Трэ́мля — рака ў Гомельскай вобласці Беларусі, левы прыток Прыпяці.
Злева: рака Мядзведзь, канава Дубнянская, канал Плясецкі. Справа: рака Ветка.
Даўжыня ракі 80 км. Плошча вадазбору 769 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,92 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. Пачынаецца на паўднёвы ўсход ад вёскі Раманішчы Акцябрскага раёна, цячэ па Калінкавіцкім, Петрыкаўскім і Мазырскім раёнах пераважна па ўсходняй ускраіне Прыпяцкай нізіны. Вусце ў межах Мазырскага раёна, за 2,7 км на паўднёвы захад ад вёскі Міхнавічы Калінкавіцкага раёна. Замярзае ў сярэдзіне снежня, веснавое разводдзе ў канцы 2-й дэкады сакавіка, працягласць 92 сутак. Даліна невыразная, пойма двухбаковая. Рэчышча ад вытоку на працягу 73,5 км каналізаванае. У басейне Трэмлі возера Плясецкае.