Клуб быў заснаваны ў 1998 годзе пад назвай «Слуцк», пазней стаў называцца «Слуцкцукар». Да 2007 года гуляў у чэмпіянаце Мінскай вобласці, стаў чэмпіёнам вобласці ў 2002 і 2007 гадах.
У 2008 годзе «Слуцкцукар» заявіўся ў Другую лігу, а па выніках сезона 2010 атрымаў месца ў Першай лізе. Тады ж клуб вярнуў назву «Слуцк».
У Першай лізе на працягу двух сезонаў клуб займаў пятае месца.
2013
У сезоне 2013 каманда разглядалася як адзін з фаварытаў турніру, але не лічылася галоўным прэтэндэнтам на павышэнне. Пачатак турніру атрымаўся не вельмі добры: каманда пацярпела паражэнні ў трэцім і чацвёртым турах. У выніку доўгі час прыйшлося даганяць галоўных канкурэнтаў: «Гарадзею» і «Віцебск». Пасля перамогі ў 14-м туры над «Віцебскам» (4:1) «Слуцк» выйшаў на другі радок, а пасля 21-га тура перагнаў «Гарадзею» і ўзначаліў турнірную табліцу. Пасля перамогі ў перадапошнім туры над «Віцебскам» (1:0) «Слуцк» стаў недасягальны для супернікаў і гарантаваў сабе выхад у Вышэйшую лігу.
2014
У сезоне 2014 каманда захавала асноўных ігракоў, узмацніўшыся пры гэтым шэрагам легіянераў. У выніку, каманда апынулася ў ніжняй частцы табліцы. Пазней, трохі паправіўшы сваё становішча, «Слуцк» узняўся на дзявяты радок, з якога пасля падзелу Вышэйшай лігі на шасцёркі трапіў у другую шасцёрку. У ніжняй палове табліцы справы ў «Слуцка» пайшлі лепш, ён узняўся на восьмае месца, але няўдалы фініш дазволіў гродзенскаму «Нёману» перагнаць случан, пакінуўшы тых дзявятымі.
2015
Сезон 2015 каманда пачала няўдала, неўзабаве апынуўшыся на апошнім радку табліцы. У жніўні 2015 года быў адпраўлены ў адстаўку шматгадовы галоўны тренер каманды Юрый Крот. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера стаў ігрок каманды Вячаслаў Грыгараў. Пад яго кіраўніцтвам «Слуцк» здолеў паправіць сваё становішча, і сезон каманда скончыла на 11-м месцы з 14.
2016
У студзені 2016 года Грыгараў быў зацверджаны ў якасці галоўнага трэнера каманды. Пачатак сезона атрымаўся няўдалым, каманда апынулася ў зоне вылету. У чэрвені клуб развітаўся з вопытнымі ігракамі і лідарамі каманды — Ігарам Варанковым, Яўгенам Лашанковым і Сяргеем Цвяцінскім. У ліпені замест іх прыйшлі новыя ігракі, аднак каманда працягвала знаходзіцца ўнізе табліцы. Пасля паражэння ў верасні ад аўтсайдэра, мікашэвіцкага «Граніта», Грыгараў быў адпраўлены ў адстаўку, але неўзабаве кіраўніцтва клуба вырашыла пакінуць трэнера на пасадзе, а звольніць яго памочніка Андрэя Баса. Фініш каманда здолела правясці паспяхова, заняўшы выніковае 12-е месца з 16.
2017
У студзені 2017 года новым галоўным трэнерам замест Грыгарава быў прызначаны Віталь Паўлаў. Слуцкі клуб паспяхова пачаў сезон, выйшаўшы ў паўфінал Кубка Беларусі, а ў чэмпіянаце ішоў сярод лідараў, скончыўшы першую палову чэмпіянату на чацвёртым месцы. Другая палова сезона атрымалася для «Слуцка» менш удалай, і каманда заняла выніковы сёмы радок.
2018
Сезон 2018 каманда зноў пачала ўпэўнена і хутка апынулася сярод лідараў. Першую палову сезона «Слуцк» скончыў на пятым месцы. Аднак, другая палова сезона атрымалася значна горшай. Слуцкая каманда саступіла ў апошніх дзевяці матчах, але папярэдніх поспехаў хапіла, каб атрымаць выніковы восьмы радок.
2019
Сезон 2019 «Слуцк» пачаў няўдала і апынуўся недалёка ад зоны вылету, аднак добрая гульня ў сярэдзіне сезона дазволіла падняцца ў сярэдзіну табліцы. Пазней шэраг няўдач зноў апусціў каманду, аднак перамога ў апошнім туры дазволіла заняць выніковае 11-е месца.
2020
Слуцкі клуб добра пачаў сезон 2020, пасля сямі тураў аднаасобна ўзначальваў турнірную табліцу, нягледзячы на скарачэнне фінансавання з-за змены кіраўніцтва асноўнага спонсара — Слуцкага цукрарафінаднага камбіната (дырэктар камбіната Мікалай Пруднік, які падтрымліваў клуб, быў арыштаваны пад так званай «цукровай справе»). Аднак пазней пайшлі паражэнні за паражэннямі, і «Слуцк» апусціўся ў ніжнюю палову табліцы, а ў канцы турніру вымушаны быў весці барацьбу за выжыванне. Яшчэ ў чэрвені, пасля першых няўдач, каманду пакінуў галоўны трэнер Віталь Паўлаў, выканаўцам абавязкаў трэнера застаўся яго памочнік Аляксандр Кончыц, а ў кастрычніку «Слуцк» узначаліў Аляксандр Бразевіч. Пад яго кіраўніцтвам каманда заняла выніковае 14-е месца, аднак у стыкавых матчах за месца ў Вышэйшай лізе перайграла «Крумкачы» (2:0, 2:1) і засталася ў элітным дывізіёне.
2021
У пачатку сезона 2021 фан-рух «Слуцка» адмовіўся падтрымліваць клуб, пакуль у краіне працягваюцца палітычныя судовыя справы, збіццё і забойства людей за ўласныя меркаванні[1].
У 2021 годзе «Слуцк» знаходзіўся пераважна ў ніжняй частцы турнірнай табліцы, нярэдка быў блізкі да зоны вылету, аднак паспяховы фініш дазволіў заняць выніковы дзявяты радок.
2022
Слуцкі клуб няблага пачаў сезон, доўгі час знаходзіўся ў сярэдзіне табліцы, аднак летам вынікі пагоршыліся. У жніўні пасаду галоўнага трэнера пакінуў Аляксандр Бразевіч, на чале каманды ў якасці выканаўцы абавязкаў стаў яго памочнік Аляксандр Гурыновіч. Пад яго кіраўніцтвам становішча трохі выправілася, «Слуцк» завяршыў сезон на 11-м месцы.
2023
Перад сезонам 2023 Аляксандр Гурыновіч быў зацверджаны галоўным трэнерам каманды. «Слуцк» на працягу сезона знаходзіўся ў сярэдзіне табліцы і скончыў чэмпіянат на восьмым месцы з 15.