У другой палове XVIII стагоддзя Быкоўскія пабудавалі каля Пцічы драўляную сядзібу і капліцу з родавым склепам. На 1784 год Русаковічы належалі Вінцэнту Яксу-Быкоўскаму.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павецеМінскай губерні. На 1800 год у вёсцы былі капліца, вінакурня, карчма, млын і шляхецкая сядзіба. У 1856 годзе Юзэфа Быкоўская, якая была ўнучкай Вінцэнта, выйшла замуж за Уладзіслава Вейсенгофа, да якога Русаковічы адышлі праз вена. Фальварак памерам 1800 гектараў атрымаў іх сын Генрык Вейсенгоф (1859—1922), які ажаніўся з Людвікай Сакольскай[5]. Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета. У сярэдзіне XIX стагоддзя да дамена Русаковічы належалі суседняя вёска Крысцінполь і аддаленыя Бахаравічы. У 1889 годзе маёнткам Русаковічы валодала Жазафіна Генрыкаўна Вейсенгоф, было 392 дзесяціны зямлі[6].
Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы быў хлебазапасны магазін, маёнтак, царква, таксама побач было аднайменнае ўрочышча на 2 двары, млын на Пцічы (2 паставы).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У верасні 1920 года адкрыта школа 1-й ступені. З ліпеня 1924 года ў Менскай акрузе. У 1933 годзе створаны калгас «Сталінец», працавала кузня. З 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім раёне, з 15 студзеня 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. У красавіку 1942 года вёска была спалена, забіты 11 жыхароў. Каля вёскі месціліся Рудзенскі падпольны раённы камітэт КП(б)Б і штаб партызанскай брыгады «Беларусь».
24 лістапада 1966 года да Русаковічаў была далучана вёска Чырвоная Горка. Да 31 сакавіка 1977 года вёска ўваходзіла ў склад Цітвянскага сельсавета, пасля перададзена ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Рудзенскага пассавета[7].
Паводле Ельскага, урочышча месціцца пры гасцінцы паміж вёскамі Русаковічы і фальваркам Крысцінполь. Гэта даволі значны насып, на якім расце вялізная сасна. Народнае паданне, запісанае Ельскім, кажа, што калісьці ў вёсцы Азярычын быў памор быдла, і паводле забабонаў мясцовы азярыцкі жыхар, нейкі Жур, прывёз падлу на мяжу Русаковічаў, хацеў яе там закапаць, каб выратаваць сваю вёску і перавесці памор на суседзяў. Жыхары Русаковічаў былі папярэджаныя пра гэта, чакалі яго, і калі Жур прыйшоў, закапалі яго жыўцом разам з канём і прывезеным быдлам, а над той магілай зрабілі насып[10].
Сучасны краязнавец Максім Ляшко мяркуе, што гэтае ўрочышча месціцца на могілках вёскі Вераб’ёўка, ці суседніх пагорках[11].
Крыніцы
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
↑Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 31 сакавіка 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 15 (1533).
Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
Санько З., Санько Ю. Мемарыяльны крыж у гонар першага згадвання вёскі Азярычына ў гістарычных крыніцах. — Мінск: Тэхналогія, 2021. — 12 с. — ISBN 978-985-458-317-4.