Яўген Уладзіміравіч Гляцэвіч (нар. 14 красавіка 1935, в. Кутузаўка, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць) — беларускі архітэктар.
Скончыў у 1955 годзе Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, у 1965 годзе — БПІ. У 1955—1959 гадах служыў у Ваенна-марскім флоце. У 1965—1969 гадах архітэктар у «БелНДІдзіпрасельбуд», у 1970—1971 гадах кіраўнік групы архітэктараў у праектным інстытуце «Белдзіпрахарчпрам», у 1971—1995 гадах галоўны архітэктар, начальнік архітэктурна-будаўнічага аддзела ў інстытуце «Белмясцпрампраект».
Член Саюза архітэктараў БССР з 1976 года. Пражывае ў Мінску.
Аўтар шэрагу публікацый па архітэктурнай тэматыцы ў часопісах і газетах. Прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы шматлікіх праектаў будынкаў прамысловага і грамадзянскага прызначэння, у т.л. урачэбны пункт у пас. Леніна Магілёўскай вобласці (1967), адміністрацыйны будынак у у калгасе «Прагрэс» Гродзенскай вобласці — адміністрацыйны будынак (1969); праектна-канструктарскі і тэхналагічны інстытут з вопытнай вытворчасцю (1975—1980); інжынерна-лабараторны і дызельны карпусы Мінскага маторнага завода (1974—1978); блок цэхаў з прахадной Мінскага трактарнага завода па вуліцы Радыяльнай (1974—1978); 6-ы аўтобусны парк у Мінску (1983); шматпавярховы гараж на 100 легкавых аўтамабіляў у Мінску (1985); вытворчая дарожна-будаўнічая база ў Брэсце (1978), аўтавакзалы ў гарадах Чэрвень (1984; у сааўтарстве з Б. Караваевым), Беразіно, Баранавічы, Кобрын (1984—1986) і Пінску (1985).
Узнагароджаны граматамі ВДНГ і Саюза архітэктараў БССР.