Пярша́і[1] (трансліт.: Piaršai, руск.: Першаи) — аграгарадок на рацэ Пяршайцы ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Месціцца на аўтадарозе Валожын—Івянец, за 12 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 63 км ад Мінска. Адміністрацыйны цэнтр Пяршайскага сельсавета.
Назва Пяршаі ад назвы ракі Пяршайка. Тая — балцкага паходжання, адпачатная балцкая форма мела выгляд тыпу *Péršeja. Звязана з літоўскім perša «незамерзлае месца ў лёдзе; крынічнае месца ў балоце», pro-perša «незамерзлае або расталае месца ў лёдзе на рацэ, на возеры ўзімку», pro-peršas «вір у рацэ ці ў возеры». Значэнне назвы Пяршайкі можна перадаць як «Крынічная (рака)».
Першы пісьмовы ўпамін пра Пяршаі як сяло, уладанне касцёла датуецца 1492 годам. З 1493 года паселішча знаходзілася ў валоданні біскупа віленскага Войцеха.
Пад 1539 годам Пяршаі ўпамінаюцца як мястэчка, цэнтр воласці. У гэты час тут дзейнічаў касцёл, працавалі 2 карчмы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) паселішча ўвайшло ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пяршаі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Мінскага павета[2]. На 1800 год тут было 36 двароў, касцёл, плябанія, карчма, 2 вадзяныя млыны. Маёнтак знаходзіўся ў валоданні І. Ражэрсона, у 1858 годзе — В. Тышкевіча.
Паводле вынікаў перапісу (1897) у Пяршаях было 59 двароў, дзейнічала царква, працавалі народная вучэльня, аптэка, хлебазапасны магазін, крама і карчма.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Пяршаі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пяршаі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Стаўбцоўскага, з 1926 года Валожынскага павета.
У 1939 годзе Пяршаі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года сталі цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1999 год тут было 270 двароў. У 2000-я Пяршаі атрымалі афіцыйны статус аграгарадка.
У Пяршаях працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта. На тэрыторыі СВК «Пяршаі—2003».