Першамайская вуліца — цэнтральная вуліца горада Магілёва, яго галоўная транспартная магістраль.
Фарміраванне вуліцы пачалося ў XVI ст. на тэрыторыі Шклоўскага прадмесця Новага горада на поўнач ад цэнтральнай Гандлёвай плошчы (цяпер плошча Славы). Першапачаткова насіла назву Шклоўская, у часы Расійскай імперыі — Дняпроўскі праспект. У 1918 годзе перайменавана ў Першамайскую вуліцу, таксама ў савецкія часы насіла назву Ульянавай-Крупскай у гонар савецкага грамадскага дзеяча Надзеі Канстанцінаўны Крупскай, жонкі У. Леніна.
Сучаснае аблічча вуліцы пачало фарміравацца ў адпаведнасці з генпланам сацыялістычнай рэканструкцыі горада 1936—1939 гадоў, паводле якога на яе скрыжаванні з праспектам Міру створаны новы грамадскі цэнтр — плошча Леніна з Домам Саветаў, пабудавана гасцініца «Дняпро». У пасляваенныя гады паводле генплана 1947—1950 гадоў пачалася рэканструкцыя вуліцы ад Савецкай плошчы (цяпер плошча Славы) да плошчы Леніна. У пачатку 1950-х гадоў пабудаваны жылы 143-кватэрны дом на пляцы паміж вуліцай Лазарэнкі і кінатэатрам «Чырвоная Зорка», на супрацьлеглым усходнім баку вуліцы — 5-павярховыя жылыя дамы з магазінамі на першых паверхах. Адначасова завершана рэканструкцыя плошчаў Леніна і Савецкай.
Пры рэканструкцыі вул. Першамайскай і прылеглых да яе кварталаў не ўдалося дасягнуць цэласнага ўзаемападпарадкаванага характару забудовы. І справа не ў тым, што новыя і пабудаваныя ў даваенны час збудавання вырашаны ў розным стылістычным характары. Прычына палягае ў тым, што шматпавярховыя жылыя дамы, як і грамадскія будынкі, пабудаваныя па праектах архітэктараў Л. Рымінскага, А. Семяненкі, Д. Саннікава ў 1950—1957 гадах, рэзка адрозніваюцца ад пабудаваных раней не толькі насычанасцю дэкаратыўных сродкаў, але галоўным чынам прынцыпамі аб’ёмна-прасторавай пабудовы[1].
У 1960—1970-я гады пабудаваны Дом палітычнай асветы на Тэатральнай плошчы, будынак Магілёўскага абласнога камітэта КПБ, 6-павярховы 80-кватэрны (з прадпрыемствамі бытавога абслугоўвання і магазінамі на 1-м паверсе) на скрыжаванні з вуліцай Міронава і 111-кватэрны жылыя дамы, універмаг.
У 1970—1980-я гады на ўчастку паміж плошчамі Леніна і Тэатральнай пашырана за кошт зносу з усходняга боку гістарычнай забудовы. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя гэтай часткі забудовы заснавана на кантрасце вышынных будынкаў на заходнім і падоўжных на усходнім баках вуліцы.
У 1981 годзе на ўчастку паміж вул. Мігая і Будзённага пабудаваны 9-12-павярховы жылы дом з прадпрыемствамі бытавога абслугоўвання, у 1984 годзе побач з гасцініцай «Дняпро» ўзведзены 12-павярховы жылы дом.
Працягласць 6350[удакладніць] м ад плошчы Славы да Шклоўскай шашы.
Вялікую ролю ў фарміраванні архітэктурных ансамбляў вуліцы адыгрываюць размешчаныя на ёй плошчы Славы, Тэатральная, Леніна, Прывакзальная, а таксама захаваныя помнікі архітэктуры XVII — пачатку XX стагоддзяў — будынкі былога акруговага суда (цяпер музей), чыгуначнага вакзала, гарадскога тэатра, жаночай гімназіі, дваранскага сходу, мемарыяльная арка. На вуліцы размешчаны таксама завод «Строммашына», Магілёўская аблдрукарня імя Спірыдона Собаля і інш.
На гэтым участку існаваў дом Пасэ, у якім размяшчалася гасцініца «Францыя»[3].