Нацыяна́льная кінапрэ́мія Белару́сі — першая беларуская прэмія ў галіне кінематографа.[1] Конкурс праводзіцца ў мэтах захавання і развіцця лепшых традыцый і дасягненняў беларускага кінамастацтва, іх папулярызацыі ў Беларусі і за яе межамі; стымулявання вытворчасці фільмаў і фарміравання нацыянальнага кінарынку; выяўлення і падтрымкі таленавітых творчых работнікаў у галіне кінематаграфіі, павышэння іх прафесійнага майстэрства.
Упершыню конкурс быў аб’яўлены 2 красавіка 2018 года ў Мінску Міністэрствам культуры. Узнагароджанне пераможцаў конкурсу адбываецца ў снежні ў ходзе святкавання Дня беларускага кіно. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз кінематаграфістаў», «Беларуская гільдыя акцёраў кіно».
Заяўкі на арганізацыю і правядзенне Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі прымаліся Міністэрствам культуры да 17 ліпеня 2018 года. Удзельнікі конкурсу павінны мець вопыт работы па арганізацыі і правядзенні кінематаграфічных мерапрыемстваў, кваліфікаваны персанал.[2] 24 ліпеня Мінкультуры аб’явіла паўторна адкрыты конкурс на закупку паслугі «Арганізацыя і правядзенне рэспубліканскага конкурсу „Нацыянальная кінапрэмія Беларусі“» у 2018 годзе. Для пацвярджэння адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням удзельнік павінен прадставіць дакументы, якія засведчваюць права ажыццяўляць адпаведны від дзейнасці па аказанні паслуг, інфармацыю, што пацвярджае наяўнасць вопыту работы і кваліфікаванага персаналу.[3][4]
Да ўдзелу дапускаюцца фільмы, прадзюсарамі якіх з’яўляюцца рэзідэнты Рэспублікі Беларусь, вытворчасці двух апошніх гадоў да 1 кастрычніка года, у якім прысуджаецца прэмія, а таксама іх аўтары, іншыя ўдзельнікі здымачных груп і выканаўцаў роляў у такіх фільмах. Заяўкі падаюцца з 1 кастрычніка па 1 лістапада 2018 года праваўладальнікамі фільмаў або іх прадстаўнікамі ў электронным выглядзе і на матэрыяльным носьбіце ў адрас Міністэрства культуры. Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым, адборачным этапе, з 1 па 15 лістапада па выніках разгляду заявак фарміруецца спіс удзельнікаў конкурсу, з якога журы выдзеліць намінантаў для ўдзелу ў другім этапе конкурсу. Другі этап пройдзе з 15 лістапада па 10 снежня, у гэты час падводзяцца вынікі конкурсу і вызначаюцца пераможцы. Журы складаецца з вядомых і аўтарытэтных работнікаў кінематаграфіі, выкладчыкаў ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, кіназнаўцаў, кінакрытыкаў. Пераможцы конкурсу ў кожнай намінацыі атрымліваюць статуэтку, дыплом пераможцы і грашовую прэмію.[5] Да ўдзелу ў намінацыях «За выдатны ўклад у беларускі кінематограф» і «За выдатны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф» дапускаюцца грамадзяне Беларусі, якія ўнеслі значны ўклад суадносна ў беларускі і ў замежны кінематограф.[6]
17 снежня 2018 года ў Доме кіно адбылася першая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання статуэткамі ў выглядзе кінастужкі, пераходзячай у папараць.[7] У шорт-лісце было некалькі дзесяткаў беларускіх стужак, іх удзельнікаў і стваральнікаў. Конкурс праводзіўся ў два туры. Старшынёй журы стала загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Людміла Саянкова-Мельніцкая.[8] Да 10 снежня сярод стужак журы вызначыла спіс фіналістаў. У дзень узнагароджвання з пяці намінантаў выбралі па адным лаўрэату ў 18 намінацыях (узнагароды за ўклад у айчынны і замежны кінематограф адбыліся без намінантаў). На званне «Найлепшага фільма ў ігравой форме» сярод іншых прэтэндавалі карціны «Сляды на вадзе» Аляксандра Анісімава, «Тум-пабі-дум» Вячаслава Нікіфарава і «Не гульня». Сярод намінаваных серыялаў на статуэтку прэтэндавалі «Снайпер. Афіцэр СМЕРШ», «Мухтар. Новы след», «Вокны дома твайго». Віктар Васільеў — у намінацыі «Найлепшая галоўная мужчынская роля» за ігру ў серыяле «Мухтар. Новы след». На думку журы, найвялікшы ўнёсак у беларускі кінематограф зрабіў адзін з наступных фігурантаў: класікі Валерый Рыбараў і Міхаіл Пташук, дакументалісты Галіна Адамовіч і Віктар Аслюк, акцёр і рэжысёр Уладзімір Паначэўны, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў. Класік Віктар Тураў, гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі, акцёр Уладзімір Гасцюхін, аніматары Міхаіл Тумеля і Алена Пяткевіч, Вячаслаў Нікіфараў былі у спісе магчымых атрымальнікаў кінапрэміі за ўклад у замежны кінематограф. Уладальнікі ўзнагарод за найлепшы мантаж фільма, лепшае мастацкае рашэнне па касцюмах і лепшую аператарскую працу ў каманды фільма «Сляды на вадзе». Таксама адзначана кароткаметражная навела Ігара Васільева «Фота на памяць», знятая для альманаха «Вайна. Застацца чалавекам». З 18 па 26 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва адбудуцца паказы фільмаў-удзельнікаў і лаўрэатаў кінапрэміі, у тым ліку «Пацалунак восені» рэжысёра Андрэя Голубева, майстар-класы і творчыя сустрэчы.[9]
На думку журналістаў, паміж арганізатарамі і намінантамі кінапрэміі назіраецца недапушчальная колькасць супадзенняў, увага замест нацыянальнага кіно сканцэнтравана на «Беларусьфільме», прысутнічае паняцце «канфлікт інтарэсаў», а спіс намінантаў можна абазначыць як прадказальныя прыярытэты.[10] Існуе меркаванне, што «Беларусьфільм», Беларускі саюз кінематаграфістаў і Беларуская гільдыя акцёраў кіно не могуць удзельнічаць у арганізацыі прэміі, калі іх прадукт і члены фігуруюць у ліку намінантаў. Спіс намінантаў не стварае поўнага вобраза сучаснага беларускага кіно з-за таго, што некаторыя незалежныя аўтары не ведалі пра новую магчымасць і прапусцілі тэрміны падачы заяўкі (прыклад — рэжысёрка фільма «Хрусталь» Дар’я Жук), некаторыя фільммэйкеры праігнаравалі новую прэмію. Тым не менш, адным з лідараў па намінацыях з’яўляецца псіхалагічны трылер «Унутры сябе» — незалежны праект рэжысёра Сяргея Талыбава.
{{cite news}}
|date=