З-за гарыстага рэльефу і моцнай ізаляцыі рэгіёнаў працэсы складання сербскай дзяржаўнасці ішлі марудна. Гэты працэс значна паскорыўся пасля таго, як сербы прынялі хрысціянства па візантыйскаму ўзору. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні ў сербаў пачалі складвацца ў VIII—IX стст., перш за ўсё ў Рашке. На працягу ІХ ст. менавіта Рашка была цэнтрам палітычнага аб'яднання сербскіх зямель. У Х ст. у суседнім Захум'е ўзнік другі цэнтр. С самага пачатку існавання сербам даводзілася змагацца за існаванне з суседзямі. Так, у Х ст. Сербія стала арэнай барацьбы паміж Балгарыяй і Візантыяй. Абодва бакі імкнуліся зрабіць князем Рашкі свайго чалавека.
Калі Балгарыя і Візантыя былі часова аслаблены барацьбой, Часлаў Кланіміравіч аб'яднаў пад сваёй уладай амаль усе этнічна сербскія землі, у тым ліку Боснію і Травунію. Аднак пасля яго смерці створаная ім дзяржава пачала паступова развальвацца.
У пачатку ХІ ст. амаль усе сербскія землі апынуліся пад намінальнай уладай спачатку Балгарыі, а пасля — Візантыі. У гэтай сітуацыі новым цэнтрам згуртавання сербскіх зямель стала Дукля, якая знаходзілася на беразе Адрыятычнага мора. Дуклянскі князь Ваіслаў і яго сын Міхаіл аб'ядналі значную частку сербскіх зямель, а ў 1077 г. Міхаіл нават атрымаў каралеўскі тытул ад рымскага папы Грыгорыя VII. Наступны ўладар Дуклі Канстанцін Бодзін аб'яднаў практычна ўсе сербскія землі, аднак ён не здолеў стварыць цэнтралізаваную дзяржаву. Таму хутка пасля яго смерці створаная дуклянскімі ўладарамі дзяржава распалася. У выніку гэтага Візантыя зноў паставіла сербскія землі пад сваю ўладу. У гэты ж час Боснія стала васалам Венгрыі і такім чынам адыйшла ад працэсаў фарміравання сербскай дзяржаўнасці.
Дзяржава Неманічаў
У другой палове ХІІ ст. цэнтрам аб'яднання сербскіх зямель зноў стала Рашка. Пасля напружанай барацьбы феадальных кланаў уладу ў Рашцы ўзяў Стэфан Неманя, заснавальнік дынастыі Неманічаў. Ён аб'яднаў амаль усе этнічна сербскія землі пад сваёй уладай і дзеля цэнтралізацыі ўлады перадаў кіраванне асобнымі абласцямі сваёй дзяржавы сваім сынам. Стэфан актыўна садзейнічаў станаўленню нацыянальнай сербскай праваслаўнай царквы, таму што Візантыя звычайна выкарыстоўвала праваслаўную царкву як інструмент сваёй захопніцкай палітыкі і ўвогуле распаўсюджання свайго ўплыву.
У 1196 г. Стэфан перадаў уладу свайму сыну, таксама Стэфану, а сам скончыў сваё жыццё ў заснаваным ім Хіліндарскім манастыры на Афоне. Стэфан ІІ у 1217 г. атрымаў каралеўскі тытул ад рымскага папы. Гэта было зроблена для міжнароднага прызнання Сербіі самастойнай дзяржавай. У 1221 г. Стэфан ІІ зрабіў свайго брата Савву сербскім архіепіскапам і здолеў дабіцца прызнання аўтакефаліі сербскай царквы ад Канстанцінопаля. У 1222 г. Савва перавянчаў свайго брата па праваслаўнаму ўзору, захаваўшы за ім тытул караля і поўнасцю вярнуўшы яго ў праваслаўе.
У 1240 г., пасля міжусобіцы паміж сынамі Стэфана ІІ, сербскім каралём стаў Ураш І, у час якоба сербы змагаліся супраць манголаў і правялі вайну з Венгрыяй.
Знешнепалітычныя абставіны складваліся для Сербіі вельмі цяжкія. Напрыклад, сербскі кароль Мілуцін ажаніўся нават тры разы — з венгерскай прынцэсай, з сястрой балгарскага цара і з дачкой візантыйскага імператара. Кожны шлюб быў цалкам палітычным, бо Сербія вяла ў гэты перыяд шмат войнаў.
Праўленне Стэфана Душана
Сын Мілуціна, Стэфан Ураш ІІІ, праводзіў недальнабачную знешнюю палітыку, што прывяло да таго, што ў 1331 г. ён быў забіты ў выніку змовы феадалаў; новым каралём стаў яго сын Стэфан Душан. Існуе легенда, што Стэфан сваімі рукамі задушыў свайго бацьку, за што ён і атрымаў мянушку «Душан». Стэфан Душан рабіў крокі па цэнтралізацыі ўлады, ён таксама значна пашырыў тэрыторыю краіны захопамі балгарскіх і візантыйскіх тэрыторый. Аслабленыя краіны не маглі нічога супрацьпаставіць палітыцы Душана, і хутка Балгарыя стала васалам Сербіі, а ў 1346 г. Стэфан Душан каранаваўся ўжо як цар сербаў і рамееў (грэкаў-візантыйцаў). Годам раней сербская царква стала патрыярхіяй. У 1349 г. Стэфан Душан прыняў звод законаў, які вядомы як Законнік Стэфана Душана.
Перыяд кіравання Стэфана Душана лічыцца перыядам росквіту сярэдневяковай сербскай дзяржаўнасці.
Барацьба супраць турэцкай агрэсіі
Пасля смерці Стэфана Душана ў 1355 г. царом Сербіі стаў Стэфан V Ураш, які не меў палітычных здольнасцяў свайго бацькі. Пачаўся распад дзяржавы Стэфана Душана — спачатку ад яго адыйшлі ўсе несербскія землі, а пасля пачаліся міжусобіцы і ў самой Сербіі. Цар страціў уладу, і пасля яго смерці пачалася барацьба паміж феадальнымі групоўкамі. Пераможцам з гэтай барацьбы выйшаў князь Лазар Гырблянавіч.
Галоўнай пагрозай для Сербіі ў гэты перыяд сталі туркі-асманы, якія паступова захапілі значную частку візантыйскіх уладанняў і пагражалі ўсім Балканам. Лазар стварыў саюз з удзелам баснійскага бана Твртка супраць турак.
15 чэрвеня 1389 г. на Косавам полі адбылася адна з буйнейшых бітваў Сярэднявечча. У бітве загінулі абодва камандуючых — Лазар загінуў у баі, а султан Мурад быў забіты сербам Мілашам Абілічам. Туркі з-за сваёй значнай колькаснай перавагі здолелі перамагчы, аднак ніякіх шансаў на захоп Сербіі ў іх ужо не было. Таму сербы заключылі з туркамі пагадненне, па якому сын Лазара, Стэфан Лазаравіч, прызнаваў сваю васальную залежнасць ад Турцыі. У сваю чаргу, туркі прызналі яго ўладаром Сербіі.
Стэфан Лазаравіч удзельнічаў у паходах турак, у тым ліку ў бітве каля Анкары ў 1402 г., калі туркі былі цалкам разбіты Тамерланам (Тымурам). Стэфан Лазаравіч здолеў выратавацца. Пасля гэтага ён разарваў дагавор з туркамі і прызнаў сябе васалам Візантыі, за што візантыйцы далі яму тытул дэспата.
Дэспатавіна
Стэфан Лазаравіч пачаў шукаць новага саюзніка ў барацьбе супраць турак. Гэтым саюзнікам стала Венгрыя, у якой разумелі, што наступным аб'ектам турэцкай агрэсіі пасля Сербіі стане якраз Венгрыя. У 1403 г. Стэфан стаў васалам Венгрыі.
Аднак туркі пачалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы дэспатавіны. Яны падтрымлівалі сербскіх феадалаў на поўдні Сербіі, галоўным з якіх быў Юрый Бранкавіч. Венгрыя падтрымлівала феадалаў на поўначы, а феадалы Адрыятыцы арыентаваліся на Венецыю.
Пасля паражэння аб'яднанай арміі еўрапейскіх краін пад Варнай у 1444 г. туркі пачалі паступовы захоп усіх сербскіх зямель. Пасля захопу Канстанцінопаля ў 1453 г. туркі ўсе свае сілы сканцэнтравалі на захопе Сербіі. У 1459 г. апошняя сербская крэпасць Смедэрэва была ўзята туркамі.
Сербія пад уладай Асманскай імперыі
У перыяд з 1459 па 1804, Сербія знаходзілася пад прамым кіраваннем Асманскай імперыі. Неаднаразова падымаліся паўстанні, якія доўжыліся некалькі дзесяцігоддзяў. Працяг палітычнага крызісу ў Асманскай імперыі прывёў да сербскага паўстання (1804—1813), падчас якога была абвешчана незалежнасць Сербіі, але турэцкія войскі здолелі задушыць паўстанне. Праз два года, ўспыхнула другое паўстанне пад кіраўніцтвам Мілаша Абрэнавіча, якое скончылася падпісаннем пагаднення, паводле якога Сербія атрымала шырокую аўтаномію ў складзе Турцыі.
Стварэнне незалежнай сербскай дзяржавы ў ХІХ ст
У 1867 апошнія асманскія войскі пакінулі Сербію, і дзяржава становіцца дэ-факта незалежная. На Берлінскім кангрэсе ў 1878 годзе. Сербія атрымала міжнароднае прызнанне.
У пачатку 20 ст. значна павялічвае сваю плошчу за кошт перамогі ў балканскіх войнах. З вялікімі людскімі і матэрыяльнымі стратамі, Сербія ўнесла свой уклад у перамогу Антанты ў Першай сусветнай вайне.
У гады Другой сусветнай вайны, тэрыторыя Сербіі знаходзяцца пад акупацыяй нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў Італіі, Балгарыі, Венгрыі, Албаніі, а таксама пра-фашысцкага марыянеткавага дзяржаўнага ўтварэння Незалежнай дзяржавы Харватыі (НДХ).
Адразу пасля вайны (1945) ў якасці пераемніцы Каралеўства Югаславіі, утварылася Дэмакратычная федэратыўная Югаславія, якая знаходзілася пад уладай новага камуністычнага рэжыму на чале з І. Броз-Цітам. Новая Югаславія складалася з пяці рэспубалік: Сербіі, Харватыі, Славеніі, Чарнагорыі і Македоніі. У тым жа г. (1945) краіна атрымала новую назву Федэральная Народная Рэспубліка Югаславія, назва праіснавала да 1963 г. калі была перайменавана ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславію.
Сербія на сучасным этапе
У 1991—1992 калі Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія вышлі з складу СФРЮ, Сербія і Чарнагорыя захавалі федэральныя адносіны і 27 красавіка1992 абвясцілі Саюзную Рэспубліку Югаславію (СРЮ). У выніку працэсу перабудовы міжрэспубліканскіх адносін 4 лютага2003 года абвешчана новая дзяржаўная супольнасць Сербія і Чарнагорыя, якая стала прадаўжальнікам СРЮ. Пасля правядзення ў Чарнагорыі 21 мая2006 рэферэндуму па пытанні аб яе дзяржаўнай самастойнасці Народная Скупшчына Рэспублікі Сербіі 5 чэрвеня2006 года пацвердзіла, што паводле Дэкларацыі аб незалежнасці Чарнагорыі (3 чэрвеня 2006) і артыкулу 60 Канстытуцыйнай хартыі дзяржсупольнасці Сербіі і Чарнагорыі Рэспубліка Сербія з'яўляецца правапераемнікам Сербіі і Чарнагорыі на міжнародным узроўні.
Вясной 2017 г. у знак пратэсту супраць абрання А. Вучыча прэзідэнтам на вуліцы Сербіі выйшлі дзесяткі тысяч маладых людзей.
З пачатку снежня 2018 г. пачаліся пратэсты супраць палітыкі прэзідэнта А. Вучыча пад дэвізам «Адзін з пяці мільёнаў». Падставай для правядзення першай масавай акцыі 8 снежня стала жорсткае збіццё лідара партыі «Левая Сербія» Борка Стэфановіча(серб.) (бел. (адбылося 23 лістапада ў Крушавац). Падазраваныя ў нападзе былі неўзабаве затрыманыя, але незадоўга да навагодніз святаў адпушчаныя на волю ў сувязі з недахопам доказаў. Пратэстоўцы патрабавалі свабоды мас-медыяў і стварэння справядлівых умоз для выбараў.