Спаса-Ушэсцеўская царква, ці царква Узнясення Гасподняга — праваслаўны храм у г. Петрыкаве Гомельскай вобласці. Знаходзіцца на вуліцы Камунальнай.
Пабудавана ў 1890 годзе з цэглы.
Помнік архітэктуры неарускага стылю. Вырашана па канону чатырохчасткавага храма: прытвор-званіца, кароткая трапезная, папярочны аб'ём малітоўнай залы, пяцігранная апсіда. У сілуэце пануюць 2 дамінанты: чатырохгранная купальная званіца з макаўкай і магутны васьмігранны светлавы барабан, накрыты самкнутым сферычным купалам з макаўкай. Уваход арганізаваны праз нізкі прамавугольны прытвор пад двухсхільным пакрыццём. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі, атанкаваныя ліштвы якіх графічна вылучаны на чырвонацагляным фоне фасадаў.