Часта ўжываецца паняцце Федэральная зямля, але ў юрыдычных дакументах — як, напрыклад, Асноўны закон ФРГ ці канстытуцыі зямель — такі тэрмін не выкарыстоўваецца, таму што германскія землі разам утвараюць Федэратыўную Рэспубліку Германія і не з’яўляюцца адміністрацыйнай адзінкай Германіі.
Заканадаўчы орган зямлі — ландтаг (landtag), які выбіраецца народам, выканаўчы орган зямлі — зямельны ўрад (landesregierung), які складаецца з зямельнага прэм’ер-міністра (landesministerpraesident) і зямельных міністраў (landesminister), якія выбіраюцца ландтагам.
Адміністрацыйная структура зямель
Тры гарады Берлін, Гамбург і Брэмен прыраўнаваныя па сваім статусе да зямлі.
У пяці землях існуюць 22 адміністрацыйныя акругі (ням.: Regierungsbezirk), якія аб’ядноўваюць некалькі раёнаў.
Федэральныя землі (ці акругі) Германіі падзелены на раёны (ням.: Kreis / Landkreis). Усяго налічваецца 429 раёнаў, у тым ліку 313 сельскіх раёнаў і 116 гарадоў, прыраўнаваных да раёна (ням.: Kreisfreie Städte / Stadtkreise), гэта значыць гарадоў зямельнага падпарадкавання. Да апошніх як правіла адносяцца досыць буйныя гарады.
Раёны, у сваю чаргу, складаюцца з абшчын (камун; ням.: Gemeinde). Абшчына характарызуецца наяўнасцю абшчыннага кіравання. Звычайна абшчыны (гарады і пасёлкі) падпарадкоўваюцца непасрэдна раёну. У Германіі налічваецца 12 141 абшчына.
У некаторых землях некалькі камун (абшчын) аб’ядноўваюцца ў амты, якія ўяўляюць сабой агульнае кіраванне (ням.: Amt, Ämter). Падзел на амты прысутнічае толькі ў землях Шлезвіг-Гольштэйн, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Брандэнбург, Саксонія-Анхальт, дзе ўсяго налічваецца 252 амты. У гэтых землях адрозніваюць камуны (населеныя пункты) раённага (прамога) падпарадкавання (ням.: amtsfreie Gemeinde ці ням.: kreisangehörige Gemeinde) і населеныя пункты, падпарадкаваныя кіраванню.
У савецкай акупацыйнай зоне, на тэрыторыі будучай ГДР, былі таксама ўтвораны пяць зямель, якія, аднак, у 1952 годзе былі ператвораны ў 14 акруг. Пасля першых свабодных выбараў 18 сакавіка1990 года было прынята рашэнне аднавіць ранейшыя землі на тэрыторыі ГДР замест акруг, практычна ў тых жа межах, што былі да 1952 года.