладану. Але лепшы сродак супраць іх — палын. Ёсць замова ад русалкі:

"

Вадзяніца, лесавіца, шальная дзявіца! Адвяжыся, адкаціся, у мой двор не кажыся. Ступай у раку глыбокую, на асіну высокую. Асіна, трасіся, вадзяніца, уйміся! Я закон прынімаў, златы крыж цалаваў...

"

Літаратура

  • Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданне / Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5.
  • Шамякіна Т. I. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мн.: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!