Ніжні замак, спачатку Стралецкі горад або Стралецкая слабада — колішняе фартыфікацыйнае збудаванне, гістарычная мясцовасць у Полацку.
Апісанне
Уяўляў сабою земляны вал (цяпер вядомы як «вал Івана Грознага») даўжынёй 600 м, вышынёй 10 м, шырынёй асновы да 30 м, з рубленай сцяной на грэбені. Плошча — каля 6 га.
Гісторыя
Умацаванне пабудавана загадам вялікага князя маскоўскага Івана IV пасля ўзяцця Полацка яго войскамі ў 1563 годзе ў ходзе Лівонскай вайны. Насыпалі вал цягам двух гадоў пад кіраўніцтвам баярына князя Пятра Шуйскага і ваявод Зайцава і Шчокіна. На планах XVI ст. фартыфікацыя мела 8 веж, у цэнтры стаяла вежа тыпу данжон. У XVII ст. вежы і рубленыя сцены замянілі простым тынам.
Умацаванне не мела вялікага абарончага значэння, бо пабудавана без уліку актыўнага развіцця ваеннай тэхнікі ў XVI—XVII ст. і толькі для жыцця стральцоў маскоўскага гарнізона пад камандаваннем князёў Шуйскага і братоў Сярэбраных, таму ўмацаванне называлася таксама Стралецкай слабадой.
Цалкам абарончую функцыю Ніжні замак страціў у пачатку XVIII ст. і стаў месцам жыхарства маргінальных пластоў насельніцтва Полацка[1].
Сучаснасць
Драўляныя канструкцыі замка не захаваліся. Вал замка захаваўся часткова — на працягу 400 м, у цэнтры праезд пазнейшага перыяду. Сваёй формай, зялёнымі насаджэннямі досыць арганічна ўпісваецца ў ландшафт горада. У 1960-я гады ўнутраныя схілы вала прыстасаваны пад трыбуны стадыёна «Спартак», які размяшчаўся на тэрыторыі самога замка.