Аўтано́мная супо́льнасць — адміністрацыйная адзінка Іспанскага Каралеўства, надзеленая Іспанскай Канстытуцыяй 1978 года заканадаўчай і выканаўчай аўтаноміяй.
У наш час у Іспаніі налічваецца 17 аўтаномных супольнасцей, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на правінцыі. Утварэнне аўтаномных супольнасцей прадугледжана Канстытуцыяй 1978 года, (у прыватнасці артыкул 152.1 устанаўлівае істытуцыянальную аснову гэтых аўтаномных супольнасцей - Заканадаўчая Асамблея, абіраная ўсеагульным галасаваннем, Савет Урада з выканаўчымі функцыямі і Старшыня аўтаномнай супольнасці, абіраны Заканадаўчай Асамблеяй), іх межы, як правіла, супадаюць з межамі правінцый, якія ўваходзяць у гістарычныя вобласці, хоць некаторыя рэгіёны сталі развіваць сваю ідэнтычнасць толькі пасля пераходу да дэмакратыі (прыклады — Мадрыд, Рыёха). Аўтаномныя супольнасці маюць уласныя статуты; урады супольнасцей падзяляюць уладу з цэнтральным урадам. Прадстаўнічымі органамі аўтаномных супольнасцей з'яўляецца парламенты (Parlamento), у Астурыі — генеральная ўправа (Junta General), у Мурсіі, Эстрэмадуры і Мадрыдзе — сходы (Asamblea), у Арагоне, Кастыліі-ла-Манчы, Кастыліі-і-Леоне і Валенсіі — палаты (cortes), выканаўчымі органамі — урады (Gobierno), у Галісіі, Эстрэмадуры, Кастыліі-ла-Манчы, Кастыліі-і-Леоне — управы (Junta), у Арагоне і Навары — дэпутацыі (Diputación), у Андалусіі, Астурыі і Валенсіі — саветы (Consejo), кожны з гэтых выканаўчых органаў складаецца са старшыні (Presidente) і саветнікаў (Consejero).