У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Машынскі.
Казімір Тэафіл Францішак Машынскі (польск.: Kazimierz Teofil Franciszek Moszyński; 5 сакавіка 1887, Варшава — 30 сакавіка 1959, Кракаў)[1] — польскі этнограф, фалькларыст, мовазнаўца. Акадэмік Польскай АH (1938), прафесар Ягелонскага (1926—1935; 1945—1959) і Віленскага (1935—1940) універсітэтаў. Прэзідэнт Польскага народазнаўчага таварыства. Таксама Казімір Машынскі з’яўляўся членам Міжнароднага інстытута антрапалогіі ў Парыжы, Венгерскага этнаграфічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Славянскага інстытута ў Празе, навуковага Угра-фінскага таварыства ў Хельсінкі, правадзейным членам Украінскага навуковага таварыства імя Т. Шаўчэнкі.
Казімір Машынскі займаўся вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Значную частку навуковай спадчыны складаюць працы па даследаванні Палесся, якія, дзякуючы руплівай апрацоўцы сабраных матэрыялаў, з’яўляюцца важнай крыніцай для сучасных даследчыкаў.
Раннія гады
Казімір Тэафіл Францішак Машынскі нарадзіўся 5 сакавіка 1887 года ў Варшаве ў сям’і паштовага чыноўніка Аляксандра-Бернарда Машынскага і настаўніцы нямецкай і французскай моў Клары-Эміліі-Берты (родам з Негрынгаў)[2]. Менавіта ў бацькоўскім доме ў маленькага Казіміра пачала фарміравацца цікавасць да прыроды, краязнаўства, простага народа, якую ён пранёс праз усё жыццё.
Пасля заканчэння рэальнай гімназіі ў Варшаве, дзякуючы прыватнай стыпендыі, Машынскі атрымлівае магчымасць працягваць адукацыю за граніцай, у Швейцарыі — спачатку ў Бернскім (1906—1907), а потым у Фрыбургскім (1908—1909) універсітэтах, дзе вывучае біялогію і агульную фізіялогію. Пасля прыродазнаўства і медыцыны прыйшло захапленне мастацтвам і мастацкай літаратурай, а таксама народнай культурай. Юнацтва было для Машынскага перыядам нястомных пошукаў свайго прызвання. У 1910 г., пакінуўшы ўніверсітэт пасля смерці бацькі, Машынскі пераязджае ў Кракаў і здае конкурсны экзамен у Акадэмію мастацтваў. Трапіўшы на курс выдатнага мастака Юзэфа Мехофера, Машынскі правучыўся ўсяго толькі другі семестр.
Пачатак прафесійнай дзейнасці
Пад уплывам нацыянальнага рамантызму адбываецца абнаўленне ўсіх галін мастацтва і літаратуры, што абудзіла творчыя пачуцці ў Машынскім, які пачынае спрабаваць сілы ў паэзіі. Вялікую цікавасць выклікаў у яго багаты фальклор кракаўскіх вёсак. Машынскі вывучае даследаванні пра мінулае польскай і славянскай культур, а вярнуўшыся ў Варшаву, вырашае ўсур’ёз заняцца этнаграфічнымі даследаваннямі. Тым не менш, гэтым намерам вывучаць край не суджана было здзейсніцца, таму што варшаўскі акружны аддзел асветы ў 1911 г. прысудзіў Машынскаму адпаведную кваліфікацыю, але прашэнне аб пасадзе адхіліў.
Дзеля забяспечэння сувязі з народам і ягонай культурай Казімір Машынскі пачаў працаваць прыватным настаўнікам. У 1911—1914 гадах Машынскі працуе ў маёнтках розных гаспадароў на Украіне і Беларусі, у Польшчы і Жмудзі. Назіранні за народным жыццём склалі аснову артыкулаў, якія змяшчаліся ў такіх часопісах, як «Ziemia», дзе спачатку ён выступаў пад псеўданімам Рускі, і «Materjały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne»[3].
Першай яго друкаванай працай стала публікацыя «Некалькі слоў да моладзі ў справе прыродазнаўчай экскурсіі на наступны год», змешчаная ў часопісе «Wszechświat i Przyroda». У ёй аўтар заклікаў маладых людзей да правядзення мясцовых даследаванняў.
Даследаванне Усходняга Палесся
У 1912 г. падчас знаходжання ў Белацаркоўскім павеце непадалёку ад Кіева Казімір Машынскі пазнаёміўся з упраўляючым маёнтка Стэфаніна Чаславам Пяткевічам. Асабістая сустрэча маладога настаўніка з выдатным знаўцам народнага жыцця на Палессі адыграла вялікую ролю ў лёсе абодвух людзей. Калі б не сустрэча і не наступныя кантакты і ўзаемадапамога, Часлаў Пяткевіч да смерці застаўся б упраўляючым маёнткам ці звычайным чыноўнікам, а яго каштоўнейшыя веды памерлі б разам з ім, так і не знайшоўшы выхаду ў свет[4]. Ураджэнец палескага краю, Часлаў Пяткевіч пражыў там шмат гадоў, з дзяцінства меў добры кантакт з народам. Ён ахвотна пераказваў маладому навукоўцу вядомыя факты і нават па яго просьбе напісаў шэраг этнаграфічных нататак. Казімір Машынскі адзначыў гэта яшчэ ў сваёй першай кнізе «З Украіны»: «Пану Чэславу Пяткевічу за ласкавае прадастаўленне мне шматлікіх звестак пра беларускі люд з аколіц Рэчыцы і Мазыра, а таксама за ахвотную дапамогу пры збіранні этнаграфічных нататкаў на Украіне, выказваю тут сардэчную і гарачую падзяку».
Пад уплывам Часлава Пяткевіча Машынскі ўсур’ёз загараецца ідэяй блізка спазнаць малавядомы край. Перагаворы з Польскім краязнаўчым таварыствам закончыліся паспяхова. Задума Машынскага адносна доўгатэрміновай этнаграфічнай экспедыцыі ў найбольш глухія куткі была сустрэта прыхільна, і неўзабаве энтузіяст атрымаў неабходныя сродкі з касы Мяноўскага ў Варшаве і ўжо ў чэрвені 1914 г. выправіўся ў дарогу.
Пачаць Машынскі вырашыў з Мазырскага павета; гэты край яго вабіў не толькі расказамі Пяткевічам, але і грунтоўным даследаваннем ўраджэнкі гэтых мясцін Эмы Яленскай (Дмахоўскай) «Вёска Камаровічы Мазырскага павета». Экспедыцыя пачалася вельмі ўдала. «Ахоўная грамата», што заўсёды знаходзілася пры Машынскім, дазваляла пазбягаць непаразуменняў, падазронасці і недаверу да незнаёмага чалавека.
Вёска Дарашэвічы, што раскінулася па-над Прыпяццю, найлепш спраўджвала спадзяванні; Машынскі таксама наведваўся ў суседнія вёскі, напрыклад, у Дзякавічы каля Князь-возера.
Першая сусветная вайна
Усе задумы былі спыненыя палітычнымі падзеямі — у жніўні пачалася Першая сусветная вайна. На другі дзень пасля яе абвяшчэння Машынскага адшукалі жандары і, рэвізаваўшы ўсе яго рэчы, загадалі пад пагрозай арышту пакінуць тэрыторыю. Да таго ж, па вёсках пра яго пайшлі недарэчныя чуткі, пры якіх на плённую працу разлічваць было немагчыма[5].
Пасля раптоўнага завяршэння экспедыцыі Машынскі некаторы час працягваў прыватнае настаўніцтва, штудзіруючы па начах працы па этнаграфіі, філасофіі і іншых галінах. Але ў 1917 г. ён пакінуў сваю працу і вярнуўся ў Варшаву, каб заняцца падрыхтоўкай кнігі «Усходняе Палессе»[3].
Аднак вайна не давала магчымасці займацца справай жыцця. Машынскі ўступіў на кароткі час у шэрагі польскіх вайскоўцаў. Удзельнічаў у ваенных паходах, служачы ў 3-м кавалерыйскім палку, быў узнагароджаны Крыжом мужных. Затым Машынскі працаваў кіраўніком-выхавацелем у інтэрнаце, сакратаром Галоўнай школы сельскай гаспадаркі. І толькі пад канец 1922 г. Машынскі атрымаў пасаду старшага асістэнта, а амаль праз 3 гады і кіраўніка аддзела славянскай этналогіі ў Антрапалагічным інстытуце Варшаўскага навуковага таварыства.
У 1925 г. Машынскаму была прапанавана пасада намесніка прафесара і кіраўніка першай у Польшчы і славянскім свеце кафедры этнаграфіі славян пры славянскім інстытуце Акадэміі навук у Кракаве. Машынскі пачынае выкладаць этнаграфію славян і надвалжанскіх фінаў, арганізоўвае кафедру, камплектуе бібліятэку.
Даследаванне Цэнтральнага Палесся
У 1932 годзе Машынскі яшчэ раз наведвае Палессе, з мэтай даследаваць цэнтральную яго частку. У выніку працы з’явіўся артыкул «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» У паездку Машынскі запрасіў вядомага знаўцу ўкраінскай народнай музыкі акадэміка Філарэта Калэсу[5]. За час вандровак самім Машынскім было запісана 228 тэкстаў, а на фанограф (экспедыцыя па тым часе была добра ўзброена з тэхнічнага боку) — 81 мелодыя, сярод якіх аказалася 59 песень і 22 узоры інструментальнай музыкі, найгранай на жалейцы, дудцы, скрыпцы, гармоніку. Фалькларысты наведалі Пужычы, Чаланец, Беразняк, Лугі, Вітчына, Сянкевічы, Лунінец, у Столінскім павеце пабывалі ў вёсках Сахаў і Велямічы.
Машынскі звярнуў увагу на такі цяжкі для запісвання жанр, як жалобныя галашэнні, падкрэсліўшы непаўторнасць кожнага паасобнага твора. «Тут словы мусілі мы хапаць гарачымі, пішучы момантамі з найвялікшай магчымай хуткасцю, каб толькі паспець за плачкаю, таму што кожная першая прадукцыя дадзенага твора была адначасова і апошняю. Спробы паўтору гэтых sui generis імправізацый…аказваліся, як звычайна ў падобных выпадках, у аснове ненадзейныя».
Заўважана, што пасля перапынку, спрабуючы паўтарыць імправізацыю, селянін, як правіла, губляў першапачатковы настрой, узрушанасць. Як паведаміла збіральнікам 29-гадовая Хвядосся Корж, галашэнне — «гэта не песня, што панімаеш яе, а гэта — як да душы даходзіць, то прыкладаеш гэтае слова». Пазней, у працы «Народная культура славян» Машынскі надрукаваў адно галашэнне (праўда, у перакладзе на польскую мову), запісанае ў 1932 г. у в. Хорастава тагачаснага Лунінецкага павета.
Машынскі спыніўся на характэрных асаблівасцях народнага выканання песень, вылучыўшы наяўнасць устаўных гукаў і гукаспалучэнняў, удыхавых паўз, не ўзгодненых ні з рытмам мелодый, ні з тэкстам; доўгатрывалых працягаў апошняга тону мелодый. Ён звярнуў увагу і на своеасаблівасць палескага двухгалоснага спеву. Ф. Калэса, адзначыўшы пэўную лакальную афарбоўку лунінецкіх і столінскіх песень, убачыў у іх выразны ўкраінскі характар[6]. Машынскі ж лічыў неабходным параўнаць іх з беларускімі, мяркуючы, што ўся беларуская музыка не акажацца настолькі блізкай да ўкраінскай[7]. Свае набыткі фалькларысты збіраліся пасля апрацоўкі і прадстаўлення Этнаграфічнай камісіі Польскай Акадэміі навук апублікаваць як першы ў этнаграфічнай літаратуры збор палескіх песень з нотамі. З матэрыяламі паездкі азнаёміў артыкул Ф. Калэсы «Народная музыка на Палессі» (1939). Выданне запісаў двух вялікіх вучоных са згаданай экспедыцыі было ажыццёўлена толькі праз шмат дзесяцігодзяў у кнізе «Музычны фальклор Палесся ў запісах Ф. Калэсы і К. Машынскага» (Кіеў, 1979 г.).
Праца над Атласам народнай культуры Польшчы
Методыка збору матэрыялу К. Машынскага прадугледжвала распрацаваныя вучоным апытальнікі. Дзякуючы ім у 1930 г. быў паспяхова праведзены збор матэрыялаў па духоўнай культуры для «Атласа народнай культуры Польшчы» ў яе тагачасных межах. Беларуская этнічная тэрыторыя была прадстаўлена Брэстчынай, Пружаншчынай, Гродзеншчынай, Віленшчынай, Браслаўшчынай, Глыбоччынай, Пастаўшчынай, Вілейшчынай, Ашмяншчынай, Лідчынай, Валожыншчынай, Слонімшчынай, Баранавіччынай, Ваўкавышчынай, Косаўшчынай, Лунінеччынай і інш. Было абследавана звыш 100 вёсак. Гэта было першае ў Еўропе выданне геаграфічнага падыходу да этнаграфічных з’яў на абшарах усёй краіны.
У 1935 г. К. Машынскі быў запрошаны на пасаду кіраўніка кафедры этнаграфіі і этналогіі ў Віленскі ўніверсітэт С. Баторыя. Перад Другой сусветнай вайной выйшлі падрыхтаваныя разам з вучаніцай і асістэнтам Ядвігай Клімашэўскай 3 сшыткі «Атласа» (1934,-35,-36 гг.), якія ахоплівалі 36 карт па духоўнай культуры, у якіх фіксаваліся мясцовыя назовы каляндарных святаў, астранамічных аб’ектаў, пэўных раслін, міфалагічных істот і г.д. У якасці памочнікаў Машынскі прыцягваў найбольш здольных і зацікаўленых студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Сярод беларусаў, якія адгукнуліся на прапанову Машынскага, былі віленскія навучэнцы А. Шукелойць і М. Пецюкевіч[7]. Уменне Машынскага ствараць для сябе і сваіх супрацоўнікаў аптымальныя, рацыянальныя ўмовы працы дазволіла яму ўпэўнена адчуваць сябе ў акіяне безлічных матэрыялаў для даследаванняў.
Другая сусветная вайна
З пачаткам Другой сусветнай вайны Машынскі не спыніў навуковай дзейнасці, а ў надзвычай цяжкіх матэрыяльных умовах працягваў працаваць. Вымушаны распродаж у Вільні асабістай бібліятэкі не дазволіў Машынскаму скончыць «Народную культуру славян»[2]. Гэты сумны эпізод яго жыцця, відаць, абумовіў на некаторы час адыход Машынскага як вучонага ад славянскіх праблем. Цяпер яго запаланіла ідэя стварэння агульнай гісторыі культуры чалавецтва. І ён ва ўмовах вайны глыбока вывучае навуковыя працы па філасофіі, гісторыі, сацыялогіі, псіхалогіі, рыхтуючыся да напісання сваёй чарговай працы пра чалавека і яго культуру[3].
Вяртанне ў Кракаў
У маі 1945 г. Машынскі разам з жонкай Барбарай вяртаецца ў Ягелонскі ўніверсітэт, дзе працягвае служэнне навуцы да апошніх дзён свайго жыцця.
Машынскі спрабуе ахапіць позіркам усё чалавецтва у манаграфіі «Чалавек. Уступ да агульнай этнаграфіі і этналогіі» (Вроцлаў, 1958). І адначасова ён не толькі ўздымаецца ў высі — ён капае ў гістарычныя глыбіні, сведчаннем чаго магла служыць ужо пасмяротна выдадзеная кніга «Пра спосабы даследавання матэрыяльнай культуры праславян» (Кракаў, 1962).
Памёр вучоны 30 сакавіка 1959 г. у Кракаве, а пахаваны на варшаўскіх могілках Брудна ў сямейным склепе[2].
Навуковая спадчына
Манаграфія «Усходняе Палессе»
Выхаду манаграфіі «Усходняе Палессе» (1928) — першай саліднай працы Казіміра Машынскага — папярэднічаў шэраг артыкулаў, напісаных вучоным на беларускім матэрыяле. У самым першым вопыце даследавання беларусаў Машынскі абраў лінгвістычны аспект, надрукаваўшы працу «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію, заснаваныя пераважна на беларуска-палескім матэрыяле». На працягу 1925 г. у ліку іншых яго матэрыялаў беларуская тэма прагучала ў артыкулах «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся», што прысвечаны, у асноўным, сялянскаму будаўніцтву загарынскага Палесся; «Выпальванне цаліны», у якім расказваецца пра апрацоўку палешукамі лясной зямлі; «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах».
Беларускае Палессе стала сапраўдным адкрыццём для Машынскага, але ён добра разумеў, што адных толькі яго занатовак для асвятлення ўсяго рэгіёна было б недастаткова. Дзеля большай паўнаты ён уключае ўсе паведамленні Часлава Пяткевіча, сабраныя тым у Рэчыцкім павеце і перададзеныя яшчэ ў 1912 г. Машынскаму. Кожная запазычаная звестка памечана аўтарам. Сваю падзяку Чаславу Пяткевічу Казімір Машынскі выказаў прысвячэннем яму сваёй працы[4].
Ва ўступе да манаграфіі «Усходняе Палессе» Машынскі падаў фізіяграфічную карціну гэтага краю, расказаў пра яго шматлікія рэкі, азеры і балоты, даў апісанне раслін лясоў і лугоў, апісаў разнастайны жывёльны свет.
Асноўны корпус манаграфіі падзяляецца на дзве часткі. Першая з іх прысвечана матэрыяльнай культуры палешукоў. У асобных параграфах расказваецца пра збор дзікіх пладоў, пра спосабы палявання на разнастайных птушак, на дробных і буйных жывёл, пра розныя прылады ў рыбалоўнай справе, у бортніцтве. Разгледжаны розныя моманты хатняй гаспадаркі: пастухоўства, утрыманне жывёлы, земляробства, агародніцтва, садаводства. Спецыяльныя раздзелы прысвечаны народнай кухні — гатаванню шматлікіх страў, а таксама — усім вядомым у гэтым краі рамёствам, звязаным з шыццём адзення, з будаўніцтвам, і многае іншае. Увагай аўтара не былі абыдзены таксама палескія дарогі.
Другая частка манаграфіі цалкам прысвечана духоўнай і грамадскай культуры. Не маючы вялікага фактычнага матэрыялу, раскрыць гэтую шырокую тэму ва ўсёй яе шматграннасці немагчыма. Машынскі досыць упэўнена выкарыстоўвае матэрыял, не патанаючы ў ім. Шырокі спектр паняцця «духоўная культура» Машынскі пачынае з раздзела «Веды і вера», у адным з параграфаў якога можна пазнаёміцца са звыш як 50 сродкамі лячэння (у асноўным расліннымі), якімі ратаваліся паляшукі ад самых розных захворванняў. Назвы раслін падаюцца як на мясцовай гаворцы, так і па-лацінску. Са слоў сялян паведамляецца, ад якіх хвароб прымяняецца тая ці іншая расліна і спосаб яе выкарыстання.
Чарадзейства распаўсюджвалася не толькі на хваробы, яно знаходзіла прымяненне ў самых розных абставінах жыцця. Азнаямленне з усімі магчымымі праявамі чарадзейства дазволіла Машынскаму ўбачыць некалькі асноўных груп, сярод якіх выдзяляюцца шкодныя чары (урокі, намаўленні, завіткі, заломы); карысныя чары, як, напрыклад, замовы ад хвароб, розныя дзеянні, якія нібыта павінны выклікаць дождж (напрыклад, сыплюць мак у студню), замаўленні рою, згубленай у лесе жывёлы або замаўленне пажару: «Святы Кузьма, святы Барам(?), пакрый туманом, дробным дажджом і еты агонь свечкаю дапалі!»[8] Вылучаюцца таксама чары любоўныя (дзеля прывароту рэкамендаваўся адвар кары бярозы і дуба, што зрасліся між сабою) і гаспадарскія.
Падрабязна разглядае Машынскі народныя вераванні, звязаныя з нябеснымі і паветранымі з’явамі, агнём і вадой, зямлёй, раслінамі, а ў якасці ілюстрацыі выкарыстоўваюцца фальклорныя творы самых розных жанраў, як, напрыклад, паданне пра паходжанне бярозы, праклёны: «Штоб ты павесіўся на сухой асіне», «Няхай цябе трасца трасе, як асінавы ліст».
Асобны раздзел прысвечаны палескім звычаям і абрадам. Прымаючы традыцыйны іх падзел на сямейныя і каляндарныя, Машынскі пачынае разгляд першай групы з радзін. Паказана, як яшчэ да з’яўлення чалавека на свет дзейнічаюць у народзе цвёрдыя правілы, сутнасцю сваёй скіраваныя на захаванне здароўя і спакою будучага немаўляці і яго маці. Напрыклад, каб жанчына, якая носіць у сабе дзіця, пазбягала непатрэбных хваляванняў, перажыванняў, страхаў, ёй забаранялася глядзець на пажар, на нябожчыка (пад пагрозай, што на целе нованароджанага дзіцяці будуць радзімыя плямы), на некаторых жывёл. Вядома, што сярод слушных правіл сустракаліся і забабоны, выкананне якіх не магло прынесці ніякае карысці або шкоды. Рытуальнымі дзеяннямі суправаджалася і само нараджэнне чалавека (у прыватнасці, пры цяжкіх родах), і асабліва святочнае застолле на хрэсьбінах.
Найбольшую ўвагу сярод сямейных абрадаў Машынскі звярнуў на вяселле. Апісанні вясельных свят, змешчаныя ў кнізе, зроблены ў вёсках Дарашэвічы, Галубіца, Дзякавічы, дзе галоўным чынам праводзіліся палескія даследаванні Машынскага. Апісанні ўражваюць сваёй дэталёвай перадачай абрадаў. Машынскі вельмі тонка адчувае структуру вялікага і складанага сямейнага свята, дакладна вызначае яго этапы. Наколькі добрасумленна ім гэта прароблена, можна меркаваць хаця б па той схеме, па якой распісаны вясельны «сцэнарый» вёскі Дарашэвічы: «Сваты і заручыны, печыва. Выезд па маладую і першая частка вяселля. Прыезд дружыны ў вёску маладой. Абарона варот. Маршалкі. Перазоў. Пасад. Уносіны каравая. Ачэпіны, пакрыццё. Звязіны. Падзел каравая. Расстанне дзяўчыны з домам бацькоў. Абмен хлябамі. Вясельны паход. Уваходзіны ў дом мужа. Урачыстасці ў доме маладога і другая частка вяселля. Пакладзіны. Прыезд крэўных маладухі. Агледзіны. Здымаюць завівала. Танцы. Перазоў. Дзяльба каравая ў маладога. Маладуха абыходзіць гаспадарку мужа. Частаванне абрадавай кашай. Ад’езд родных маладухі.»[8]
Нягледзячы на тэрытарыяльную блізкасць Дзякавічаў і Галубіцы з Дарашэвічамі, якая абумовіла агульныя рысы святкавання вяселля, у кожнай з вёсак апісанні ўсё ж маюць свае лакальныя адметнасці, што асабліва важна пры параўнанні, калі выяўляюцца разнастайныя абрадавыя моманты. Машынскі ўважліва паставіўся не толькі да перадачы дзеянняў, але і да народнай мовы, якая гучыць у час абраду, захоўваючы народную тэрміналогію ў азначэннях (напрыклад, «перапой», «расплеціны», «пакрыццё», «перапросіны»), у песнях і ў трапных выразах.
Цыкл сямейных абрадаў завяршаецца запісам пахавальнага абраду з памінкамі, а таксама агульных памінальных урачыстасцей — Задушак (Дзядоў) і Радаўніцы. Звяртаючыся да тэмы сялянскай жалобы, Машынскі дакладна перадае абстаноўку, якая панавала ў хаце пад час развітання з нябожчыкам і памінак, падрабязна інфармуе пра тэрміны правядзення агульных і прыватных памінальных дзён. Як і на іншых сямейных абрадах, на пахаваннях існавалі свае традыцыйныя правілы. Напрыклад, нягледзячы на абавязковы звычай галашэння над нябожчыкам, з надыходам ночы плакаць ля труны не дазвалялася. Нельга было працаваць у гэтыя дні. Сярод іншых разумных прадпісанняў і забаронаў сустракаліся і народжаныя прымхлівым светаўспрыманнем: праз нябожчыка ці праз выкапаную для труны яму не павінна была пераскочыць ніякая істота, каб памерлы не прыходзіў з таго свету. У залежнасці ад мясцовасці памінкі па нябожчыку спраўляліся ад 3 да 5 разоў. Дзяды адзначаліся 4 разы на год.
Гаспадыні напярэдадні памінальнай вячэры не дазвалялася каштаваць прыгатаваных ёю страў. Калі за сталом у каго-небудзь вывальвалася з рук лыжка, нельга было яе падымаць, але, падняўшы, мусілі пакласці на тое месца кавалак хлеба. Пасля заканчэння вячэры ўсе на хвіліну зноў прысаджваліся дзеля таго, каб раіліся пчолы. Машынскі заўважае, што паступова звычай памінаць на могілках паступова саступае ўшанаванню, якое праводзіцца ў хатніх умовах.
Наступныя старонкі манаграфіі К. Машынскага прысвечаны каляндарным святам і характару іх правядзення на Палессі. Побач са святкаваннямі, агульнымі для ўсёй тэрыторыі Беларусі, можна часам сустрэць і рэгіянальныя асаблівасці. Грамніцы — першае свята, якое стаяла на мяжы, дзе страчаліся зіма з вясною. Таму царкоўнаславянская назва «Сретенье» ператварылася ў народным вымаўленні ў «Стрэчанне». Да гэтага дня рыхтавалі самаробныя свечкі для асвячэння іх у царкве. Сярод свят веснавога цыкла аўтар называе Гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’е (з караваем абыходзілі поле: «Гдзе каравай ходзіць, там жыта родзіць»). На Міколу кабеты збіралі зёлкі і купаліся ў іх. Летнія святы ўключалі ў сябе Русальную нядзелю, Купалле і праз пэўны час — ужо на мяжы з восенню — жніво, Спас, першую сяўбу азімых. Зімовы цыкл быў звязаны з абрадам калядавання[8].
Усе ўбачаныя на Палессі гульні і забавы падзяляюцца Машынскім на выпадковыя і штогадовыя, або, паводле сучаснай класіфікацыі, на пазаабрадавыя і абрадавыя. У раздзеле, прысвечаным мастацтву, даследчык вылучае прыкладное мастацтва (на яго думку, яно мела досыць нізкі ўзровень), музыку (даў апісанне асобных музычных інструментаў — дудкі, трубы, бубна, скрыпкі, ліры) і відовішчы[8].
Завяршэннем манаграфіі «Усходняе Палессе» стаў раздзел «Вусная літаратура». Яго Машынскі пачаў з такога даволі рэдкага і абдзеленага ўвагай збіральнікаў фальклорнага жанру, як перайманні галасоў прыроды. Сярод прыведзеных запісаў — імітацыя галасоў і інтанацый самых розных птушак: салаўя, жаваранка, дзеркача, перапёлкі, цецярука, індыкоў, пеўня. Вось, да прыкладу, наколькі трапна і разам з тым дасціпна пераклаў паляшук на сваю мову салаўіны спеў: «Цы-ган, цы-ган, цы-ган, сала пёк, пёк, пёк, кап, кап, кап, кап. Цюррр…» Уключыў Машынскі ў гэты раздзел і падборку прыказак і прымавак.
Бадай, адна з самых вялікіх каштоўнасцей усёй працы «Усходняе Палессе» — змешчаныя ў ёй народныя песні агульнай колькасцю каля 250 твораў. Як вясельныя абрады і ўвесь папярэдні матэрыял, уласнаручна песні запісваліся Машынскім, у асноўным, у вёсках Дарашэвічы, Дзякавічы і Галубіца. Усяго некалькі пазаабрадавых песень збіральнік прадставіў як «песні, звязаныя з вераваннямі» і «песні набожныя (святыя)». Асноўны фонд складаюць абрадавыя песні, на якія, відаць, і арыентаваўся ў першую чаргу Машынскі пад час экспедыцыі.
Нават адкінуўшы тыя дапаможныя звесткі, якія прапанаваў яму Пяткевіч і якія, несумненна, узбагацілі манаграфію, немагчыма не здзівіцца той вялікай колькасці высакаякасных матэрыялаў, якія паспеў запісаць сам К. Машынскі. Можна толькі ўяўляць, якім грунтоўным, усеабдымным магло б стаць «Усходняе Палессе», калі б гістарычныя абставіны так фатальна не спынілі яго працу, калі б замест няпоўных двух месяцаў атрымаліся паўнацэнныя, як гэта прадугледжвалася, два гады экспедыцыйных вандровак[7].
Манаграфія «Народная культура славян»
Пачынаючы з 1923 г. і да 1928 г. К. Машынскі ўпершыню ў Польшчы і славянскім свеце распрацоўвае планавыя і сістэматычныя рэгіянальныя даследаванні па народнай матэрыяльнай культуры звыш чым у 100 вёсках, раскіданых па ўсёй тэрыторыі тагачаснай Польшчы. У наступныя гады ім праводзіліся даследаванні ў Балгарыі, Сербіі, Харватыі, Венгрыі, дзе ён таксама грунтоўна знаёміўся з мясцовымі краязнаўчымі музеямі. Неўзабаве пасля з’яўлення ў друку «Усходняга Палесся» пачала выходзіць грандыёзная праца К. Машынскага «Народная культура славян» — том 1 у 1929, том 2 у 1934, том 3 у 1939 (перавыдадзена з выпраўленнямі і дапаўненнямі ў 1967-68 гг.). Ніколі да яго не існавала яшчэ такога маштабнага абагульнення, спробы, якая б увабрала ў сябе багацейшыя звесткі амаль з усяго славянскага рэгіёна. Праца налічвае звыш 2300 друкаваных старонак з замалёўкамі каля 2500 аб’ектаў, у большасці выкананых самім аўтарам, з картамі і нотнымі дадаткамі. Гэта было першае ў Еўропе сінтэтычнае абагульненне народнай культуры вялікай этнічнай групы[2].
Сярод іншых матэрыялаў нямала ўвагі ўдзяляецца і беларускаму (грунтоўная збіральніцкая і даследчая праца праводзілася на Беларусі, на Палессі. Ужо ў 1-ым томе, прысвечаным матэрыяльнай культуры, можна знайсці амаль 200 адзінак беларускай лексікі (этнаграфічныя тэрміны, назвы прадметаў хатняга ўжытку, адзення, сельскагаспадарчых прылад і іншых рамёстваў, дзеянняў; выклічнікі і г.д.).
Шырока прадстаўлена і духоўная культура беларусаў. Акрамя ўласных запісаў і назіранняў Машынскі выкарыстаў звесткі па тых кутках Беларусі, дзе сам не мог пабываць, з прац Чачота, Рыпінскага, Тышкевіча, Шэйна, Раманава, Дабравольскага, Доўнар-Запольскага, Ляцкага, Косіч, Карскага, Федароўскага, Вярыгі, Вярэнькі, Яленскай-Дмахоўскай, Глогера, Радчанкі, Пяткевіча, Дземідовіча і інш. Фальклорная аснова прысутнічае ў многіх матэрыялах, сабраных у раздзеле «Веды». Сфатаграфаваны былі сяляне Дзісенскага і Свянцянскага паветаў.
У падрыхтоўцы раздзела, прысвечанага народнаму музычнаму мастацтву, значную дапамогу аказалі Машынскаму Г. Цітовіч і Т. Шэлягоўскі. Акрамя азнаямлення з карэктурай Цітовіч праверыў тэксты і нотныя дадаткі, распрацаваў музыказнаўчыя даследаванні з мэтаю высветліць адрозненні паміж песнямі паасобных славянскіх народаў. Беларускія матэрыялы, якімі карыстаўся Цітовіч, запісваліся ім уласнаручна, таксама ён выкарыстоўваў запісы з прац Чэрнага, Грыневіча, Гарэцкага і Ягорава і г.д. Сярод запісаў Г. Цітовіча, зробленых на Браслаўшчыне і Вілейшчыне, прыведзены ў томе такія беларускія песні, як «Ды брат сясцёр запрасіў у госці», «Салавейка, пташачка маленька», «Запрагу я валы крутарогі», «Цераз бор-бары», «Дамоў, дамовачкі, маладыя жоначкі». Неаднаразова выкарыстоўваў Машынскі меркаванні Г. Цітовіча, падмацоўваючы сваё даследаванне яго назіраннямі, тэарэтычнымі вывадамі, выказваннямі. У раздзеле «Музычныя інструменты» Машынскі паведамляе пра ўнікальнасць некаторых з іх, што сустракаюцца ва ўсходнепалескім рэгіёне.
Пры разглядзе вуснай літаратуры Машынскі робіць парадаксальны і, відаць, не бясспрэчны вывад: найвышэйшага ўзроўню народная музыка дасягае там, дзе ніжэйшымі мастацкімі вартасцямі вызначаецца слова, і, наадварот, дзе народнае слова дасягае паэтычных вышыняў, там узровень музыкі стаіць ніжэй. Менавіта гэтай апошняй асаблівасцю, на думку Машынскага, вызначаліся некаторыя славянскія рэгіёны, у прыватнасці, Балканы і паўночна-ўсходняя Беларусь.
Вялікае значэнне працы Казіміра Машынскага ў тым, што ў ёй упершыню беларуская культура і, у прыватнасці, фальклор апынуліся ў кантэксце агульнаславянскай культуры. Асэнсаванне малавядомага дагэтуль матэрыялу вывела вучонага на перадавыя рубяжы тагачаснай навукі[7].
Спіс найважнейшых прац
Кнігі
- Badania nad pochodzeniem i pierwotną kulturą Słowian (1925) (Даследаванні аб паходжанні і першаснай культуры славян)
- Polesie Wschodnie (1928) (Усходняе Палессе)
- Ethnographische Studien in Ostpolen (1929) (Этнаграфічныя даследаванні ва Усходняй Польшчы)
- Kultura ludowa Słowian (cz. I., 1929) (Народная культура славян)
- Atlas kultury ludowej w Polsce (z. 1-3 1934-36) (Атлас народнай культуры Польшчы)
- Człowiek. Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii (1958) (Чалавек. Уступ да універсальнай этнаграфіі і этналогіі)
Артыкулы
- 1925 O źródłach magii i religii, «Przegląd Filozoficzny», t. 28, ss. 239—251. (Пра крыніцы магіі і рэлігіі)
- 1938 Regionalne zwyczaje doroczne w Polsce, «Kalendarz Ilustrowanego Kuriera Codziennego», ss. 78-85. (Штогадовыя рэгіянальныя звычаі ў Польшчы)
- 1948 Stan i zadania etnografii polskiej, «Lud», t. 38. (Статус і задачы польскай этнаграфіі)
Зноскі
Літаратура
| |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|