Ніжне-Пакроўская вуліца — вуліца цэнтральнай часткі Полацка, уздоўж правага берага Заходняй Дзвіны ад Сафійскага сабора да вуліцы Пушкіна. Адна са старажытных вуліц горада[1].
Вядома як Вялікая з полацкай рэвізіі 1552 года[2] на Вялікім пасадзе. Тым часам забудавана сядзібамі заможных мяшчан і шляхты, пра што сведчаць археалагічныя матэрыялы[2].
У XVIІ ст. на вуліцы Вялікай будуюць першыя камяніцы. На Вялікай паміж Багаяўленскай царквой і парканам жылі пераважна яўрэі. У 2-й палове XVII ст. вуліца працягваецца за паркана, дзе перад тым былі агароды.[2]
У 1733 годзе згадваецца як Вялікая маставая.[2]
Падчас наведвання Полацка ў 1780 годзе імператрыца Кацярына ІІ жыла ў падрыхтаваным для яе драўляным палацы над Дзвіной на вуліцы Вялікай, дзе раней жыў полацкі губернатар Іван Міхайлавіч Рэбіндэр.
Па трасе сучаснай вуліцы Ніжне-Пакроўскай (на ўсход ад колішняга паркана Вялікага пасада) быў курганны могільнік, ён згадваецца Лебедзеўскім летапісам, маскоўскім апісаннем Полацкага павета 1563 года, планам Пахалавіцкага, магістрацкімі кнігамі XVII—XVIII ст. У XVIІ—XVIII ст. частку могільніка забудавалі.[2]
Сучасная канфігурацыю вуліцы сфарміравалі ў канцы XVIII ст. адпаведна рэгулярнай планіроўцы[1]. Ад сярэдзіны XIX да пачатку XX ст. называлася Ніжне-Пакроўскай, затым — Леніна. У 2008 годзе Полацкі гарвыканкам прыняў рашэнне вярнуць назву часоў Расійскай імперыі.[3]
Захаваліся культавыя, грамадскія і жылыя будынкі, якія складаюць адзіны комплекс адна-, двухпавярховых мураваных пабудоў з своеасаблівай мясцовай трактоўкай форм барока і класіцызму[1].