Дыяме́д (стар.-грэч.: Διομήδης, літаральна «разумны нібы бог») — легендарны старажытнагрэчаскі герой. Валадар Аргаса. Удзельнік пахода эпігонаў і Траянскай вайны.
Паводле міфалагічнай традыцыі, Дыямед паходзіў ад нашчадка калідонскага прастола Тыдэя і прынцэсы Дэпілы, дачкі Адраста з Аргаса. Выхоўваўся ў Аргасе. Калі Дыямед быў яшчэ малым, яго бацька Тыдэй загінуў пры нападзе на Фівы. Каб адпомсціць за Тыдэя, Дыямед стаў адным з эпігонаў.
Паход эпігонаў на Фівы скончыўся смерцю Эгіялея, сына Адраста. Адраст памёр ад гора. Такім чынам, Дыямед застаўся адзіным прэтэндэнтам на прастол Аргаса. Для падмацавання сваіх правоў герой ажаніўся з Эгіялеяй, дачкой Эгіялея. Стаўшы ўладаром, ён умешваўся ў справы Калідона, адкуль выгнаў Тэрсіта.
Дыямед уваходзіў у лік жаніхоў Алены Цудоўнай і быў прывязаны клятвай дапамогі Менелаю. Пасля выкрадання Алены Парысам быў вымушаны ўдзельнічаць у Траянскай вайне. Яго флот з 80 караблёў быў другім па ліку пасля флота Агамемнана.
Дыямед — адзін з найбольш слынных герояў «Іліяды», другі наймагутнейшы ахейскі воін пасля Ахіла. Яго заступніцай была багіня Афіна. Даспехі Дыямеда выкаваў бог Гефест. У баі ледзь не забіў Энея, параніў двух алімпійскіх багоў Афрадыту і Арэса, што змагаліся на баку траянцаў, двойчы нападаў на Апалона. Падчас уварвання траянцаў у ахейскі лагер быў паранены і знаходзіўся на караблі. Згодна з Гамерам, блізкім сябрам Дыямеда быў Адысей. Нягледзячы на насмешкі Агамемнана, ніколі не супрацьстаяў правадыру ахейцаў, удзельнічаў у прымірэнні Агамемнана і Ахіла. У рытуальных гульнях пасля смерці Патрокла выйграў трыножнік, які потым захоўваўся ў Дэльфах.
У іншых творах Траянскага цыкла апавядаецца, што Дыямед разам з Адысеем выкралі з Троі статую Палады. На гульнях пасля смерці Ахіла выйграў спаборніцтва ў бегу. Дыямед знаходзіўся знутры Траянскага каня і забіў шмат траянцаў падчас штурму Троі. Разам з Нестарам пакінуў Трою раней за іншых грэчаскіх правадыроў, таму шчасна дабраўся да Аргаса.
Афрадыта не прабачыла Дыямеда за раненне. Пакуль ён змагаўся пад Трояй, яна падманам прывабіла яго жонку Эгіялею завесці палюбоўнікаў. Пасля вяртання Дыямеда яна не пусціла мужа ў Аргас. Засмучаны Дыямед перабраўся ў Этолію, а адтуль — у Апулію, дзе змагаўся супраць месалійцаў. Вергілій у «Энеідзе» паведамляў, што Дыямед адмовіўся ваяваць супраць Энея, калі даведаўся пра высадку траянцаў у Лацыа.
Грэкі і рымляне лічылі, што Дыямед заснаваў у Італіі некалькі гарадоў, у тым ліку Брындызі, Венафра, Сан-Севера і Каноза-дзі-Пулья.
Дыямед — адзін з нешматлікіх старажытнагрэчаскіх міфічных герояў, які, падобна да Геракла і Тэсея, меў свой культ шанавання. Цэнтры ахвярапрынашэнняў Дыямеду месціліся пераважна на Кіпры, ва ўсходняй частцы Адрыятыкі, на астравах Палагружа.