Мерач[1], таксама Мяркіне (літ.: Merkinė) — мястэчка ў Аранскім раёне Аліцкага павета Літвы, пры ўпадзенні Мерачанкі ў Нёман. Адміністрацыйны цэнтр Мерацкай сянюніі. Уваходзіць у Дзукійскі нацыянальны парк.
Тапонім Мерач утварыўся ад беларускіх слоў мярэча, морач — 'глухія зарасці ў лесе'[2].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Meracz (1500 год)[3]; Maracz (1508 год)[4]; старабеларускай мовай Меречъ Велики (1553 год)[5].
Першыя пісьмовыя згадкі пра Мерач датуюцца XIV стагоддзем у сувязі з нападамі крыжакоў[6]. Ён значыцца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх, складзеным у канцы XIV стагоддзя. У 1443 годзе тут збудавалі касцёл. У інвентары 1558 года ўпамінаецца «руская царква» (гэта значыць праваслаўная)[7].
7 снежня 1569 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Мерачы Магдэбургскае права і герб з выявай аднарога. У пачатку XVII стагоддзя ў месце заснавалі кляштар дамініканаў. У 1648 годзе ў Мерачы памёр кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза. У 1676 годзе гетман Міхал Казімір Пац заснаваў тут езуіцкую місію, якую ў 1755 годзе ператварылі ў рэзідэнцыю. Ад 1696 года была езуіцкая школа. У 1742—1746 гадах езуіты збудавалі драўляны касцёл Святога Крыжа.
У сярэдзіне XVIII ст. вакол Мерачы адзначаўся анклаў «рускай» этнаканфэсійнай супольнасці[8]. У 1767 годзе канонік віленскі і пісар вялікі Павел Ксаверы Бжастоўскі набыў маёнтак Мерач і пераназваў яго, паводле свайго імя, у Паўлаў. Неўзабаве Павел Ксаверы Бжастоўскі правёў на сваіх землях рэформы: вызваліў усіх сялян з-пад прыгону, стварыў выбарны сойм і распрацаваў Статут, а 4 красавіка 1791 году, за месяц да абвяшчэння Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, выдаў Канстытуцыю Паўлаўскай рэспублікі[9].
У 1791 годзе Мерач стаў цэнтрам Мерацкага павета. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ўтварылася Мерацкае ваяводства.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Мерач апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Троцкім павеце Віленскай губерні. У другой палове XIX ст. расійскія ўлады зруйнавалі гарадскую ратушу, а на яе месцы збудавалі праваслаўную царкву-мураўёўку. На 1882 год у Мерачы было 233 будынкі.
За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Мерач занялі войскі Германскай імперыі.
Па польска-літоўскіх баях і падпісанні пагаднення паміж Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе Мерач апынуўся ў складзе Літвы. У пачатку 1920-х гадоў у Мерачы базаваўся сакрэтны штаб чацвёртай аператыўнай групы, падпарадкаванай Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Камандзірам групы быў Вячаслаў Разумовіч пад псеўданімам «Хмара». Штаб складаўся з ксяндзоў Бакшыца і Блазуеліса, прафесара гімназіі Карчынскага і Разумовіча. Група супрацоўнічала з Генеральным штабам літоўскай арміі і ў выпадку вайны паміж Польскай Рэспублікай і Літвой павінна была выступіць на літоўскім баку, што прадугледжвалі пагадненні паміж урадам Беларускай Народнай Рэспублікі і Літвы.
На 1931 год у Мерачы было 312 будынкаў, з іх 24 мураваныя. У 1935 годзе тут прайшоў першы фэст народнай творчасці «Дні даўніны» (літ.: Senovės dienos).
За часамі Другой сусветнай вайны 22 чэрвеня 1941 году цэнтр Мерачы значна пацярпеў ад нямецкіх бамбардзіровак. У 1941 годзе нацысты забілі тут каля 3 тысяч жыдоў.
У 1989 годзе пачалося стварэнне мемарыялу ахвярам савецкага тэрору — Мерацкай гары крыжоў, на якой стаяць 154 імянныя крыжы і капліца. У 1996 годзе афіцыйна зацвердзілі герб Мерачы. У 2009 годзе адзначалася 650-годдзе горада.