Этнаграфія (ад стар.-грэч.: ἔθνος — «этнас» (народ) і γράφω — «пішу») — частка гістарычнай навукі, якая вывучае народы-этнасы і іншыя этнічныя ўтварэнні, іх паходжанне (этнагенез), склад, рассяленне, культурна-бытавыя асаблівасці, а таксама іх матэрыяльную і духоўную культуру.
Пад тэрмінам «этнаграфія» ў большасці заходніх краін маюць на ўвазе апісальную дысцыпліну (напрыклад, музеезнаўства) — у адрозненне ад агульнай тэарэтычнай плыні, «этналогіі», якая займаецца вырашэннем народазнаўчых праблем. Аднак у многіх выпадках гэтыя навуковыя галіны блізкія адна адной і цесна звязаныя.