Дэвіз: «сербахарв. кір.Један народ, један краљ, једна држава сербахарв. лат.Jedan narod, jedan kralj, jedna država (бел.: Адзін народ, адзін кароль, адна дзяржава)»
Кіраванне караля ў гэты перыяд характарызавалася аўтарытарна-кансерватыўнымі тэндэнцыямі. Каралеўства Югаславія ў пазбяганне міжэтнічных канфліктаў і небяспекі распаду дзялілася на правінцыі (бановіны), не адпаведныя тэрыторыі рассялення ні аднаго з асноўных паўднёваславянскіх народаў. Гэта адпавядала ідэалогіі сцірання міжнацыянальных адрозненняў і асіміляцыі.
Да арганізаванага харвацкімі ўсташамі забойства караля Аляксандра ў 1934 годзе Югаславія была арыентавана на саюз з дэмакратычнымі дзяржавамі Заходняй Еўропы (уваходзіла ў так званую Малую Антанту). Пасля згубы караля і прыходу да ўлады князя-намесніка Паўла дзяржава ўзяла курс, дружалюбны да фашысцкіх краін — Германіі і Італіі. У 1939 годзе Харватыя атрымала аўтаномію ў рамках каралеўства як асобная бановіна. У сакавіку 1941 года ўрад Югаславіі далучыўся да Берлінскага пакту фашысцкіх дзяржаў, што выклікала шырокі рух пратэсту. 27 сакавіка прафашысцкі ўрад быў зрынуты.
6 красавіка1941 года на Югаславію напалі фашысцкія войскі, якія акупавалі і падзялілі тэрыторыю краіны. Была створана самастойная харвацкая дзяржава (якая кантралявала таксама Боснію) на чале з усташамі; частка тэрыторыі краіны адышла да Германіі і Італіі, пачаўся генацыд сербаў. У Югаславіі разгарнулася народна-вызваленчае дужанне. Яе ўзначальвалі, з аднаго боку, камуніст Ціта (Камуністычная партыя Югаславіі, заснаваная ў 1919 годзе), з іншага боку, манархісты-чэтнікі на чале з Д. Міхайлавічам; друг з другам гэтыя партыі то тактычна зблакоўваліся, то ваявалі. Паўночна-ўсходняя частка краіны была вызваленая ў 1944 годзе падчас сумесных дзеянняў савецкіх войск і НВВЮ (Народна-вызваленчага войска Югаславіі). Да 15 мая 1945 года югаслаўскае войска завяршыла вызваленне Югаславіі. 29 лістапада 1945 года была абвешчаная Федэратыўная Народная Рэспубліка Югаславія.