Выхаванец СДЮШАР мінскага «Дынама», з 2009 года пачаў гуляць за дубль мінчан.
Першую палову сезона 2012 правёў у арэндзе ў «Бярозе-2010». Улетку 2012 вярнуўся ў «Дынама», гуляў за дубль, нярэдка з’яўляючыся на лаўцы запасных асноўнага складу. 26 верасня 2012 дэбютаваў за асноўную каманду «Дынама», выйшаўшы на замену на 67-й хвіліне ў кубкавым матчы з пінскай «Хваляй» (5:0).
Сезон 2013 зноў правёў у арэндзе ў «Бярозе-2010». У 20 матчах прапусціў усяго 19 галоў, чым дапамог «Бярозе-2010» заняць выніковае 5-е месца ў Першай лізе.
У пачатку сезона 2014 вярнуўся ў асноўную каманду «Дынама» і замацаваўся ў якасці другога брамніка. 24 жніўня 2014 дэбютаваў у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, адгуляўшы увесь матч са «Слуцкам» (0:0). У далейшым стаў трывала з’яўляцца ў стартавым складзе мінчан, чаргуючыся з Аляксандрам Гутарам.
У сезоне 2015 Гутар замацаваўся ў асноўным складзе, а Ігнатовіч застаўся другім брамнікам каманды. У чэрвені 2016 года, пасля пераходу Гутара ў расійскі «Арэнбург», стаў іграком стартавага складу. У пачатку 2017 года, пасля няўдалай гульні ў першым матчы сезона (2:2 супраць брэсцкага «Дынама» ў Кубку Беларусі) саступіў месца ў аснове Андрэю Клімовічу, аднак у ліпені зноў стаў з’яўляцца ў стартавым складзе. У верасні 2017 года падоўжыў кантракт з дынамаўцамі да канца 2019 года[4]. Канец сезона 2017 прапусціў з-за траўмы.
У сезоне 2018 быў другім брамнікам пасля Андрэя Гарбунова, а ў 2019 годзе — другім брамнікам пасля Максіма Плотнікава. Толькі ў кастрычніку і лістападзе ў сувязі з траўмай Плотнікава займаў месца ў браме асноўнай каманды. У лістападзе 2019 года па заканчэнні кантракта пакінуў мінскі клуб[5].
У студзені 2020 года пачаў трэніравацца з брэсцкім «Дынама» і неўзабаве падпісаў з ім кантракт[6]. У сезоне 2020 рэгулярна з’яўляўся на полі, чаргуючыся ў складзе з Паўлам Паўлючэнкам.
У студзені 2021 года далучыўся да «Мінска» і ў лютым афіцыйна падпісаў пагадненне з клубам[7]. Пачынаў сезон асноўным брамнікам, але хутка атрымаў траўму і больш на полі не з’яўляўся. У снежні 2021 года па заканчэнні кантракта пакінуў сталічны клуб[8].
У красавіку 2022 года стаў іграком «Іслачы»[9]. Замацаваўся ў якасці асноўнага брамніка каманды. У снежні 2022 года па заканчэнні кантракта пакінуў клуб[10].
У студзені 2023 года падпісаў кантракт з салігорскім «Шахцёрам»[11], дзе стаў асноўным брамнікам. Па выніках сезона 2023 быў прызнаны найлепшым брамнікам чэмпіянату Беларусі[12]. У ліпені 2024 года пакінуў «Шахцёр»[13] і неўзабаве далучыўся да казахстанскага клуба «Ардабасы»[14].