Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (да 1992 года — Цэнтральны гістарычны архіў БССР) — дзяржаўнае сховішча дакументаў Беларусі XIV—XX стагоддзяў, заснаванае ў 1938 годзе на аснове Магілёўскага гістарычнага архіва і перавезенае ў 1963 годзе ў Мінск.
Ад заснавання ў архіве змясцілі дакументы агульнабеларускага значэння з былых архіваў судоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і беларускіх зямель Расійскай імперыі, як і з былых архіваў магістратаў і ратуш беларускіх гарадоў, прыватных асоб, Віленскага архіва старадаўніх актаў і Віцебскага архіва старажытных актаў.
Датай заснавання архіва лічыцца 5 ліпеня 1938 года, але яго гісторыя пачалася ў 1919 годзе як гісторыя архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро. У 1924 годзе архівасховішча было рэарганізавана ў Акруговы архіў. У 1927 годзе быў створаны Магілёўскі гістарычны архіў[1], пераўтвораны ў 1930 годзе ў аддзяленне Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР, пры якім заснаваны гістарычны архіў[2].
5 ліпеня 1938 года адпаведна пастанове Прэзідыума ЦВК БССР Магілёўскі гістарычны архіў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў[3], з 1943 года — у Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР (ЦДГА БССР)[4]. З верасня 1938 года архіў быў перададзены ў распараджэнне НКУС БССР, што прывяло да негатыўных наступстваў — неабгрунтаванага абмежавання доступу да дакументаў[5].
На пачатак 1941 года архіў змяшчаў 1560 фондаў агулам звыш 382 тыс. спраў. Падчас Другой сусветнай вайны большасць дакументаў разрабавалі і вывезлі ў Германію і Рыгу (Латвія). Вярнуць удалося 38 054 справы (10 %) з 700 фондаў. У 1947 годзе архіву перадалі дарэвалюцыйныя дакументы з дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей. З пераводам у Мінск (вул. Казлова, д. 26), паводле Пастановы Савета міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года, да архіва дадалі дарэвалюцыйныя дакументы з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і старадаўнія акты з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Гродне. У 1992—1995 гадах знаходзіўся ў складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе атрымаў сучасную назву і адрас.
Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў архіва выйшаў 13 жніўня на акцыю пратэсту на праспект Машэрава[6].
У 8 сакавіка 2022 года ў рамках палітычных чыстак звольнены дырэктар Дзмітрый Яцэвіч, у той жа дзень звольніўся намеснік дырэктара па навуцы Дзяніс Лісейчыкаў[7][8].
У маі 2022 года дырэктарам архіва прызначаны генерал-маёр Алег Воінаў, пры ім адбыўся шэраг палітычных звальненняў[9]. 14 жніўня 2023 года дырэктарам прызначаны былы супрацоўнік КДБ Міхаіл Глушакоў[10], 16 жніўня адбыліся масавыя затрыманні супрацоўнікаў архіва (прынамсі 7 чалавек)[11], некаторыя былі асуджаны на адміністрацыйныя арышты. 23 жніўня з архіва былі звольнены прынамсі 8 чалавек з тых асоб, каго дагэтуль затрымлівалі[12].
Архіў змяшчае пергаментныя прывілеі XIV—XVII стагоддзяў вялікіх князёў літоўскіх на землі і маёнткі, а гарадам — на магдэбургскае права, як і актавыя кнігі судоў XV—XVIII стагоддзяў. Разам налічвае каля 6 тыс. актавых кніг на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах з каралеўскімі прывілеямі, граматамі, фундушовымі запісамі, тэстаментамі (завяшчаннямі), інтрамісіямі, дэкрэтамі і інвентарамі. Таксама змяшчае метрычныя кнігі цэркваў, касцёлаў і сінагог за XIX—XX стагоддзі[13].