Clematis Dill. ex L., 1753
Павойнік, Жыгунец[2] (Clematis) — род кветкавых раслін сямейства казяльцовых.
Назва роду паходзіць ад старажытнагрэчаскага κληματίς — «павойная расліна». Род налічвае каля 250 відаў, большасць з якіх расце ва ўмераным поясе Азіі, Амерыкі і Еўропы.
Гэта ў асноўным дрэвавыя, часам травяністыя павойныя расліны. Падымаюцца з дапамогай павойнага лісця. Некаторыя віды дасягаюць вышыні 2-6 метраў. Яны з’яўляюцца вечназялёнымі ці лістападнымі. Некаторыя віды маюць доўгія карэнішчы. Лісце супраціўнае, простае ці пёрыстае. Суквецці мяцёлкі, або, рэдка, адзінкавыя кветкі. Сямянкі звычайна падоўжаныя, пёрыстыя або аголеныя. Лік храмасом — 8.
У свеце налічваецца больш 370[3] відаў павойнікаў.
Некаторыя сарты цэняцца за іх здольнасць караскацца па сценах, платах і іншых структурах, а таксама за рост сярод іншых раслін, такіх як дрэвы і кусты. Некаторыя могуць віцца па зямлі, каб забяспечыць пакрыццё.
Нягледзячы на таксічнасць, карэнныя амерыканцы выкарыстоўвалі вельмі малыя колькасці Clematis ligusticifolia як эфектыўны сродак для лячэння мігрэні і нервовых расстройстваў. Расліна таксама выкарыстоўваецца пры скурных інфекцыях. Еўрапейскія віды не выкарыстоўваюць у лячэбных мэтах.