Share to: share facebook share twitter share wa share telegram print page

Гамер

Гамер
стар.-грэч.: Ὅμηρος
Бюст Гамера ў Брытанскім музеі.
Бюст Гамера ў Брытанскім музеі.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні стар.-грэч.: Ὅμηρος
Дата нараджэння каля IX стагоддзе да н.э.[1]
Месца нараджэння
  • невядома
Дата смерці каля VIII стагоддзе да н.э.
Месца смерці
Грамадзянства
Маці Kretheis[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, аўтар, пісьменнік
Жанр эпас
Мова твораў старажытнагрэчаская мова
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гаме́р (стар.-грэч.: Ὅμηρος, Hómēros; канец IX да н.э. — пачатак VIII ст. да н.э.) — легендарны першы грэчаскі паэт і рапсод, якому прыпісваецца аўтарства эпічных паэм «Іліяда» і «Адысея»[2]. Яго эпасы ляжаць у аснове заходніх канонаў літаратуры, аказаўшы велізарны ўплыў на гісторыю літаратуры. Час жыцця Гамера — спрэчнае пытанне. Герадот лічыў, што Гамер жыў за 400 гадоў да часоў самога Герадота, адносячы такім чынам гады яго жыцця да 850 года да н.э., у той жа час іншыя старажытныя крыніцы сцвярджаюць, што ён жыў значна бліжэй да часоў Траянскай вайны, у пачатку XII стагоддзя да н.э.[3].

Гамераўскі эпас аказаў значны ўплыў на фарміраванне грэчаскай культуры, Гамер стаў прызнаным настаўнікам Грэцыі[4]. Фрагментамі гамераўскіх твораў лічыцца амаль палова ўсіх ідэнтыфікаваных старажытнагрэчаскіх літаратурных папірусаў[5]. Яго імя было прынята інтэрпрэтаваць як «закладнік» альбо «сляпы». За права звацца радзімай Гамера змагаліся сем гарадоў: Смірна, Хіёс, Калафон, Саламін, Родас, Аргас, Афіны.

Прыкладна палова знойдзеных старажытнагрэцкіх літаратурных папірусаў — урыўкі з Гамера[6].

Біяграфія

Пра жыццё і асобу Гамера дакладна нічога не вядома[7].

Зразумела, аднак, што «Іліяда» і «Адысея» былі створаныя значна пазней за апісаныя у іх падзеі, але раней за VI стагоддзе да н.э., калі дакладна зафіксавана іх існаванне. Храналагічны перыяд, у якім лакалізуе жыццё Гамера сучасная навука, — прыблізна VIII стагоддзе да н.э. Па словах Герадота, Гамер жыў за 400 гадоў да яго[8], іншыя старажытныя крыніцы кажуць, што ён жыў у часы Траянскай вайны[9].

Месца нараджэння Гамера невядомае. За права называцца яго радзімай у антычнай традыцыі спрачаліся сем гарадоў: Смірна, Хіяс, Калафон, Саламін, Родас, Аргас, Афіны[10][7]. Як паведамляюць Герадот і Паўсаній, памёр Гамер на востраве Іас архіпелага Кіклады. Напэўна, «Іліяда» і «Адысея» былі складзеныя на малаазійскім узбярэжжы Грэцыі, заселеным іанійскімі плямёнамі, або на адным з прылеглых астравоў. Зрэшты, гамераўскі дыялект не дае дакладных звестак пра родавую прыналежнасць Гамера, бо ўяўляе сабою спалучэнне іанійскага і эалійскага дыялектаў старажытнагрэчаскай мовы. Існуе здагадка, што яго дыялект уяўляе сабою адну з формаў паэтычнага кайнэ, які сфармаваўся задаўга да меркаванага часу жыцця Гамера.

Традыцыйна Гамер малюецца сляпым. Найболей імаверна, што гэта ўяўленне выходзіць не з рэальных фактаў яго жыцця, а ўяўляе сабою рэканструкцыю, характэрную для жанру антычнай біяграфіі[7].

З тае прычыны, што многія выбітныя і легендарныя вешчуны і песняры былі сляпыя (прыкладам, Тырэсій), па антычнай логіцы, якая злучала прароцкі і паэтычны дары, здагадка пра слепату Гамера выглядала вельмі праўдападобнай. Апроч таго, пясняр Дэмадок у «Адысеі» сляпы ад нараджэння[11], што таксама магло ўспрымацца аўтабіяграфічна.

Існуе паданне пра паэтычны двубой Гамера з Гесіёдам, апісаны ў творы «Спаборніцтва Гамера і Гесіёда», створаным не позней за III ст. да н.э., а як на думку многіх даследчыкаў, то і значна раней[12]. Паэты нібыта сустрэліся на востраве Эўбеі на гульнях у гонар загінулага Амфідэма і чыталі кожны свае лепшыя вершы. Цар Панд, які выступіў суддзём на спаборніцтве, прысудзіў перамогу Гесіёду, бо той заклікае да земляробства і міру, а не да вайны і пабоішчаў. Пры гэтым сімпатыі аўдыторыі былі на баку Гамера.

Апроч «Іліяды» і «Адысеі» Гамеру прыпісваецца шэраг твораў, несумнеўна створаных пазней: «гамеравы гімны» (VII—V стст. да н.э., лічацца нароўні з Гамерам найстаражытнымі ўзорамі грэчаскай паэзіі), камічная паэма «Маргіт» і інш.

Значэнне імя «Гамер» (яно ўпершыню сустракаецца ў VII стагоддзі да н.э., калі Калін Эфескі назваў яго аўтарам «Фіваіды») спрабавалі вытлумачыць яшчэ ў антычнасці, прапанаваліся варыянты «закладнік» (Гесіхій), «наступны за» (Арыстоцель) ці «сляпы»[13][14][15] (Эфар Кемскі), «але ўсе гэтыя варыянты гэтак жа непераканаўчыя, як і сучасныя прапановы прыпісаць яму значэнне „складальнік“ ці „акампаніятар“. <…> Гэтае слова ў сваёй іянійскай форме Ομηρος — практычна пэўна рэальнае асабістае імя»[7].

Гамераўскае пытанне

Сукупнасць праблемаў, звязаных з аўтарствам «Іліяды» і «Адысеі», іх узнікненнем і лёсам да моманту запісу, атрымала назву «гамераўскае пытанне»[16]. Паўстала яно яшчэ ў антычнасці[17], так, прыкладам, тады з’явіліся цверджанні, што Гамер стварыў свой эпас на падставе паэмаў паэтэсы Фантасіі часоў Траянскай вайны.

Фрыдрых Аўгуст Вольф

«Аналітыкі» і «ўнітарыі»

Да канца XVIII стагоддзя ў еўрапейскай навуцы панавала думка, што аўтарам «Іліяды» і «Адысеі» з’яўляецца Гамер і што яны захаваліся прыкладна ў тым выглядзе, у якім былі ім створаныя (зрэшты, ужо абат д’Абіньяк у 1664 годзе ў сваіх «Conjectures académiques» сцвярджаў, што «Іліяда» і «Адысея» ўяўляюць сабою шэраг самастойных песень, сабраных разам Лікургам у Спарце VIII стагоддзя да н.э.). Аднак у 1788 годзе Ж. Б. Вілуазон апублікаваў схоліі да «Іліяды» з кодэкса Venetus A, якія па сваім аб’ёме значна перавышалі саму паэму і ўтрымвалі сотні варыянтаў, якія належаць антычным філолагам (пераважна, Зенадоту, Арыстафану і Арыстарху). Пасля гэтай публікацыі стала зразумела, што александрыйскія філолагі лічылі сумнеўнымі ці нават несапраўднымі сотні радкоў гамераўскіх паэм; яны не выкраслялі іх з рукапісаў, але пазначалі адмысловым знакам. Чытанне схоліяў таксама прыводзіла да высновы, што наяўны ў нас тэкст Гамера належыць да эліністычнага часу, а не да меркаванага перыяду жыцця паэта. Адштурхваючыся ад гэтых фактаў і іншых меркаванняў (ён меркаваў, што гамераўская эпоха была бяспісьменнай і таму паэту было не пад сілу скласці паэму такой даўжыні), Фрыдрых Аўгуст Вольф у кнізе «Пралегамены да Гамера»[18] выставіў гіпотэзу, што абедзве паэмы вельмі істотна, радыкальна змяняліся падчас існавання. Такім чынам, паводле Вольфа, немагчыма казаць, што «Іліяда» і «Адысея» належаць нейкаму аднаму аўтару.

Фармаванне тэксту «Іліяды» (у яе больш-менш сучасным выглядзе) Вольф адносіць да VI стагоддзя да н.э. Сапраўдны, згодна паведамленням шэрага антычных аўтараў (у тым ліку Цыцэрона), паэмы Гамера былі ўпершыню сабраныя разам і запісаныя па ўказанні афінскага тырана Пісістрата або яго сына Гіпарха. Гэтая так званая «пісістратава рэдакцыя» была патрэбная, каб спарадкаваць выкананне «Іліяды» і «Адысеі» на Панафінеях. На карысць аналітычнага падыходу сведчылі супярэчнасці ў тэкстах паэм, наяўнасць у іх розначасовых пластоў, вялізныя адступы ад асноўнага сюжэту.

Пра тое, як менавіта сфармаваліся паэмы Гамера, аналітыкі выказвалі розныя здагадкі. Карл Лахман меркаваў, што «Іліяда» была створаная з некалькіх песень невялікага памеру (так званая «тэорыя малых песень»). Готфрыд Герман, наадварот, меркаваў, што кожная паэма паўстала паўз паступовае пашырэнне невялікай песні, да якой дадаваўся ўсё новы матэрыял (так званая «тэорыя першапачатковага ядра»).

Апаненты Вольфа (так званыя «ўнітарыі») высоўвалі шэраг контраргументаў. Па-першае, падпадала пад сумнеў версія пра «пісістратавую рэдакцыю», бо ўсе паведамленні пра яе досыць познія. Гэта легенда магла з’явіцца ў эліністычныя часы па аналогіі з дзейнасцю тагачасных манархаў, якія клапаціліся пра набыццё розных рукапісаў (гл. Александрыйская бібліятэка). Па-другое, супярэчнасці і адступы не сведчаць пра множнае аўтарства, бо непазбежна сустракаюцца ў вялікіх творах. «Унітарыі» даводзілі адзінства аўтара кожнай з паэм, падкрэсліваючы цэласць задумы, хараство і сіметрыю кампазіцыі ў «Іліядзе» і «Адысеі».

«Вусная тэорыя» і «неа-аналітыкі»

Здагадка пра тое, што паэмы Гамера перадаваліся вусна, бо аўтар жыў у бяспісьменны час, была выказана яшчэ ў старажытнасці; бо былі звесткі, што ў VI стагоддзі да н.э. афінскі тыран Пісістрат даў даручэнне выпрацаваць афіцыйны тэкст гамераўскіх паэм.

У 1930-я гады амерыканскі прафесар Мілмэн Пэры арганізаваў дзве экспедыцыі дзеля даследавання паўднёваславянскага эпасу з мэтай параўнаць гэтую традыцыю з тэкстамі Гамера. У выніку гэтага маштабнага даследавання была сфармулявана «вусная тэорыя», якая завецца таксама «тэорыяй Пэры-Лорда» (А. Лорд — прадаўжальнік справы рана памерлага М. Пэры). Згодна з вуснай тэорыяй, у гамераўскіх паэмах прысутнічаюць несумнеўныя рысы вуснага эпічнага сказу, найважнейшай з якіх з’яўляецца сістэма паэтычных формулаў. Вусны пясняр штораз стварае песню наноў, але лічыць сябе толькі выканаўцам. Дзве песні на адзін сюжэт, нават калі яны радыкальна адрозныя па даўжыні і моўным выразе, з пункту гледжання песняра — адна і тая ж песня, толькі «выкананая» па-рознаму. Песняры непісьменныя, бо ўяўленне пра фіксаваны тэкст пагібельнае для імправізацыйнай тэхнікі.

Такім чынам, з вуснай тэорыі вынікае, што тэкст «Іліяды» і «Адысеі» набыў фіксаваную форму пры жыцці іх вялікага аўтара ці аўтараў (то-бок Гамера). Класічны варыянт вуснай тэорыі ўяўляе сабою запіс гэтых паэмаў пад дыктоўку, бо пры вуснай перадачы ў рамках імправізацыйнай традыцыі іх тэкст радыкальна змяніўся б ужо пры наступным выкананні. Зрэшты, існуюць і іншыя тлумачэнні. Створаныя абедзве паэмы адным ці двума аўтарамі, тэорыя не тлумачыць.

Апроч таго, вусная тэорыя пацвярджае антычныя ўяўленні пра тое, што «было шмат паэтаў і да Гамера». Сапраўды, тэхніка вуснага эпічнага сказзальніцтва з’яўляецца вынікам працяглага, мусібыць, шматвяковага развіцця і не адлюстроўвае індывідуальных рысаў аўтара паэмаў.

Неа-аналітыкі не з’яўляюцца сучаснымі прадстаўнікамі аналітызму. Неа-аналіз — кірунак у гамеразнаўстве, які займаецца выяўленнем ранейшых паэтычных пластоў, якія скарыстаў аўтар (кожнай з) паэм. «Іліяда» і «Адысея» параўноўваюцца з кіклічнымі паэмамі, якія дайшлі да нашага часу ў пераказах і фрагментах. Такім чынам, неа-аналітычны падыход не супярэчыць пануючай вуснай тэорыі. Найслынны з сучасных неа-аналітыкаў — нямецкі даследчык Вольфганг Кульман, аўтар манаграфіі «Крыніцы Іліяды»[19].

Гамер (каля 460 да н. э.).

Мастацкія асаблівасці

Адна з найважнейшых кампазіцыйных асаблівасцяў «Іліяды» — «закон храналагічнай несумяшчальнасці», сфармуляваны Фадзеем Францавічам Зялінскім. Яна заключаецца ў тым, што «ў Гамера ніколі аповед не вяртаецца да кропкі свайго адпраўлення. Адсюль вынікае, што паралельныя дзеянні ў Гамера паказаныя быць не могуць; паэтычная тэхніка Гамера ведае толькі простае, лінейнае, а не падвойнае, квадратнае вымярэнне»[20]. Такім чынам, часам паралельныя падзеі малююцца як паслядоўныя, часам жа адна з іх толькі згадваецца ці нават замоўчваецца. Гэтым тлумачацца некаторыя ўяўныя супярэчнасці ў тэксце паэмы.

Даследчыкі адзначаюць складнасць твораў, паслядоўнае развіццё дзеяння і цэльныя вобразы галоўных герояў. Параўноўваючы моўнае мастацтва Гамера з выяўленчым мастацтвам тае эпохі, нярэдка кажуць пра геаметрычны стыль паэм[21]. Зрэшты, пра адзінства кампазіцыі «Іліяды» і «Адысеі» выказваюцца і процілеглыя думкі ў духу аналітызму[22].

Стыль абедзвюх паэмаў можна ахарактарызаваць як формульны. Пад формулай тут разумеецца не набор штампаў, а сістэма гнуткіх (змяняльных) выразаў, якія злучаныя з пэўным метрычным месцам радка. Такім чынам, можна казаць пра формулу нават тады, калі нейкае словазлучэнне сустракаецца ў тэксце толькі аднойчы, але можна паказаць, што яно з’яўлялася часткай гэтай сістэмы. Апроч уласна формулаў сустракаюцца паўтаральныя фрагменты з некалькіх радкоў. Прыкладам, пры пераказванні адным героем гаворкі іншага тэкст можа паўтарацца зноў цалкам ці амаль даслоўна.

Для Гамера характэрныя складовыя эпітэты («хутканогі», «ружаперстая», «грамабой»); значэнне гэтых і іншых эпітэтаў трэба разглядаць не сітуацыйна, а ў рамках традыцыйнай формульнай сістэмы. Так, ахейцы «пышнапаножныя» нават у тым выпадку, калі яны апісваюцца не ў даспехах, а Ахілес «хутканогі» нават падчас адпачынку.

Гістарычная аснова паэмаў Гамера

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў навуцы панавала думка, што «Іліяда» і «Адысея» негістарычныя. Аднак раскопы Генрыха Шлімана на ўзгорку Гісарлык і ў Мікенах паказалі, што гэта няслушна. Пазней былі адкрытыя хецкія і егіпецкія дакументы, у якіх выяўляюцца пэўныя паралелі з падзеямі легендарнай Траянскай вайны. Дэшыфраванне складовай мікенскай пісьмовасці (Лінейнае пісьмо Б) дало шмат інфармацыі пра жыццё ў эпоху, калі адбывалася дзеянне «Іліяды» і «Адысеі», хоць ніякіх літаратурных фрагментаў гэтай пісьмовасцю знойдзена не было. Тым не менш, дадзеныя паэм Гамера складаным чынам суадносяцца з існуючымі археалагічнымі і дакументальнымі крыніцамі і не могуць выкарыстоўвацца некрытычна: дадзеныя «вуснай тэорыі» сведчаць пра вельмі вялікія скажэнні, якія павінны ўзнікаць з гістарычнымі дадзенымі ў традыцыях падобнага роду.

На сёння ўсталяваўся погляд, што свет гамераўскіх паэмаў адлюстроўвае рэалістычную карціну жыцця апошняга часу перыяду старажытнагрэцкіх «цёмных вякоў»[23].

Гамер у сусветнай культуры

Сярэднявечная ілюстрацыя да «Іліяды».

Уплыў гамераўскіх паэмаў «Іліяда» і «Адысея» на старажытных грэкаў супастаўляюць з уплывам Бібліі на яўрэяў[24].

Сістэма адукацыі, якая склалася да канца класічнай эпохі ў Старажытнай Грэцыі, была пабудаваная на вывучэнні паэмаў Гамера. Яны завучваліся часткова ці нават цалкам, па іх тэмах ладзіліся дэкламацыі і г.д. Гэтая сістэма была запазычаная Рымам, дзе месца Гамера з I ст. н.э. заняў Вергілій. Як адзначае Маргаліт Фінкельберг, рымлянамі, якія бачылі ў сабе нашчадкаў пераможаных траянцаў, гамераўскія паэмы былі адпрэчаныя, вынікам чаго стала тое, што яны, працягваючы захоўваць свой кананічны статус на грэкамоўным Усходзе, для лацінскага Захаду былі страчаныя аж да эпохі Адраджэння[25].

У паслякласічную эпоху ствараліся вялікія гекзаметрычныя паэмы на гамераўскім дыялекце як перайманне ці ў якасці спаборніцтваў з «Іліядай» і «Адысеяй». Сярод іх можна назваць «Арганаўтыку» Апалонія Радоскага, «Паслягамераўскія падзеі» Квінта Смірнскага і «Прыгоды Дыяніса» Нона Панапалітанскага. Іншыя эліністычныя паэты, прызнаючы вартасці Гамера, устрымліваліся ад буйной эпічнай формы, мяркуючы, што «ў вялікіх рэках каламутная вада» (Калімах[26]) — што толькі ў невялікім творы можна дасягнуць бездакорнай дасканаласці.

У літаратуры Старажытнага Рыма першы захаваны (фрагментарна) твор — пераклад «Адысеі», выкананы грэкам Лівіем Андронікам. Галоўны твор рымскай літаратуры — гераічны эпас «Энэіда» Вергілія — уяўляе сабою перайманне «Адысеі» (першыя 6 кніг) і «Іліяды» (апошнія 6 кніг). Уплыў гамераўскіх паэм можна прасачыць практычна ва ўсіх творах антычнай літаратуры.

Заходняму сярэднявеччу Гамер практычна не вядомы з прычыны занадта слабых кантактаў з Візантыяй і няведання старажытнагрэчаскай мовы, аднак гекзаметрычны гераічны эпас захоўвае ў культуры вялікае значэнне дзякуючы Вергілію.

У Візантыі Гамер быў добра вядомы і старанна вывучаўся. Да цяперашняга часу захаваліся дзясяткі поўных візантыйскіх рукапісаў гамераўскіх паэмаў, што беспрэцэдэнтна для твораў антычнай літаратуры. Апроч таго, візантыйскія навукоўцы перапісвалі, кампілявалі і стваралі схоліі і каментары да Гамера. Каментар архібіскупа Яўстафія да «Іліяды» і «Адысеі» ў сучасным крытычным выданні займае сем тамоў. У апошні перыяд існавання Візантыйскай імперыі і пасля яе крушэння грэцкія рукапісы і навукоўцы трапляюць на Захад, і эпоха Адраджэння наноў адкрывае для сябе Гамера.

Пераклады

На беларускую мову «Іліяду» пераклаў Браніслаў Тарашкевіч (да нас дайшлі фрагменты). Вядомы урывак ў перакладзе Юльяна Дрэйзінa. Новы поўны пераклад «Іліяды» ў 2024 г. зрабіў Лявон Баршчэўскі. Над перакладам «Адысеі» працавалі Міхайла Грамыка і Юльян Дрэйзін (пераклад не знойдзены). Урывак са свайго перакладу апублікаваў Анатоль Клышка, а празаічны пераказ твора зрабіў Уладзімір Анісковіч.

Публікацыі

  • Гамер. Урыўкі з «Іліяды» і «Адысеі» / Гамер. Пер. са старажытнагрэч. Б. Тарашкевіча, Ю. Дрэйзіна, А. Клышкі // Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Ч. І. — Мн.: БГАКЦ, 1995. — С. 6—28.
  • Гамер. «Іліяда». У двух тамах. Пераклад Лявона Баршчэўскага, 2024.
  • «Адысея» ў пераказе Ул. Анісковіча // Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі. — Мн.: Юнацтва, 1996. — С. 214—278.

Гл. таксама

Крыніцы

  1. Bibliothèque nationale de France Record #11907688f // BnF catalogue généralParis: BnF. Праверана 6 лістапада 2016.
  2. Vidal-Naquet, Pierre (2000). Le monde d'Homère. Perrin. p. 19.
  3. Graziosi, Barbara (2002). «The Invention of Homer». Cambridge. pp. 98-101.
  4. Heubeck, Alfred; West, Stephanie; Hainsworth, J. B. (1988). «A Commentary on Homer’s Odyssey». Oxford: Oxford University Press. p. 3. ISBN 0-19-814047-9.
  5. Finley, Moses (2002). «The World of Odysseus». New York: New York Review of Books. pp. 11-2. ISBN 978-1-59017-017-5
  6. Finley, Moses (2002). The World of Odysseus. New York: New York Review of Books. pp. 11–2. ISBN 978-1-59017-017-5.; Finley’s figures are based upon the corpus of literary papyri published before 1963.
  7. а б в г Введенский Б. А. . Большая советская энциклопедия Том 12 — Большая Советская Энциклопедия Второе издание(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2014. Праверана 19 ліпеня 2016.
  8. Герадот 2.53.
  9. Graziosi, Barbara (2002). "The Invention of Homer". Cambridge: 98–101. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка)
  10. Анпектова-Шарова & Дуров 2004, p. 63.
  11. Одиссея VIII, 63 сл.
  12. Тронский И. М. История античной литературы М., 1983. С. 66.
  13. P. Chantraine, Dictionnaire étymologique de la langue grecque, Klincksieck, Paris, 1968, vol. 2 (3-4) p. 797 ad loc.
  14. H.G. Liddell, R. Scott, A Greek-English Lexicon, rev. ed. Sir Henry Stuart-Jones, Clarendon Press, Oxford, 1968 ad loc.
  15. Pseudo-Herodotus, Vita Homeri1.3 in Thomas W. Allen, Homeri Opera, Tomus V,(1912) 1946 p. 194. Cf. Lycophron, Alexandra, l.422
  16. Анпектова-Шарова & Дуров 2004, p. 64.
  17. Введенский Б. А. . Большая советская энциклопедия Том 12 — Большая Советская Энциклопедия Второе издание(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2014. Праверана 19 ліпеня 2016.
  18. Wolf F.A. Prolegomena ad Homerum. Halle, 1795
  19. Kullmann W. «Die Quellen der Ilias». Wiesbaden, 1960
  20. Зелинский Ф. Ф. «Закон хронологической несовместимости и композиция Илиады» (в сб. Χαριστήρια. СПб., 1897, стр. 106).
  21. Гл. напр. Лосев А. Ф. Гомер. М., 1960, с. 130 слл.).
  22. Гл. напр. Клейн Л. С. Анатомия «Илиады». СПб., 1998, стр. 10).
  23. Феномен полиса в современной зарубежной историографии: Реф. сб. / РАН. ИНИОН. Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. истории; Отв. ред. Медовичев А. Е. — М., 2011. — 152 с. — (Сер.: Всеобщая история). С. 6.
  24. 2. ФОРМЫ ГРЕЧЕСКОЙ ЖИЗНИ, ПОДГОТОВИВШИЕ РОЖДЕНИЕ ФИЛОСОФИИ 2.1. Поэмы
  25. Журнальный зал | НЛО, 2008 N93 | Т. Ф. ТЕПЕРИК, В. БУЯКОВА, АЛИНА БОДРОВА — Гаспаровские чтения √ 2008
  26. Гимн 2, 108—109.

Літаратура

Тэксты і пераклады

гл. таксама: en:English translations of Homer
  • Са з’яўленнем друкарства ў 1488 годзе ў Фларэнцыі Дзімітрыем Халкакандылам упершыню былі выдадзены «Іліяда» і «Адысея».
  • Русский прозаический перевод: Полное собрание творений Гомера. / Пер. Г. Янчевецкого. Ревель, 1895. 482 стр. (приложение к журналу «Гимназия»)
  • Краузе В. М. Гомеровский словарь (к Илиаде и Одиссее). Со 130 рис. в тексте и картою Трои. СПб., А. С. Суворин. 1880. 532 стб. (пример дореволюционного школьного издания)
  • Часть I. Греция // Античная литература. — СПб: Филологический факультет СПбГУ, 2004. — Т. I. — ISBN 5-8465-0191-5.

Манаграфіі пра Гамера

  • Петрушевский Д. М. Общество и государство у Гомера. М., 1913.
  • Зелинский Ф. Ф. Гомеровская психология. Пг., Изд-во АН, 1920.
  • Альтман М. С. Пережитки родового строя в собственных именах у Гомера. (Известия ГАИМК. Вып. 124). М.-Л.: ОГИЗ, 1936. 164 стр. 1000 экз.
  • Фрейденберг О. М. Миф и литература древности. М.: Вост. лит. 1978. 2-е изд., доп. М., 2000.
  • Толстой И. И. Аэды: Античные творцы и носители древнего эпоса. М.: Наука, 1958. 63 стр.
  • Лосев А. Ф. Гомер. М.: ГУПИ, 1960. 352 стр. 9 т.э.
    • 2-е изд. (Серия «Жизнь замечательных людей»). М.: Мол. гв., 1996=2006. 400 стр.
  • Ярхо В. Н. Вина и ответственность в гомеровском эпосе. Вестник древней истории, 1962, № 2, с. 4-26.
  • Сахарный Н. Л. Гомеровский эпос. М.: ХЛ, 1976. 397 стр. 10000 экз.
  • Гордезиани Р. В. Проблемы гомеровского эпоса. Архівавана 13 лістапада 2007. Тб.: Изд-во Тбил. ун-та, 1978. 394 стр. 2000 экз.
  • Шталь И. В. Художественный мир гомеровского эпоса. М.: Наука, 1983. 296 стр. 6900 экз.
  • Челышев П. В., Котенева А. В. Очерки по истории мировой культуры: боги и герои античной мифологии. М.: МГГУ, 2013. 351 с. 100 экз. ISBN 978-5-91615-032-2
  • Cunliffe R. J. A lexicon of the homeric dialect. L., 1924.
  • Leumann M. Homerische Würter. Basel, 1950.
  • Treu M. Von Homer zur Lyrik. München, 1955.
  • Whitman C.H. Homer and the heroic tradition. Oxford, 1958.
  • Лорд А. Сказитель. М., 1994.
  • Егунов А. Н. Гомер в русских переводах XVIII—XIX вв. М.-Л., 1964. (2-е изд.) М.: Индрик, 2001.

Бібліяграфія гамераўскіх гімнаў

  • Перевод гимнов Ивлин-Уайта (англ.)
  • В серии «Collection Budé»: Homere. Hymnes. Texte établi et traduit par J. Humbert. 8e tirage 2003. 354 p.
  • Гомеровы гимны. / Пер. В. Вересаева. М.: Недра, 1926. 96 стр.
    • переизд.: Античные гимны. М.: Изд-во МГУ. 1988. С. 57-140 и комм.
  • Гомеровы гимны. / Пер. и комм. Е. Г. Рабинович. М.: Carte blanche, 1995.
  • Деревицкий А. Н. Гомерические гимны. Анализ памятника в связи с историей его изучения. Харьков, 1889. 176 стр.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya