Ван (турэцк.: Van) — горад ва ўсходняй Турцыі, адміністрацыйны цэнтр правінцыі Ван. Размешчаны на ўсходнім беразе возера Ван. Назва горада паходзіць ад армянскагаван — сяло, паселішча. 360 тыс. жыхароў (2008).
Узнік у І тысячагоддзі да н.э. Да VI стагоддзя да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да I стагоддзя да н.э. значны горад Старажытнай Арменіі. У 364 годзе разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У Х стагоддзі ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 года пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У другой палове XIV стагоддзя двойчы разбураны войскамі Цімура. З XVII стагоддзя пад уладай Турцыі. У Першую сусветную вайну армянскае насельніцтва Вана выселена і знішчана турэцкімі ўладамі.