Эдмунд (шатл. гэл.: Etmond mac Maíl Coluim, англ.: Edmund, пасля 1070 — пасля 1097) — сын караля Альбы (Шатландыі)Малькальма III і Маргарыты Англійскай. Часам уключаецца ў спіс шатландскіх каралёў, у якасці суправіцеля Дональда III, але гістарычнасць таго факту, што ён быў каралём сумніўная.
Біяграфія
У лістападзе 1093 года, пасля адначасовай гібелі Малькальма III і яго старэйшага сына ад шлюбу з Маргарытай Англійскай — Эдуарда, Дональд III захапіў шатландскі прастол. Эдмунд і яго малодшыя браты Эдгар, Аляксандр і Давід беглі ў Англію, дзе жыў іх зводны брат Дункан.
У 1094 годзе Дункан з блаславення Вільгельма Рудога і c дапамогай войска свайго цесця Гаспатрыка Нартумбрыйскага, а таксама насельніцтва Лотыяна захапіў Эдынбург і зрынуў Дональда III. Аднак прабыў каралём ён нядоўга. Зрынуты Дональд адступіў у горныя раёны Шатландыі, дзе аб’яднаўся з Мэл Петарам мак Леанам, мармэрам Мернса і падняў паўстанне супраць англічан, што прыбылі з Дунканам. Дункан, жадаючы вырашыць канфлікт, адправіў сваіх саюзнікаў назад, але мяцежнікі не супакоіліся і 12 лістапада 1094 года забілі караля ў Берыку. Лічыцца, што забойцам быў Мэл Петар мак Леон, але Аналы Ольстэра і Вільям Мальмсберыйскі сцвярджаюць, што забойства было здзейснена па загадзе Дональда і Эдмунда.
Што вымусіла Эдмунда прыняць бок свайго дзядзькі — невядома. Мяркуецца, што бяздзетны Дональд прызначыў яго сваім спадчыннікам. Магчыма Эдмунд атрымаў тытул прынца Паўднёвай Шатландыі, якая ў той час лічылася хутчэй калоніяй, чым складовай часткай шатландскага каралеўства[3].
У 1097 годзе англійская армія пад камандаваннем Эдгара Этэлінга, уварвалася ў Шатландыю і зрынула Дональда і Эдмунда, пасадзіўшы на прастол Эдгара. Дональд і Эдмунд працягнулі барацьбу. Дональд у 1099 годзе быў схоплены, аслеплены і пажыццёва пасаджаны ў замак Рэскаўбі ў Ангусе. Эдмунд таксама быў схоплены ці здаўся добраахвотна і, хутчэй за ўсё, адмовіўшыся ад усіх дамаганняў на карону, пастрыгся ў манахі ў клюнійскім манастыры Мантэг’ю, на поўдні Англіі. Там ён з часам сканаў і быў пахаваны, паводле ўласнага завяшчання ў вярыгах[4]. Дакладная дата яго смерці невядомая.