Музей этнаграфіі ў Магілёве — філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Размяшчаецца па адрасе вул. Першамайская № 8.
Адкрыты ў 1981 г. Плошча экспазіцыі 760 м², 4,5 тыс. экспанатаў асноўнага фонду (2000 г.). Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскога побыту магіляўчан канца XIX — пачатку XX стст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, народнае адзенне магілёўскага і краснапольскага строяў, калекцыі самабытных ручнікоў Магілёўшчыны, абразоў, кафлі і драўлянай скульптуры XVII—XIX стст., царкоўнай кнігі, часопісы XIX — пачатку XX стст.
Будынак музея стаіць на падмурках Магілёўскага езуіцкага калегіума. Унутраная сцяна, якая выходзіць у двор музея, з'яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII ст., колішняй часткай калегіума[1].